Калісьці тут жылі мільёны. Лазерныя тэхналогіі раскрываюць маштаб загінулай цывілізацыі Амазоніі
Пад покрывам амазонскіх трапічных лясоў, удалечыні ад буйных рэк, у Бразіліі знайшлі сотні геогліфаў — велізарных высечаных у зямлі ўзораў. Ім тысячы гадоў. Гэта сляды старажытнай цывілізацыі, насельніцтва якой налічвала, магчыма, каля трох мільёнаў чалавек, піша Бі-бі-сі.

«Гэтыя людзі стваралі манументальную геаметрыю ў Амазоніі ў той жа час, калі ў Грэцыі Піфагор фармуляваў сваю тэарэму», — кажа палеантолаг Алсеу Ранцы, прэзідэнт Інстытута геогліфаў Амазоніі і адзін з членаў даследчай групы.
Сканаванне мінулага
Даследаванне, нядаўна апублікаванае ў часопісе Nature, было праведзена групай навукоўцаў з універсітэтаў і інстытутаў Іспаніі, Фінляндыі, Бразіліі і Даніі.
Яны сканавалі густое лясное покрыва з дапамогай тэхналогіі LiDAR (Light Detection and Ranging), якая выкарыстоўвае лазерныя імпульсы для вымярэння адлегласцяў і стварэння складаных трохмерных карт. Гэта дазваляе аналізаваць вялікія тэрыторыі без высякання расліннасці або фізічнага наведвання кожнага ўчастка.

«Гэта было першае па-сапраўднаму маштабнае даследаванне з прымяненнем тэхналогіі LiDAR у Амазоніі», — кажа археолаг, антраполаг і суаўтар працы Мартці Пярсінен з Хельсінкскага ўніверсітэта.
Каманда вывучыла тэрыторыю плошчай 4400 кв. км і знайшла 432 геогліфы — пераважная большасць з іх раней не была зафіксаваная. Яны былі створаныя ў перыяд з 600 года да н. э. па 850 год н. э.
Цывілізацыя Акіры, якой належаць гэтыя геогліфы, займала, паводле здагадак навукоўцаў, плошчу каля 183 000 квадратных кіламетраў — гэта прыкладна плошча сучасных Камбоджы або Сірыі. У перыяд росквіту (100—300 гады н. э.) колькасць насельніцтва магла дасягаць трох мільёнаў чалавек.
Паводле слоў Алсеу Ранцы, даследчыкі знайшлі равы шырынёй да 15 м і глыбінёй да 5 м. Настолькі грандыёзныя збудаванні сведчаць пра тое, што іх стваралі буйныя супольнасці, якія дзейнічалі сумесна.
«У гэтым рэгіёне няма каменю. Верагодна, для перамяшчэння грунту яны выкарыстоўвалі драўляныя прылады і кашы», — прапануе версію ён.
Аднак праз вільготны клімат Амазоніі арганічныя матэрыялы хутка раскладаюцца, таму зрабіць адназначныя высновы даволі складана.
Даследчыкі мяркуюць, што для ўзвядзення такіх аб'ектаў патрабаваліся не толькі велізарныя працоўныя выдаткі і падзел працы, але і глыбокія веды ў галіне матэматыкі і геаметрыі.
Для чаго іх маглі ствараць?
Калісьці лічылася, што геогліфы служылі крэпасцямі або абарончымі збудаваннямі, якія абаранялі насельніцтва ад уварванняў.

Аднак сёння эксперты мяркуюць, што гэтыя збудаванні, хутчэй за ўсё, выконвалі цырыманіяльныя і палітычныя функцыі — і служылі месцам збору, а не пастаяннага знаходжання людзей.
«Калі гэта пацвердзіцца… значыць, гэтыя людзі жылі ў міры. Той факт, што яны патрацілі столькі сіл і працы на стварэнне [геогліфаў], гаворыць пра тое, што ў іх не было сур'ёзных ворагаў, пра якіх варта было б турбавацца»,— кажа Ранцы.
Паводле слоў Пярсінена, для культуры Акіры была характэрная глыбокая павага да прыроды.
«Яны ніколі не ператваралі трапічны лес у савану, — кажа ён. — Расчыстка лесу і высяканне дрэў праводзіліся толькі ў тых маштабах, якія былі неабходныя для падтрымання іх спосабу жыцця — вырошчвання кукурузы, гарбузоў і маніёку — і не больш за тое».
Вынікі раскопак сведчаць пра тое, што за збудаваннямі пільна даглядалі.
«Гаворка ішла не проста пра будаўніцтва, а пра захаванне гэтых аб'ектаў на працягу стагоддзяў, што, безумоўна, патрабавала наяўнасці шырокіх назапашаных ведаў», — адзначае яшчэ адзін суаўтар даследавання, археолаг і антраполаг з Федэральнага ўніверсітэта Пара (Бразілія) Руан Карлас Лопес.

Па словах Ранцы, геогліфы не былі ізаляванымі і схаванымі ў лесе, яны былі звязаныя паміж сабой.
«Мы нанеслі на карту 350 кіламетраў дарог, якія злучаюць геогліфы, — тлумачыць ён. — Гэтыя шляхі вялі да іх, прычым па меры набліжэння да збудаванняў дарогі рабіліся шырэйшымі».
Канец цывілізацыі Акіры
Стварэнне геогліфаў, відаць, спынілася прыблізна ў 850 годзе н. э. Прычына гэтага застаецца няяснай.
Ранцы праводзіць паралель з цывілізацыяй мая: буйныя цэнтры гэтай культуры на тэрыторыі Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі былі закінутыя прыблізна ў той жа самы час.
«Мая перасталі будаваць палацы і карыстацца імі. Піраміды Юкатана аказаліся паглынутыя лесам, — адзначае ён. — Нешта падобнае адбылося і ў Амазоніі. Магчыма, IX стагоддзе стала перыядам маштабнага прыроднага крызісу».
Новыя даследаванні, у тым ліку гэта, ставяць пад сумнеў замацаванае ўяўленне пра тое, што дажджавыя лясы Амазоніі былі «дзікай прыродай», якая ніколі не ведала прысутнасці чалавека.

За апошнія дзесяцігоддзі міждысцыплінарныя даследаванні паказалі, што задоўга да прыбыцця еўрапейцаў тут жылі мільёны людзей, якія пакінулі прыкметны след і змянілі ландшафт найбуйнейшага ў свеце трапічнага лесу.
«Тое, што мы бачым у Амазоніі, — гэта не вялізны натуральны лес, а хутчэй велізарны гістарычны сад, сфармаваны чалавечай дзейнасцю», — сцвярджае Лопес.
Ацэнкі колькасці насельніцтва рэгіёна ў дакаланіяльную эпоху пастаянна пераглядаюцца ў бок павелічэння. Калі раннія даследаванні меркавалі, што ва ўсёй Амазоніі жылі 1—2,5 мільёна чалавек, то пазнейшыя ацэнкі павышаюць гэтую лічбу да 5—10 мільёнаў.
Цяпер, з улікам таго, што на адносна невялікай тэрыторыі магло жыць да трох мільёнаў чалавек, магчыма, гэтыя паказчыкі прыйдзецца перагледзець яшчэ раз.
Акрамя таго, раней меркавалі, што жыхары рэгіёна сяліліся ў асноўным уздоўж вялікіх рэк, дзе прасцей здабываць ежу.
Аднак геогліфы знаходзяць у асноўным на ўзвышшах, размешчаных паміж рэкамі. Новае даследаванне сведчыць пра тое, што і ў гэтых раёнах жыла вялікая колькасць людзей, яны вырошчвалі сельскагаспадарчыя культуры і змянялі лясны ландшафт.
«Гэтыя людзі не абмяжоўваліся берагамі буйных рэк, багатых рыбай і зручных для перасоўвання на каноэ, — кажа Ранцы. — Яны выдатна разумелі ландшафт, сяліліся ўдалечыні ад рэк і перасоўваліся па сушы, карыстаючыся сеткай дарог. І гэта цалкам змяняе наша ўяўленне пра тое, як была заселеная Амазонія».
Навукоўцы аднавілі твар чалавека, які жыў 315 тысяч гадоў таму
Ледзяныя муміі і перавал вікінгаў. Як з-пад лёду з'яўляюцца таямніцы, якія змяняюць уяўленні пра свет
Каля берагоў Турцыі знайшлі найстаражытнейшае ў свеце затанулае судна
Калі насамрэч людзі адкрылі Амерыку? Адказ знайшлі ў старажытнай ДНК
Сучасныя метады судовай экспертызы паказалі: першыя цары Егіпта маглі адпраўляцца ў замагільны свет не адны
Каментары
Тады як выясняецца кожным разам, што жылі яны ў перманентнай вайне з усімі навокал, сістэмным рабствам, на якім трымалася эканоміка, з чалавечымі ахвяраваннямі і канібалізмам. І ўсе сучасныя неалітычныя плямёны такія самыя, пакуль цывілізаваныя людзі іх не пазнаёмяць з відэа, інтэрнэтам і парнаграфіяй. Тады раптам узровень гвалту падае ў разы.