McDonald’s вінавацяць у тым, што ён з дапамогаю ШІ трымае высокія цэны для тысяч рэстаранаў
«Каб выціскаць з пакупнікоў кожную капейчыну аж да апошняй бульбіны фры».

Супраць McDonald’s у ЗША падалі калектыўны пазоў. Кампанію абвінавачваюць у тым, што яна з дапамогай алгарытмаў незаконна каардынавала цэны амаль у 14 тысячах рэстаранаў.
Пазоў падалі ў федэральны суд Чыкага. Як піша Reuters, пазоўнік сцвярджае, што McDonald’s і незалежныя ўладальнікі рэстаранаў выкарыстоўвалі адзіную сістэму цэнавых рэкамендацый ад ШІ, навучаную на закрытых звестках аб мільёнах штодзённых пакупак.
На думку аўтараў пазову, гэта магло парушаць антыманапольнае заканадаўства ЗША, паколькі незалежныя прадпрыемствы павінны самастойна вызначаць цэны.
McDonald’s назваў абвінавачанні спекуляцыйнымі і неабгрунтаванымі.
«Штучны інтэлект не вызначае цану Біг Мака або любой іншай пазіцыі ў меню», — заявіла кампанія. Там сцвярджаюць, што канчатковае рашэнне прымаюць самі ўладальнікі рэстаранаў, а аналітычныя інструменты толькі даюць ім рэкамендацыі.
Адвакат пазоўніка Ларк Тэрнер лічыць, што McDonald’s выкарыстоўвае вялізны масіў звестак і сваю франчайзінгавую сістэму, каб «выціскаць з пакупнікоў кожную капейку аж да апошняй бульбіны фры».
Каментары