Старадаўні фальварак з вежамі пад Наваградкам купілі за 94,5 рубля. Што там збіраюцца адкрыць
Старадаўні фальварак «Мураванка Храптовічаў» у вёсцы Шчорсы пад Наваградкам прадалі на аўкцыёне ўсяго за 94,5 рубля. Купца на гэты комплекс шукалі з мінулага лета, а пачатковы кошт за гэты час знізіўся амаль з 300 тысяч рублёў да дзвюх базавых велічыняў. Новым уладальнікам нерухомасці стаў мінскі бізнэсмен, які займаецца будаўніцтвам дарог. Замест закінутых гаспадарчых пабудоў ён плануе адкрыць тут гатэль і кавярню для турыстаў, піша Domovita.by.

Год зніжак і 1500 квадратных метраў з вежамі
Прыстроіць «Мураванку Храптовічаў» у добрыя рукі спрабавалі яшчэ з чэрвеня мінулага года. Тады за старадаўнія пабудовы прасілі амаль 298 тысяч рублёў, але чаргі з інвестараў за гэтым лотам не ўтварылася, таму цану давялося зніжаць некалькі разоў запар. У выніку таргі завяршыліся паспяхова толькі з шостай спробы, калі кошт упаў да мінімуму. Адзіны ўдзельнік аўкцыёну дадаў да пачатковай цаны абавязковыя пяць працэнтаў і набыў фальварак за 94,5 рубля — усяго за дзве базавыя велічыні.

Нягледзячы на знешняе падабенства да сярэднявечнага замка, комплекс у Шчорсах заўсёды быў выключна гаспадарчым дваром. За сімвалічныя грошы купец атрымаў два цагляныя будынкі агульнай плошчай больш за 1500 квадратных метраў. У розныя часы ў гэтых сценах размяшчаліся свірны, кароўнік, цялятнікі і нават мясцовая ветэрынарная бальніца. Акрамя асноўных пабудоў, тут захаваліся незвычайныя круглыя вежы і часткі старадаўняй агароджы, а сам зямельны ўчастак плошчай 6,4 гектара перададзены інвестару ў арэнду на 50 гадоў.

Гатэль замест свірнаў і строгі кантроль
Купля за дзве базавыя велічыні гучыць як падарунак, але насамрэч асноўныя выдаткі новага ўладальніка толькі пачынаюцца. Уся тэрыторыя мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта азначае, што знесці тут усё або перабудаваць комплекс у неагатычным стылі на свой густ не атрымаецца. Любыя работы па рэстаўрацыі і рамонце давядзецца ўзгадняць з Міністэрствам культуры.
Сам інвестар працуе ў сферы дарожнага будаўніцтва, але аб'ект у Шчорсах набыў для турыстычнага праекта. У былым фальварку ён збіраецца ўладкаваць гатэль і адкрыць пункт грамадскага харчавання. Першыя канкрэтныя рашэнні адносна будучай перабудовы прымуць ужо на гэтым тыдні. Як патлумачыла намесніца начальніка аддзела эканомікі, гандлю і паслуг Наваградскага райвыканкама Марына Несцер, інвестар сустрэнецца з профільнымі службамі ў райвыканкаме, каб зацвердзіць канцэпцыю і дакладны план работ.
Каментары