Новы расійскі пасажырскі самалёт прыляцеў у Мінск для выпрабаванняў аўтапілота
Расійскі пасажырскі самалёт новага пакалення SJ-100 22 верасня прыбыў у Нацыянальны аэрапорт Мінск для правядзення сертыфікацыйных выпрабаванняў, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Выпрабаванні правядуць супрацоўнікі лётна-выпрабавальнага і даводачнага комплексу расійскай авіябудаўнічай кампаніі «Якаўлеў» разам з прадстаўнікамі сертыфікацыйных цэнтраў і Авіярэгістра.
Спецыялісты будуць правяраць працу сістэмы аўтапілота, у тым ліку магчымасць аўтаматычнага заходу на пасадку і аўтаматычнай пасадкі па катэгорыях II і IIIA.

Падчас візіту расійскай дэлегацыі прадстаўнікі «Якаўлева» таксама сустрэліся з кіраўніцтвам Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Яны абмеркавалі доўгатэрміновыя планы супрацоўніцтва.

Пры арганізацыі выпрабаванняў супрацоўніцтва паміж кампаніяй «Якаўлеў» і Нацыянальным аэрапортам Мінск улічвае тэхнічныя магчымасці аэрадрома і магчымасці аператыўнага наземнага абслугоўвання. Мінск абралі адной з пляцовак для выпрабаванняў дзякуючы інфраструктуры аэрапорта, якая сертыфікаваная паводле міжнародных стандартаў.
«Якаўлеў» — расійская авіябудаўнічая кампанія, якая займаецца распрацоўкай і вытворчасцю цывільных самалётаў.
Каментары