Грамадства1212

Вызвалены Алесь Чумакоў расказаў пра абвінавачванне: «Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро»

Гусляр і палітвязень Алесь Чумакоў быў вызвалены з-за кратаў 16 верасня. У сваім першым інтэрв'ю пасля вызвалення ён расказаў Свабодзе, як на судзе слухаў уласныя песні, як вымушана калядаваў у Калядзічах і чаму ў яго творчасці не будзе турэмных песень.

Алесь Чумакоў у першыя хвіліны пасля прыезду ў Вільню

Алесь Чумакоў яшчэ ў Вільні, адкуль збіраецца пераехаць у Варшаву. Алесь спадзяецца, што ў Польшчы не будзе мець вялікіх праблем з легалізацыяй. Прызнаецца, што рады вызваленню, нягледзячы на прымусовы выезд з Беларусі. Яго гэта не засмучае, у Польшчы разлічвае вярнуцца да сваёй любімай справы — заняткаў музыкай.

«Хачу пайсці з галавой у сваё творчае музычнае жыццё, — кажа Алесь. — У Варшаве мяне ў першую чаргу чакае Таццяна Ячная, з якой у нас шмат гадоў дуэт. Мы плануем уз’яднацца, бо ў апошнія гады працавалі па два бакі мяжы (Таццяна жыве ў Варшаве, да арышту Алесь Чумакоў ездзіў туды з Мінска для сумесных запісаў). Ездзіў-ездзіў. Гэта было нязручна, толькі некалькі разоў на год было магчыма. Зараз, канешне ж, праца пойдзе. Але Беларусь згубіла свае гуслі. Гэта праблема сучаснай Беларусі».

Алесь расказвае, што яшчэ чатыры дні таму быў гатовы да любога развіцця падзей. У апошнія дні перад вызваленнем ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Калядзічах з выдаўцом Змітром Коласам (яго таксама вызвалілі і вывезлі за мяжу 16 верасня). Ім давалі зразумець, што магчыма вызваленне, але поўнай упэўненасці ў сваім далейшым лёсе вязні не мелі.

«Тры дні мы размаўлялі на ўсе магчымыя тэмы, гулялі ва ўсе магчымыя інтэлектуальныя гульні, — узгадвае Алесь. — У нас было толькі тое, што мы мелі ў сваіх галовах. Але Зміцер — чалавек вельмі цікавы. Я спадзяюся, што таксама змог ягоны сум разагнаць. Разам мы былі толькі апошнія тры дні. Нас, як выявілася, рыхтавалі да гэтага абмену. Там было яшчэ некалькі камер, дзе да гэтага рыхтавалі людзей. Іх мы пабачылі ўжо толькі ў аўтобусе, калі ехалі ў Літву».

Каляды ў Калядзічах

Гусляра, шматгадовага ўдзельніка гурта «Стары Ольса» і аўтара сольных праектаў Алеся Чумакова арыштавалі летась у снежні, перад самымі Калядамі. Увесь час зняволення ён правёў у Калядзічах, трапіць у калонію так і не паспеў.

«Паехаў на Каляды ў Калядзічы, — жартуе Чумакоў. — У нас жа з Таццянай Ячнай адна з галоўных галін творчасці — калядныя спевы. Мы робім каляднае падарожжа па ўсім свеце, дзе па-беларуску спяваем калядныя песні розных народаў. Ад Польшчы да Венесуэлы. Увесь калядны свет у перакладах розных цудоўных паэтаў. І ў гэтым годзе я спяваў калядныя песні для сукамернікаў у Калядзічах. Зладзіў калядны квіз — яны адгадвалі краіны, адкуль паходзіць песня. Голас дрыжаў страшэнна, але нешта было».

Алесь кажа, што меў задуму напісаць песню пра Каляды ў Калядзічах, але ў выніку адмовіўся ад гэтага. Турэмных песень у яго творчасці не будзе. Ён хоча вяртацца да таго, што было яму цікава заўсёды, — перакладаў цікавых, якасных паэтычных твораў. Вопыт зняволення, як ні дзіўна, у гэтым можа Чумакову дапамагчы.

«Я там змяніў шэсць камер розных, — узгадвае Чумакоў. — І ў гэтых розных камерах у мяне былі розныя суседзі з розных краін. І як граф Монтэ-Крыста, я вучыў розныя мовы. Спачатку вучыў грузінскую з грузінам, потым узбекскую з узбекам. Пасля падцягваў польскую граматыку з выпускніком Варшаўскага ўніверсітэта.

Было чым пазаймацца. А ў апошнія месяцы са мной сядзеў малдаванін, які нядрэнна валодае чатырма мовамі. У тым ліку, вядома ж, сваёй роднай румынскай. І ў мяне было сем сшыткаў з граматыкай, слоўнікі. У рэшце рэшт нашы агульныя веды дазволілі нам перакладаць на румынскую беларускія песні. Мы пераклалі самую вядомую з рэпертуару «Старога Ольсы» — «Ружу-кветку». Калі-небудзь яна загучыць на канцэртах па-румынску, прыходзьце».

Пра свайго суседа з Малдовы Алесь расказвае больш, чым пра іншых сукамернікаў. За некалькі месяцаў гэты чалавек здолеў цалкам змяніць свае палітычныя погляды.

«Ён спачатку казаў, што мае традыцыйныя, — расказвае Чумакоў. — Выступае за блізкасць Малдовы з Расіяй. Будзе галасаваць за Дадона (прарасійскі малдаўскі палітык, прыхільнік Лукашэнкі). Але пасядзеўшы ў нашых Калядзічах, паглядзеўшы навіны па тэлевізары, ён у рэшце рэшт сказаў, што за Дадона галасаваць не будзе. Пачаў мне расказваць, што Малдова павінна быць з Румыніяй і што яна будзе ў Еўразвязе».

Агулам за кратамі Алесь Чумакоў правёў каля 9 месяцаў. Да таго моманту ён заставаўся ў Беларусі, нягледзячы на паездкі за мяжу для запісаў і канцэртаў. Чаму музыка заставаўся ў краіне так доўга, нягледзячы на разгорнутыя там масавыя рэпрэсіі, скіраваныя ў тым ліку супраць беларускіх культурніцкіх дзеячаў?

«Вы ведаеце, да мяне ўжо пасля вызвалення падыходзілі, пыталі, ці не патрэбны мне псіхолаг, — гаворыць Алесь. — І я зараз лічу, што псіхалагічная дапамога патрэбная тым людзям, якія засталіся ў Беларусі і не разумеюць, дзе яны засталіся. Тыя, хто прайшоў праз турмы, праз катаванні, праз здзекі, — яны ўсё зразумелі. І галава і глузд у іх сталі на свае рэйкі. Туды, куды трэба. Да арышту ў мяне яны яшчэ не былі там. Ніхто мне тады не здолеў патлумачыць гэтага. Сёння ўсё ў парадку».

«Граў музыку, утвараў ядро»

Суд па справе Алеся Чумакова адбыўся зусім нядаўна — у жніўні. Музыка расказвае, што там пачуў і абвінавачванні. Якія заключаліся ў тым, што ён «граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро».

«Прабачце, але з такімі абвінавачваннямі можна любога чалавека на вуліцы ўзяць і пасадзіць, — гаворыць Алесь. — Я ўсё гэта шчыра для дзяржавы рабіў. А атрымліваецца, што я гуртаваў пратэставае ядро. Значыць, дзяржаве не патрэбная свая мова, свая культура, свае народныя інструменты. Мне стала ўсё зразумела».

Асудзілі Чумакова ў выніку па 361‑1 артыкуле Крымінальнага кодэкса за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Яго назвалі ўдзельнікам Беларускай рады культуры, хоць Чумакоў ніколі не меў ніякага дачынення да такой арганізацыі.

Я здзівіўся, што мяне цяпер вызвалілі, — прызнаецца Алесь Чумакоў. — Ніхто мне нічога не патлумачыў, я дагэтуль не ведаю, каму падзякаваць. Хто паўплываў на тое, каб я трапіў у такі прыярытэтны спіс. 25 чалавек — гэта мізэр. Там сядзіць такая вялікая колькасць невінаватых людзей. Мне вельмі няёмка перад тымі людзьмі, якія сядзяць значна даўжэй, чым там быў я, пакутуюць значна больш. Шчыра шкада людзей, якія павінны былі б выйсці раней за мяне».

Наркотыкі і махлярства

Разам з Алесем Чумаковым з-за кратаў вызвалілі трох музыкаў гурта Tor Band. У Калядзічах у адзін час з ім знаходзіўся лідар «Палацу» Алег Хаменка. Алесь расказвае, што ведаў пра яго арышт, але асабіста з Хаменкам за кратамі не перасякаўся.

«Даведаўся з лістоў, — расказвае Чумакоў. — Тое, што Алег там сядзіць, гэта страта для нас велізарная. Алега трэба вызваляць.

У яго не ўсё ў парадку са здароўем, Алег меў аперацыі. І тут раптам гэтае затрыманне і прысуд. Гэта катастрофа. Яго трэба абавязкова ратаваць. Увогуле людзей ад культуры там шмат. Нават тых, з кім я асабіста знаёмы. Алег Ларычаў мае вялікія праблемы са здароўем. Яго прыцягнулі сведкам на мой суд, ён выглядаў няважна. Праваабаронцам трэба пра гэта ведаць, падымаць прыярытэтна яго выратаванне. Там ніхто не павінен знаходзіцца».

Падчас размовы Алесь Чумакоў згадвае і сваіх непалітычных сукамернікаў. Ён звяртае ўвагу на тое, што іх шмат у чым таксама можна лічыць палітычнымі вязнямі, бо за кратамі вялікая колькасць людзей, якія трапілі туды калі не зусім выпадкова, то проста таму, што беларускай сілавой сістэме значна прасцей чалавека проста пасадзіць, чым займацца пошукамі доказаў яго вінаватасці.

«Наркотыкі, кур'ерства для махляроў, — кажа Алесь. — Большасць па гэтых двух артыкулах там. Сапраўдных махляроў, злодзеяў, наркабаронаў — там няма. Выпадковыя людзі, якія падманулі, альбо яны ўвогуле не ведалі, чым займаліся. Турмы перапоўненыя, бо сістэма лянуецца расследаваць сапраўдныя крымінальныя злачынствы. На арыштаваных няма доказнай базы, у любой іншай краіне яны проста не трапілі б у турму».

Ці ёсць музыка за беларускімі кратамі? Алесь Чумакоў гаворыць, што акрамя яго ўласнай музыкі і спеваў калядных песень за кратамі ў Калядзічах музыкі шмат, але лепш бы там панавала цішыня. Па словах музыкі, тое, што вязням даюць слухаць праз радыё, ён для сябе можа назваць толькі катаваннем.

«Супрацоўнікаў беларускіх радыёстанцый, якія можна слухаць за кратамі, я хачу папярэдзіць, што яны ўдзельнічаюць у катаваннях, — кажа Алесь. — Магчыма, яны гэтага не ўсведамляюць.

Але ва ўсіх установах Дэпартамента выканання пакаранняў радыё ўключаюць прымусова. Ставяць адзін і той жа плэйліст. Калі нават у радыё «Сталіца» эфір больш-менш разнастайны, то іншыя радыёстанцыі маюць плэйліст з трох з паловай песень, якія зацыкленыя адна за адной. І гэта для мяне, музыкі, прамое катаванне. Я згубіў там слых. Усё гэта ў неабмежаванай гучнасці. Уключаюць — піск, цісьне на вушы. Гімн кожны ранак на вялізнай гучнасці. Калі мяне як беларуса гімн сваёй краіны раней яшчэ на нешта натхняў, то потым ты перастаеш яго паважаць. Лічыш яго элементам катавання».

Алесь дадае, што за кратамі найбольш марыў слухаць цішыню. Гэта тое, чаго яму як музыку там бракавала найбольш. Не нейкіх любімых запісаў ці музыкаў, а менавіта цішыні.

«У мяне ўзніклі праблемы са слыхам, — гаворыць музыка. — І да арышту былі, а пасля турмы павялічыліся. Лязгат жалеза, сігналізацыі, трывогі, гучныя крыкі, сабакі — усё гэта моцна на мяне ціснула, на мой слых. Людзі ў замкнёнай прасторы пастаянна размаўляюць, можа быць чатыры размовы адначасова. Усё гэта вельмі гучна, катастрафічна цісне на музыку. Для нас кожны гук — гэта праца. Мозг спрацоўвае, раскладае гэтыя гукі, шукае гарманізацыю, аналізуе. Пастаянная праца мозгу. Там я жадаў чуць увесь час цішыню. Тое, чаго там няма».

Музыка за кратамі

Алесь Чумакоў пры гэтым прызнаецца, што спрабаваў сам граць за кратамі на тым, што было пад рукой. І нават ствараў нейкае падабенства музычных інструментаў. Галоўнымі з іх былі ўласныя рукі. Вязні спрабуюць з дапамогай камбінацыі кулакоў граць на прымітыўным духавым інструменце, складаючы іх каля рота. Алесь гаворыць, што навучыўся таксама гэта рабіць і нават мог такім чынам атрымаць некалькі розных нот і складаць іх у мелодыю.

«З розных нітачак і гумак паміж ложкамі нацягвалі струны і нават нешта падобнае да гусляў вязні робяць, — узгадвае Алесь. — Я не рабіў, але хлопцы балаваліся. Я спрабаваў з накрыўкі ад карэйскай морквы, з пластыку зрабіць арган. Больш-менш нешта атрымлівалася. Гучала нешта, пару нот здабыў. Цягнула мяне зайграць. Дудачкі можна было рабіць. Але я стараўся не напружваць сукамернікаў. Тым больш я мовамі займаўся некалькі гадзін на дзень. Гэта таксама не ў цішыні было».

Пасля зняволення Алесь Чумакоў поўны творчых планаў. Расказвае пра хуткі выхад альбома калядных песень, запісанага сумесна з Таццянай Ячнай, пра той альбом, які слухалі на ягоным судовым паседжанні.

«Песня, з якой ён будзе пачынацца, сама пачынаецца словамі «Сядзем-сядзем, пабяседуем», — расказвае Алесь зноў са смехам. — Нікуды ад гэтага лёсу не падзецца. Назву іншую абяру для яго, пакуль не адкрыю, якую. Анансую яго як адзін з самых «дарагіх» альбомаў беларускай музыкі. Паслухайце яго, калі ласка, і вырашыце, на чыім вы баку — следчых альбо пракурораў».

Што яшчэ? Алесь Чумакоў кажа, што ўжо ведае наперад пра адразу некалькі праектаў, якія хацеў бы выдаць. Сярод іх — альбом перакладаў песень Віктара Цоя і гурта «Кіно» на беларускую, якія ён плануе зайграць на гуслях.

Альбом з перакладамі на беларускую балад Уладзіміра Высоцкага, выкананых на беларускіх сярэднявечных інструментах. Туды ўвойдзе сем твораў. Хацеў бы Алесь выдаць і альбом з беларускімі перакладамі песень менскага барда Арона Крупа, які загінуў у Саянах у 60‑х гадах і чые песні беларусы дагэтуль спяваюць у паходах па-руску.

«Гэта тое, з чаго пачалася класічная аўтарская песня ў Беларусі, — кажа Алесь. — Цудоўны бард, якога нарадзіў беларускі турыстычны рух. Круп нарадзіўся ў Дзвінску, вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, жыў у Менску. Гэта будзе аднаўленне традыцыі беларускай аўтарскай песні. Арык Круп загучыць па-беларуску. Я звязаўся з яго роднымі, і яны ўхвалілі праект. Сказалі, што гэта абавязкова трэба зрабіць».

Алесь па-ранейшаму збіраецца ствараць музыку і граць яе пераважна на гуслях. Кажа, што зараз ужо ў другі раз згубіў сваю калекцыю гэтых інструментаў. Першы раз здарыўся падчас пажару ў майстэрні, цяпер яны засталіся ў Беларусі.

«Трэці раз як фенікс з попелу прыйдзецца ўсё аднаўляць, будаваць нанова, — кажа Алесь. — Буду аднаўляць. Пакуль у прыярытэце, вядома, праверыць здароўе. Затым трэба атрымаць усе неабходныя паперкі, каб легалізавацца. І буду зноў займацца гуслямі».

Каментары12

  • политзек
    18.09.2026
    почему он думает, что в Польше не будет проблем с легализацией?
    там уже сотни беларусов сидят как в клетке без действующих паспортов и без побытов, без проездных доков, без международки... без банков, без разрешений на работу.
    и поляки НИЧЕГО не делают.
    да, сейчас ему что-то дадут, но когда придет время продлять, он пополнит их ряды с вероятностью в 99%.
    но один товарищ сказал, что "няма кейсау". наверно так и есть, а я все придумал.. ну-ну..
  • .
    18.09.2026
    Жывое інтэрв’ю.
    У цытатнік:
    "Псыхалягічная дапамога патрэбная тым людзям, якія засталіся ў Беларусі і не разумеюць, дзе яны засталіся.
    Тыя, хто прайшоў праз турмы, праз катаваньні, праз зьдзекі — яны ўсё зразумелі. І галава і глузды ў іх сталі на свае рэйкі."

    (Пра непалітычныя справы) "Турмы перапоўненыя таму што сыстэма лянуецца расьсьледаваць сапраўдныя крымінальныя злачынствы. На арыштаваных няма доказнай базы, у любой іншай краіне яны проста не трапілі б у турму".

    "Супрацоўнікаў беларускіх радыёстанцый, якія можна слухаць за кратамі, я хачу папярэдзіць, што яны ўдзельнічаюць у катаваньнях".


    Што з дзіўнай справай, за якую яго затрымалі? Казалі пра экстрэмісцкае фармаванне «Да Зораў», у якое яшчэ ўваходзіў Сямён Малашэнкаў. Гэта за яе судзілі ці яна развалілася?

    І аўтары сайта, зараз не выкарыстоўваеце тыя магчымасці, якія дае сайт і што было прынята раней. Кантэксту (напрыклад, спасылкі на навіну з затрыманнем) няма, тэгі па асобах даўно не выкарыстоўваеце, блок "Чытайце яшчэ" не рэлевантны. Што адбываецца, чаму так?

    Усім раю ягоны канал на youtube gusliby. На прыгаданыя ў інтэрв’ю пераклады Крупа таксама даўно звярнуў увагу.
  • Ну ты даёшь, вот честно
    18.09.2026
    А что поляки ДОЛЖНЫ делать? Это же наша беларуская проблема. Так работает законодательство Польши. Тоесть под нас, под наши хотелки, под наш взгляд на мир поляки должны менять своё заканадательство? Можно конечно выразить своё недовольство бюрократической машиной Польши, Германии и других стран, но я думаю, что отношение после этого если и поменяется, то только в худшую сторону. Ну вы оглянитесь просто вокруг, посмотрите в каком мире мы живём. Да у нас тут война идёт в 30 км от границы. Танки едут, летят самалёты, ракеты. Бомбят Чернигов, бомбят Киев. Там люди УМИРАЮТ, дети, маленькие, груднички, и этих украинских беженцев, которых миллионы, и они бегут от войны. От бомб бегут, не от ментов беларуских, так их тупо избивают на улицах Польше. Ну а беларусам должны красные дорожки стелить везде. Сюр. Очнитесь уже.

Цяпер чытаюць

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі13

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы2

Беларусы прыдумалі, як штучна разводзіць рачных ракаў1

На надмагільным помніку акадэміка Гніламёдава падкрэслілі яго паходжанне ФОТАФАКТ1

«Вольва», «Таёта», «Мэрсэдэс». Каментар пад паведамленнем пра «патрыятычны аўтапрабег» сабраў рэдкасную колькасць лайкаў6

«Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам» выключылі з амерыканскіх санкцыйных спісаў

Мерц заявіў пра завяршэнне «эры безумоўнага трансатлантычнага сяброўства»4

У Літве застануцца толькі 13 з 25‑ці вызваленых учора палітвязняў4

«Назаву хоць зайцамі». Джон Коўл патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязняў15

У Беларусі пробашча касцёла забралі ў войска. Але не надоўга

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі13

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць