Сучасныя метады судовай экспертызы паказалі: першыя цары Егіпта маглі адпраўляцца ў замагільны свет не адны
Доўгі час гісторыкі спрачаліся, ці сапраўды першых егіпецкіх цароў адпраўлялі ў замагільны свет разам з іх атачэннем. Новае даследаванне з ужываннем метадаў судовай медыцыны даказала, што слугі і чыноўнікі часоў I дынастыі сапраўды прымалі гвалтоўную смерць.

У 1920‑я гады вядомы брытанскі егіптолаг Фліндэрс Пітры праводзіў раскопкі ў старажытным Абідасе вакол магільных комплексаў першых кіраўнікоў Егіпта, якія валадарылі прыблізна ў 3078—2900 гадах да нашай эры. Побач з царскімі грабніцамі ён выявіў сотні спадарожных пахаванняў. Паколькі ўсе яны былі зачыненыя адначасова і ў відавочнай спешцы, археолаг выказаў здагадку, што гэтых людзей прынеслі ў ахвяру адразу пасля смерці манарха.
Аднак у той час Пітры не меў інструментаў, каб высветліць дакладную прычыну іх гібелі. Адсутнасць доказаў гвалтоўнай смерці на доўгія дзесяцігоддзі пакінула версію пра рытуальныя забойствы на ўзроўні недаказанай гіпотэзы.
Сляды гвалту на старажытных чарапах
Як піша Science Alert, кропку ў гэтай спрэчцы паставіла амерыканская даследчыца Розэлін Кэмпбэл (Roselyn Campbell) з Універсітэта імя Джона Перд’ю. Яна паўторна даследавала калекцыю з 46 чарапоў, якія Пітры вывез у Англію, выкарыстаўшы сучасныя судова-медыцынскія метады аналізу. Вынікі паказалі, што на 18 з іх прысутнічаюць выразныя сляды смяротных прыжыццёвых траўмаў.
У большасці выпадкаў экспертыза зафіксавала лінейныя пераломы чэрапа, характэрныя для ўдараў плоскімі і шырокімі прадметамі. На некаторых парэштках таксама выявілі сляды пранікальных раненняў вострай зброяй у бакавую частку галавы і траўмы ад моцнага сякучага ўдару ў вобласці вока.
Кэмпбэл не выключае, што частка пахаваных памерла натуральнай смерцю. Аднак характар пашкоджанняў сведчыць аб тым, што многія людзі загінулі ад наўмысных і магутных удараў непасрэдна перад пахаваннем.
Слугі і чыноўнікі на службе ў вечнасці
Аналіз пахаванняў паказвае, што ахвярамі станавіліся не выпадковыя людзі, а прадстаўнікі двара рознага статусу: ад рамеснікаў да чыноўнікаў ніжэйшага і сярэдняга рангу, чые імёны і тытулы былі пазначаныя на магілах. Іх хавалі ў простых камерах, кладучы побач керамічныя сасуды, медныя прылады або невялікія фігуркі са слановай косці.
Гісторыкі мяркуюць, што гэты звычай грунтаваўся на веры ў абавязковую службу свайму манарху і ў іншым свеце. Пры гэтым адны прыдворныя маглі ісці на смерць добраахвотна дзеля гонару і вечнага жыцця побач з царом, а іншых маглі прымушаць.
Сама Розэлін Кэмпбэл адзначае, што пры наяўнасці неабходных рэсурсаў хацела б адшукаць і вывучыць астатнія парэшткі гэтых людзей, бо Пітры захаваў і вывез у Англію толькі іх чарапы. Тым не менш, яе праца яскрава паказвае, як шмат новага пра мінулае можна даведацца, калі перагледзець раней сабраныя археалагічныя даныя з дапамогай сучасных навуковых метадаў, нават калі гэтыя матэрыялы застаюцца няпоўнымі і недасканалымі.
За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці
Хто быў архітэктарам Вялікай піраміды ў Гізе?
Як выглядаў Ісус? Крыміналісты паспрабавалі даць адказ
Славяне ці хрысціянізаваныя балты? Генетыка дазволіла вырашыць спрэчку пра тое, хто пахаваны на старажытным некропалі ў Вільні
Каментары