У вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна аднавілі працу завода дзіцячага харчавання, які раней належаў кампаніі «ЛВЛ Эвалюшн», што ў 2024 годзе пачала працэдуру банкруцтва. Пра гэта стала вядома пасля таго, як першая намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Таццяна Шаўцова згадала пра адкрыццё такой вытворчасці, піша Office Life.

Завод увялі ў эксплуатацыю ў лістападзе 2020 года. Пасля банкруцтва папярэдняга ўладальніка прадпрыемства выставілі на аўкцыён, каб разлічыцца з крэдыторамі. У выніку яго прадалі за 42,37 мільёна рублёў. Пераможцам таргоў стала кампанія «КрохаПіт».
Заснавальнікам новага ўладальніка з'яўляецца грамадзянін Расіі Мікіта Кавалёў. Спачатку кампанію зарэгістравалі па адрасе, дзе знаходзілася адна з асноўных структур сузаснавальніка праекта Ігара Кушнерскага. Цяпер яе юрыдычны адрас перанесены непасрэдна на завод у Станькава.
Пакуль «ЛВЛ Эвалюшн» працягвае знаходзіцца ў працэдуры банкруцтва і разбірацца з даўгамі, «КрохаПіт» ужо набірае супрацоўнікаў.
На прадпрыемстве аднаўляюць выпуск дзіцячага харчавання пад брэндам «Ложка в ладошке». У асартыменце будуць мясныя, агароднінныя і фруктовыя пюрэ, сокі і нектары ў мяккай упакоўцы, пакетах тэтра-пак і шкляных бутэльках. Акрамя таго, вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць прадукцыю пад уласнымі гандлёвымі маркамі гандлёвых сетак. Кампанія плануе прадаваць тавары як у Беларусі, так і ў іншых краінах СНД.
Завод першапачаткова будавалі ў партнёрстве Ігара Кушнерскага і Аляксандра Ляўковіча, звязанага з кампаніяй «ПрофітЗернеМаркет». Аднак прадпрыемства сутыкнулася з вялікай запазычанасцю, якая перавысіла 82,3 мільёна рублёў. Больш за 50 мільёнаў рублёў з гэтай сумы прыпадала на Белаграпрамбанк. На фінансавым стане таксама адбіліся абмежаванні з боку Рассельгаснагляду.
«ЛВЛ Эвалюшн» не змагла выканаць абавязацельствы па токенах і падала заяву аб банкруцтве.
Каментары