«Чаму беларусы нас не абаранілі?» Шукеловіч расказаў малавядомую гісторыю сям’і Багушэвіча
Вядоўца «Белсату» Віктар Шукеловіч расказаў у праграме «Канапа» на «Радыё Свабода» пра сваю сустрэчу з Крыстынай Шманьдай — праўнучкай класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. У сямігадовым узросце яе разам з маці і трохгадовым братам савецкая ўлада выслала ў Сібір.

Адным з самых моцных успамінаў, якія яна пранесла праз жыцьцё, была крыўда: чаму беларусы іх не абаранілі?
Сам Шукеловіч вырас на Ашмяншчыне, непадалёк ад мясьцінаў, зьвязаных з Багушэвічам. Ён расказвае, што яшчэ ў дзяцінстве чуў пра паэта ня як пра хрэстаматыйнага клясыка, а як пра жывога чалавека.
«Мяне гадавалі дзьве сястры, нашыя жупранкі, старэйшыя жанчыны. Муж адной зь іх быў суседам Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Яны ведалі шмат показак пра самога Багушэвіча, шмат мне пра яго расказвалі. Яны расказвалі і пра паўстаньне, іхныя дзяды ці прадзеды памяталі пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Як людзі хаваліся ў лясах, як гэта ўсё жыло. Як, здаецца, Багушэвіч, хаця кажуць, што гэта быў ягоны брат, у Жупранах падчас паўстаньня Каліноўскага прамаўляў на рынкавым пляцы, агітаваў людзей падтрымаць паўстаньне, супрацьпаставіцца Расейскай імпэрыі».
Ужо жывучы ў Варшаве, Шукеловіч адшукаў праз Фэйсбук нашчадкаў Багушэвіча і сустрэўся з Крыстынай Шманьдай. Яна нарадзілася ў 1932 годзе пад Смаргонямі. Яе маці Станіслава Тамашэўская была дачкой Тамаша Багушэвіча — сына Францішка Багушэвіча.
«У яе была крыўда на беларусаў»
У 1940 годзе сям’ю вывезьлі ў Сібір. Крыстыне было сем гадоў, яе брату — тры. Шукеловіч кажа, што дзіцячая траўма засталася зь ёю на ўсё жыцьцё.
«Яна вельмі цікавая асоба, шляхцянка, шмат гадоў настаўніца. Але я адчуў у яе такую траўму, крыўду праз тое, што яна ў сямігадовым узросьце разам з маці і братам — брату было тры гады — была высланая на пасяленьне ў Сібір, дзе яны пражылі вельмі цяжкія часы. У яе была крыўда на беларусаў, што яны дапусьцілі гэта, што яны не баранілі. У яе было такое ўяўленьне як у дзіцяці, што гэта беларусы зрабілі, што прыйшлі, арыштавалі ейную маці й іх — тыя людзі, зь якімі яны жылі побач. Чаму яны не паглядзелі, што гэта дзеці? Чаму яны гэтага не пабачылі? Дзе была эмпатыя гэтых людзей? Я не бяруся нікога судзіць, я толькі апісваю, як гэта было».
Паводле Шукеловіча, найбольш выразныя ўспаміны Крыстыны пра Сібір былі не пра палітыку і рэпрэсіі, а пра голад. Сям’я жыла ў зробленай зь дзёрну зямлянцы. Дзяўчынка шукала на лузе дзікую моркву, ела напаўгнілую кіслую капусту і на ўсё жыцьцё запомніла цукерку, якой яе пачаставаў іншы ссыльны.
Пісала лісты беларускім пісьменьнікам
Асобна Шукеловіч згадвае гісторыю маці Крыстыны. Паводле ягонага пераказу, тая пісала зь Сібіру беларускім пісьменьнікам і прасіла дапамагчы хаця б дзецям. Адказу не атрымала. Але сама сям’я тады ня ведала, што адбывалася ў гэты час зь беларускай інтэлігенцыяй.
«Маці пісала лісты да беларускіх пісьменьнікаў, каб яны заступіліся, каб яны прынамсі дзяцей вызвалілі адтуль, з гэтай галадоўкі. І ніхто нічога не адказаў. Але, напэўна, тыя самыя беларусы не маглі да іх дайсьці, ні на што не ўплывалі. Палова беларускіх пісьменьнікаў сама была ў Сібіру — ці расстраляная, ці ляжыць у Курапатах. Але яна гэтага ня ведала, у яе не было магчымасьці даведацца, ніхто ёй пра гэта не сказаў».
Пазьней маці Крыстыны арыштавалі, і нейкі час дзеці заставаліся безь яе ў дзіцячым доме. У 1942 годзе сям’і ўдалося пакінуць СССР падчас фармаваньня арміі Андэрса. Іхны шлях прайшоў праз Пэрсію — цяперашні Іран, а затым Індыю. У Польшчу сям’я вярнулася ў 1947 годзе.
Шукеловіч кажа, што гэтая сямейная гісторыя прымусіла яго задумацца ня толькі пра мінулае. Ён параўноўвае лёс сям’і Багушэвіча з сытуацыяй сучасных беларусаў, частка якіх ня можа вярнуцца на радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу.
«Гэта паказвае, як Польшча тады бараніла сваіх землякоў, сваіх грамадзянаў. Я параўноўваю міжволі з цяперашняй Беларусьсю і з тым, як Беларусь ставіцца да ўласных грамадзянаў. Пашпарт мы працягнуць ня можам, у Беларусь вярнуцца ня можам, нас яшчэ гэтая краіна схопіць і ня тое што абароніць, а яшчэ і пакарае».
Крыстына Шманьда пасьля вайны жыла ў Польшчы, скончыла хімічны факультэт і працавала настаўніцай хіміі ў Варшаве. Яна памерла ў 2023 годзе.
-
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
-
«Нават калі на чэрапе будзе напісана «Вітаўт», мы не паверым». У Вільні пачынаюць свідраваць сцяну катэдры ў пошуках магілы вялікага князя
-
Калісьці тут жылі мільёны. Лазерныя тэхналогіі раскрываюць маштаб загінулай цывілізацыі Амазоніі
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
[Зрэдагавана]