Сталі вядомыя падрабязнасці вясновай трагедыі ў Полацкім манастыры, калі жанчына загінула пры пажары. Усяму віной п'янства
Следчы камітэт раскрыў падрабязнасці трагедыі, якая адбылася 28 красавіка каля Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Тады адна з жанчын, якія прыслужвалі пры манастыры, падпаліла дом, у якім знаходзілася іншая жанчына родам з Віцебска. Ахвяра загінула.

Паводле інфармацыі следства, 70‑гадовая п'яная жанчына абліла гаручай вадкасцю пакой, калідор і ганак дома, які належаў Беларускай праваслаўнай царкве. Пасля гэтага яна падпаліла іх і пайшла. У выніку пажару загінула 64‑гадовая жыхарка гэтага дома.
Прычынай забойства стала крыўда. У пачатку красавіка загінулая выклікала суседцы хуткую дапамогу праз ужыванне алкаголю. Пасля гэтага пенсіянерку шпіталізавалі. Жанчына раззлавалася і вырашыла адпомсціць.
Экспертыза паказала, што абвінавачаная магла ўсведамляць свае дзеянні і кіраваць імі. Разам з тым у яе выявілі алкагольную залежнасць.
Шкода ад пажару перавысіла 54,8 тысячы рублёў. Жанчыне выставілі абвінавачанні ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, учыненым грамадска небяспечным спосабам, а таксама ў наўмысным знішчэнні маёмасці. Цяпер яна знаходзіцца пад вартай.
Каментары