Заснавальнікі «Контэ» браты Байко пашыраюць свой бізнэс у сельскай гаспадарцы
У планах — новыя фермы ў Віцебскай вобласці.

Гродзенскія бізнэсмены браты Байко, заснавальнікі групы «Контэ», разам з Тураўскім малочным камбінатам (ТМК), які яны кантралююць, пашыраюць свой сельскагаспадарчы кластар у Віцебскай вобласці. Галоўная пляцоўка — аграпрадпрыемства «Таргуны» ў Докшыцкім раёне. Там яны хочуць павялічыць вытворчасць сыравіны, найперш малака, піша Office Life.
«Таргуны» выпусцілі дадатковыя акцыі на 40 млн беларускіх рублёў. ТМК купляе большую частку: 32,97 млн акцый на 30 млн рублёў. «Контэ Інвест» купіла амаль 11 млн акцый на 10 млн рублёў. Цяпер ёй напрамую належыць 46,47% статутнага фонду «Таргуноў».
Адначасова прадпрыемства рэарганізуюць. На лістападаўскім пазачарговым сходзе акцыянераў ТМК разгледзяць, ці далучаць да «Таргуноў» сельгаспрадпрыемства «Гнездзілава-Агра».
«Таргуны» цяпер — адзін з найбуйнейшых аграрных вытворцаў рэгіёна.
Як расказвае Office Life, у планах прадпрыемства на 2026—2028 гады — спраектаваць і пабудаваць малочна-таварны комплекс поўнага цыкла каля вёскі Камайск і дабудаваць ферму ў Ветэры.
Калі гэтыя аб'екты запрацуюць, вытворчасць малака павялічыцца ўдвая. Будоўлю хочуць аплаціць грашыма акцыянераў і крэдытамі па дзяржпраграмах развіцця сельскай гаспадаркі.
Інвестары кажуць, што іх мэта не толькі вырабляць больш. Яны таксама хочуць, каб гаспадарка працавала больш эфектыўна, і плануюць пагасіць яе назапашаныя даўгі.
Браты Байко ідуць па шляху іншых беларускіх бізнэсменаў і ўкладваюцца ў развіццё тэрыторый у Віцебскай вобласці. Група кампаній «Сервалюкс» Яўгена Баскіна набыла 10 сельгаспрадпрыемстваў у Дубровенскім раёне. Мікалаю Вараб'ю перадалі свабодныя землі ў Верхнядзвінскім раёне. «Савушкаў прадукт» Аляксандра Машэнскага выкупіў маёмасны комплекс Полацкага малочнага камбіната. У Віцебску развівае вытворчасць Горкаўскі харчовы камбінат Аляксея Саўчука.
Каментары