Хто такая Эліс Хуанг — меркаваная кітайская шпіёнка, якая завяла раман з кіраўніком Nvidia
Эліс Хуанг пачынала кар'еру ў журналістыцы і фінансавым сектары Кітая, а пасля стала ўплывовай фігурай у бізнэсе штучнага інтэлекту. Цяпер амерыканскія спецслужбы падазраюць яе ў працы на кітайскую разведку. The New York Times высветліла новыя падрабязнасці яе мінулага і сувязяў.

Нядаўна вакол амерыканскага тэхналагічнага гіганта Nvidia разгарэўся шпіёнскі скандал. Паводле амерыканскай разведкі, кіраўнік кампаніі Джэнсэн Хуанг мог стаць аб'ектам аперацыі кітайскіх спецслужбаў. Падазрэнні выклікала яго блізкая сувязь з кітайскай бізнэсоўкай Эліс Хуанг, якая, як лічаць у Вашынгтоне, працавала на Пекін.
8 лістапада Джэнсэн Хуанг прызнаўся ў здрадзе жонцы, а Nvidia абвясціла незалежнае расследаванне. Пры гэтым кампанія падкрэсліла, што пакуль не мае падстаў лічыць, быццам яе камерцыйныя сакрэты або нацыянальная бяспека ЗША апынуліся пад пагрозай. Кітай адхіліў абвінавачванні ў шпіянажы.
Журналісты The New York Times вывучылі карпаратыўныя дакументы за 15 гадоў і пагаварылі з людзьмі, знаёмымі з бізнэсам Хуанг. Так яны аднавілі шлях жанчыны ад фінансавых колаў Шанхая да міжнароднага рынку чыпаў.
Ад журналістыкі да вялікіх інвестыцый
Пра раннія гады Эліс Хуанг вядома няшмат. Яе кітайскае імя — Хуанг Лэ. Паводле апублікаванай у інтэрнэце біяграфіі, яна чатыры гады працавала тэлевізійнай журналісткай, а пасля перайшла ў фінансавы сектар. Сярод месцаў яе працы згадваюцца прыватнае банкаўскае падраздзяленне HSBC і кітайская інвестыцыйная кампанія CITIC Securities.

Пазней Хуанг занялася інвестыцыйным бізнэсам у Шанхаі, дзе завязала знаёмствы сярод заможных прадпрымальнікаў і кіраўнікоў тэхналагічных кампаній. Адным з яе галоўных дзелавых партнёраў стаў фінансіст Кан Вэй, які ў 2000‑я гады атрымаў вядомасць у Кітаі як паспяховы біржавы стратэг.
Пазней ён заняўся прыватнымі інвестыцыямі і набыццём кампаній. Паводле суразмоўцаў NYT, Кан Вэй часам прадстаўляўся мужам Эліс Хуанг, але журналісты не змаглі пацвердзіць, што яны сапраўды жанатыя.

Разам яны стварылі сетку ўзаемазвязаных кампаній, праз якія інвеставалі ў розныя праекты. У 2020 годзе гэта сетка ўдзельнічала ў стварэнні цэнтра вылічэнняў для штучнага інтэлекту ў Шанхаі, прызначанага для інтэрнэт-гіганта Tencent.
Менавіта гэты досвед дапамог Хуанг перайсці ад фінансавых аперацый да гандлю адным з самых запатрабаваных тэхналагічных тавараў у свеце: перадавымі чыпамі Nvidia.
Чыпы на мільярды і блізкасць да кіраўніка Nvidia
У канцы 2022 года ЗША пачалі абмяжоўваць пастаўкі ў Кітай высокапрадукцыйных працэсараў, неабходных для распрацоўкі штучнага інтэлекту. Вашынгтон асцерагаўся, што гэтыя тэхналогіі могуць узмацніць не толькі эканамічныя, але і вайсковыя магчымасці Пекіна.

Каб атрымаць доступ да дэфіцытных амерыканскіх чыпаў, Эліс Хуанг вырашыла выкарыстаць кампанію за межамі Кітая, якая фармальна не была б звязаная з кітайскімі ўласнікамі. У 2023 годзе праз фірму, зарэгістраваную на Брытанскіх Віргінскіх астравах, яна набыла сінгапурскую кампанію, якая раней уваходзіла ў бізнэс-сетку кітайскага распрацоўшчыка відэагульняў 7Road. Яе перайменавалі ў Megaspeed.
Пазней права ўласнасці на Megaspeed перадалі іншай сінгапурскай кампаніі. Такім чынам, на паперы яна выглядала незалежнай ад кітайскага бізнэсу, што палягчала доступ да амерыканскіх працэсараў. Аднак, паводле крыніц The New York Times, фактычна штодзённай дзейнасцю Megaspeed па-ранейшаму кіравала Эліс Хуанг.
Важную ролю ў развіцці бізнэсу Эліс Хуанг маглі адыграць яе асабістыя сувязі з кіраўніком Nvidia Джэнсэнам Хуангам. Яшчэ ў снежні 2023 года яны сустракаліся ў рэстаране ў Сінгапуры.

Усяго праз чатыры дні пасля змены структуры ўласнасці Megaspeed атрымала статус хмарнага партнёра Nvidia, што адкрыла ёй доступ да дэфіцытных амерыканскіх працэсараў.
У чэрвені 2024 года кампанія пачала атрымліваць буйныя партыі найсучаснейшых чыпаў Nvidia. З часам агульны кошт закупленага абсталявання перавысіў чатыры мільярды даляраў. Адным з найбуйнейшых кліентаў Megaspeed стаў кітайскі тэхналагічны гігант Alibaba, які атрымліваў вылічальныя магутнасці праз яе малайзійскае падраздзяленне.
Тым часам адносіны Эліс з Джэнсэнам Хуангам не абмяжоўваліся дзелавымі кантактамі. На працягу апошніх трох гадоў яны неаднаразова сустракаліся ў розных краінах.
Яны разам наведвалі рэстараны, сустракаліся ў Шанхаі, Сінгапуры, на Тайвані і на гольф-курорце каля амерыканскага Сан-Хасэ. У сакавіку 2025 года Эліс наведала Джэнсэна Хуанга ў штаб-кватэры Nvidia ў Каліфорніі разам з іншымі бізнэсменамі. А праз два месяцы на вячэры ў Тайбэі яна пазіравала побач з ім для фотаздымка і пацалавала яго ў шчаку.

Эліс не хавала свайго знаёмства з кіраўніком Nvidia. Паводле суразмоўцаў NYT, яна ахвотна дэманстравала сумесныя фотаздымкі, падкрэсліваючы сваю блізкасць да аднаго з самых уплывовых людзей у індустрыі штучнага інтэлекту.
Сам Джэнсэн Хуанг спачатку называў свае кантакты з Эліс звычайнымі дзелавымі адносінамі. Аднак 8 лістапада ён прызнаў, што здраджваў жонцы, і папрасіў прабачэння ў сям'і і супрацоўнікаў Nvidia.
Пры гэтым застаецца невядомым, калі менавіта пачаліся адносіны Эліс і Джэнсэна і ці паўплывалі яны на рашэнні Nvidia аб супрацоўніцтве з Megaspeed.
Як Эліс Хуанг трапіла пад падазрэнне
Маштабныя закупкі амерыканскіх чыпаў прыцягнулі ўвагу ўладаў ЗША. У канцы 2024 года прадстаўнік Міністэрства гандлю наведаў адзін з дата-цэнтраў Megaspeed, каб праверыць, ці сапраўды атрыманыя працэсары знаходзяцца там і выкарыстоўваюцца паводле прызначэння.
Частка абсталявання ўсё яшчэ ляжала ў каробках. Гэта выклікала падазрэнні, што яго маглі перамяшчаць у іншыя месцы, у тым ліку з парушэннем амерыканскіх экспартных абмежаванняў.
Прыкладна ў той жа час улады Тайваня па просьбе ЗША пачалі сачыць за паездкамі Эліс на востраў. У 2025 годзе яна трапіла пад увагу і праваахоўнікаў Сінгапура, якія расследавалі магчымыя парушэнні пры дэклараванні імпарту.
На пэўны час жанчыне забаранілі пакідаць Сінгапур і выклікалі на допыты. Аднак доказаў яе асабістай датычнасці да няправільнага дэкларавання не знайшлі, таму праверку ў дачыненні да яе спынілі. Расследаванне дзейнасці самой Megaspeed працягваецца.
Пасля гэтага Хуанг вярнулася ў Шанхай, а распараджэнні супрацоўнікам Megaspeed пачаў аддаваць новы кіраўнік. Тым не менш кампанія працягвае будаваць вялікі дата-цэнтр у Малайзіі. У праекце ўдзельнічаюць і кітайскія інжынеры з кампаніі Shanghai Shuoyao, якая ўваходзіць у дзелавую сетку Эліс.
Найбольш сур'ёзныя падазрэнні звязаныя не з імпартам чыпаў, а з магчымай працай Хуанг на кітайскую разведку. Амерыканскія спецслужбы прыйшлі да высновы, што яна была завербаваная Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі Кітая. Аднак калі менавіта гэта магло адбыцца, якую інфармацыю Эліс збірала і ці атрымлівала яна ад Джэнсэна Хуанга сакрэтныя звесткі, застаецца невядомым.
У Nvidia сцвярджаюць, што не маюць падстаў меркаваць, быццам камерцыйныя сакрэты кампаніі або звесткі, важныя для нацыянальнай бяспекі ЗША, трапілі да старонніх асоб. Пекін адхіляе абвінавачванні ў шпіянажы.
Каментары