Грамадства2525

«Або на 15 гадоў, або трэба будзе дапамагчы краіне». Былы палітвязень заяўляе, што яго завербаваў КДБ і адправіў у Польшчу выконваць заданні

Былы зняволены Вадзім Пашкоўскі ў Польшчы зрабіў публічную заяву, каб спыніць супрацоўніцтва з беларускай спецслужбай.

Вадзім Пашкоўскі

23‑гадовага жыхара Жлобіна Вадзіма Пашкоўскага судзілі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у пратэснай акцыі ў Жлобіне пасля сфальсіфікаваных уладай выбараў 9 жніўня 2020 года. Спачатку яго накіравалі адбываць пакаранне ва ўстанову адкрытага тыпу № 24 у Гродне, але пазней яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання і перавялі ў калонію № 17 у Шклове. Ён расказаў сваю гісторыю, піша «Гомельская вясна». 

Зняволенне і вызваленне

«Мяне пакаралі за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне. Але тады мяне не злавілі. Крымінальную справу супраць мяне завялі толькі праз чатыры гады. Яны вызначылі маю асобу па відэа, якое тады здымалі міліцыянты. На «хіміі» на мяне без дай прычыны пачалі ціснуць, прыпісваць парушэнні і ў выніку перавялі ў калонію ў Шклоў.

Даведка аб вызваленні Вадзіма Пашкоўскага з калоніі № 17

Пасля вызвалення ў снежні 2025 года мне ўдалося ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Па адукацыі я інжынер-распрацоўшчык тэхналагічных працэсаў. Праз маю «экстрэмісцкую» судзімасць на дзяржаўныя заводы мяне не бралі. Таму я ўладкаваўся на прыватнае прадпрыемства міжнароднага канцэрна Kronospan у Магілёве.

Людзі ў цывільным

З цягам часу ў мяне склаліся напружаныя адносіны з дырэктарам прадпрыемства, і я вырашыў звольніцца. Аднак кіраўніцтва не хацела мяне адпускаць. І вось аднойчы кіраўніцтва завода нібыта пагадзілася падпісаць маю заяву на звальненне. Я прыехаў на завод, а аказалася, што там мяне чакалі двое мужчын у цывільным адзенні. Пазней я даведаўся, што начальнік службы бяспекі гэтага прадпрыемства — былы супрацоўнік нейкай сілавой структуры.

Тыя людзі не паказалі мне ніякіх дакументаў, сказалі, што нам трэба паехаць паразмаўляць. Мяне пасадзілі ў машыну і завезлі ў будынак упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці. Тады я зразумеў, што гэта за людзі. Я пытаўся ў іх, што здарылася, што я нарабіў, але яны не адказвалі.

Ужо ў кабінеце ў КДБ яны пыталіся ў мяне, за што я сядзеў, ці атрымліваў я нейкую дапамогу ад праваабарончых арганізацый, ці атрымліваў прадуктовыя перадачы. Потым мяне павезлі ў іншы будынак, і там я праходзіў паліграф. Там ужо пыталіся, ці звязаны я з замежнымі спецслужбамі, ці займаюся экстрэмісцкай дзейнасцю і ўсё такое.

Пасля паліграфа мяне завезлі ў арандаваную кватэру, дзе я жыў у Магілёве. Там яны правялі ператрус. Але гэта адбывалася без панятых, без нейкіх санкцый — проста самі зайшлі, усё ператрэслі. Забралі ў мяне ноўтбук і тэлефон.

Вярбоўка

Потым мяне зноў прывезлі ў той самы кабінет ва ўпраўленні КДБ. І адзін з тых людзей у цывільным кажа мне: «Карацей, расклад такі: або ты сёння ідзеш дадому, але табе давядзецца паехаць у камандзіроўку, або ты сёння дадому не пойдзеш, таму што на тваім ноўтбуку вельмі шмат файлаў і ў нас ёсць падставы падазраваць, што ты займаешся прамысловым шпіянажам».

А я, яшчэ калі вучыўся ў БДТУ, рабіў шмат чарцяжоў, розных файлаў, звязаных з вытворчасцю. І вось яны гэта перакруцілі ў той шпіянаж. І таму сказалі: «Або на 15 гадоў, або трэба будзе дапамагчы краіне».

Я сказаў, што не хачу ў турму. І яны мне сказалі: «Тады цяпер вяртайся дадому, мы з табой звяжамся».

Гэта было 30 ліпеня. І я паехаў дадому ў Жлобін. А 3 жніўня яны сказалі мне вярнуцца ў Магілёў і чакаць сустрэчы.

Пасля гэтага яны заўсёды сустракаліся са мной самі і на вуліцы. Ужо падчас першай сустрэчы яны зрабіліся вельмі прыязнымі, тон іхніх размоў моцна змяніўся. Яны мяне хвалілі, казалі: «Ты малайчына, ты зрабіў правільны выбар». І далей яны патлумачылі мне, чаго канкрэтна ад мяне хочуць.

Яны сказалі, што мне трэба выехаць у Польшчу і там проста жыць, кантактаваць з людзьмі і перыядычна расказваць ім, як у мяне справы і з кім я кантактую. І сказалі, што самае галоўнае — ні пры якіх абставінах нікому, асабліва ў Польшчы, ніколі не казаць пра гэты факт. Бо, маўляў, як толькі я камусьці пра гэта скажу, маё жыццё скончыцца, таму што Польшча адразу мяне выкіне назад, а яны адразу мяне сустрэнуць, і далей ужо я мусіў сам зразумець, што будзе.

Кантраляваная сувязь з праваабаронцамі

Потым яны з нейкага Telegram-акаўнта пачалі дасылаць спасылкі на ўсе праваабарончыя арганізацыі, якія ёсць у Польшчы, з указаннямі, каму што пісаць. Як яны патлумачылі, мне трэба было проста верыфікавацца.

Я максімальна хацеў усё гэта адцягнуць. Бо я не ўяўляў, што ў такой сітуацыі рабіць. І калі я камусьці пісаў, то намагаўся зрабіць так, каб мне проста адмовілі і ўсё гэта скончылася.

Я напісаў у BySol, бо яны сказалі мне, што трэба атрымаць ад BySol выплату. Я пісаў у BySol — гэта цягнулася недзе да 20 жніўня. Але я ім казаў, што ў мяне няма ніякіх кантактаў у Польшчы, я не ведаю, дзе мне ўзяць рахунак. І ў выніку BySol мне нічога не пералічыў.

І на нейкі час яны заціхлі. Я ўжо падумаў, што ўсё скончылася. Але ў нейкі дзень яны мне зноў пішуць і кажуць: «Цяпер табе трэба напісаць у «Вясну» і спытаць ужо, як табе выехаць».

Калі я напісаў у «Вясну», мне адтуль параілі звярнуцца па гуманітарную польскую візу ў польскі кансулят у Мінску. І кадэбісты напісалі мне, як скласці гэты ліст. І каб я напісаў, што мяне проста звольнілі, бо я быў у спісе «экстрэмістаў». І сказалі нікому не казаць, што мяне забраў з працы КДБ.

Я падаў зварот у кансулят 2 верасня. А 3 верасня мне прыйшоў станоўчы адказ з консульства, паведамілі, што я магу прыязджаць. І 8 верасня я паехаў у Мінск падаваць дакументы.

Адразу пасля гэтага я яшчэ напісаў у шэлтар. Адрас гэтага шэлтара мне сказалі ў «Вясне» пазначыць у заяве на візу як адрас, куды я паеду ў Польшчы. І потым я знайшоў у інтэрнэце кантакты гэтага шэлтара, спісаўся з імі і чакаў атрымання візы.

Перад атрыманнем візы яны на чарговай сустрэчы пачалі ўжо даваць мне канкрэтныя інструкцыі. Казалі, каб я, як прыеду, нікому не расказваў пра супрацоўніцтва, каб проста жыў, легалізоўваўся і абрастаў сувязямі. Тлумачылі спосаб сувязі — праз Telegram і VPN.

І далей яны патлумачылі мне, што трэба, каб той чалавек, які будзе са мной праз Telegram кантактаваць, быў для мяне нібыта старым сябрам. І для гэтага яму патрэбная нейкая біяграфія. Яны самі пачалі прыдумляць яму гэтую біяграфію і гісторыю нашага знаёмства.

Такім чынам у яго атрымалася легенда, што ён мой былы аднакласнік, з якім мы сябруем са школы, нібыта разам гуляем у анлайн-гульні і часам абменьваемся рознымі анекдотамі і мемамі. Ён стварыў іншы акаўнт у Telegram і пачаў засыпаць мяне адтуль мемамі і анекдотамі.

Яшчэ, паводле іхніх інструкцый, калі са мной там нешта здарыцца, я павінен усё адмаўляць і казаць, што гэта проста мой сябар.

Яшчэ была ўмова, што, калі са мной нешта здарыцца, я мушу змяніць аватарку ў TikTok. Таксама мне загадалі тэрмінова замяніць пашпарт, бо да заканчэння тэрміну яго дзеяння заставалася два гады, і я тэрмінова замяніў пашпарт.

Выезд у Польшчу

Пасля атрымання візы я купіў квіткі да Варшавы. Прычым той кадэбіст сказаў мне, на якую дату іх купляць. Я не ведаю, з чым гэта было звязана, але яны мне яшчэ ў тым кабінеце ў самым пачатку казалі, што ў мяне забарона на выезд, і, відаць, да той даты гэтую забарону знялі. Але я дакладна гэтага не ведаю.

Уначы 3 кастрычніка я заехаў у Польшчу. І я адразу планаваў пайсці ў польскую службу, якая займаецца бяспекай. Бо яшчэ калі быў у Беларусі, разумеў, што гэтым займацца не буду. Але ў той жа час я разумеў, што, калі яны зразумеюць, што я нешта супраць іх задумваю, то я ўжо не змагу выехаць.

Менавіта таму я баяўся яшчэ з Беларусі неяк папярэдзіць тых, з кім перапісваўся, бо раптам яны паставілі мне ў тэлефон нейкую праграму, якая можа адсочваць маё ліставанне. І калі я ўжо заехаў у Польшчу, той супрацоўнік КДБ праз той акаўнт у Telegram працягваў закідваць мяне мемамі ды анекдотамі. Я яго не блакаваў, каб, калі пайду ў польскую спецслужбу, мог паказаць ім той акаўнт і перапіску.

Але мне сапраўды было вельмі страшна, я не ведаў і цяпер не ведаю, якія могуць быць наступствы. І ў выніку я вырашыў зрабіць публічную заяву і расказаць усё як ёсць, каб «абнуліць» усе гэтыя заданні і планы КДБ. Я вырашыў для гэтага звярнуцца ў «Вясну», бо кантакт з гэтай арганізацыі быў са мной ад самага пачатку.

Я хачу публічна заявіць пра тое, што са мной адбылося, і адмовіцца ад любога супрацоўніцтва з КДБ Беларусі».

Каментары25

  • Казімір
    06.10.2026
    Усё слушна зрабiў. А ГБ-ЧК (як і губазік) абавязкова будзе аб'яўлена злачыннай арганізацыяй, галоўнай функцыяй якой з'яўляецца дзяржаўны тэрор супраць нязгодных з крывавай прамаскоўскай дыктатурай.
  • .
    06.10.2026
    І дзякуй за падрабязнасці, як працуюць, што выкарыстоўваюць.
  • Ну
    06.10.2026
    Усё правільна зрабіў. Расказаць пра усё праз медыа падаецца адзіным выйсцем з такой сітуацыі. Цяпер застаецца толькі спадзявацца на адэкватнасць польскіх уладаў і спецслужбаў.

Цяпер чытаюць

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі14

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску пабудуюць два новыя пуцеправоды

Зяленскі: Украіна адновіць удары па расійскіх НПЗ12

Салі Руні спыняе пастаўкі сваіх кніг у Брытанію. Пісьменніца падтрымлівае забароненую Palestine Action4

Створаны бананы, якія не цямнеюць. Неўзабаве яны могуць з'явіцца ў супермаркетах2

У Егіпце сто гадоў захоўваўся «не той кракадзіл». Аказалася, што гэта асобны від, якога навука не ведала

Слон з мёртвым сланянём, каёт у Сан-Францыска, пума на агароджы… Вось якія работы сталі сёлетнімі пераможцамі конкурсу «Фатограф года дзікай прыроды»

Ілан Маск: Starlink нельга выкарыстоўваць для наступальных дзеянняў, а хуткасць і параметры вайсковых тэрміналаў вызначаюць Пентагон і Трамп12

Для ўезду ў Казахстан беларусам трэба будзе запытваць пропуск за тры дні

Харватыя карыстаецца жаданнем Чарнагорыі ўступіць у Еўрасаюз, каб павырашаць на сваю карысць старыя спрэчкі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі14

Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць