Тыраназаўру «памералі тэмпературу» праз 66 мільёнаў гадоў. Вось што высветлілася
Зубы аднаго з самых вядомых драпежнікаў у гісторыі захавалі інфармацыю пра тое, наколькі гарачым было яго цела. Новыя звесткі дапамагаюць разабрацца ў даўняй спрэчцы пра фізіялогію дыназаўраў і зразумець, як тыраназаўры маглі жыць нават у халодным клімаце.

Доўгі час дыназаўраў уяўлялі падобнымі да сучасных рэптылій і меркавалі, што тэмпература іх цела залежала ад навакольнага асяроддзя. Але за апошнія дзесяцігоддзі з'явілася ўсё больш сведчанняў, што прынамсі некаторыя з іх маглі самі выпрацоўваць цяпло і падтрымліваць высокую тэмпературу цела.
На гэта ўказвалі сваяцтва дыназаўраў з сучаснымі птушкамі, хуткасць росту іх костак, а таксама знаходкі ў высокіх шыротах, дзе зімой было холадна. Аднак гэтыя сведчанні былі пераважна ўскоснымі. Да таго ж дыназаўры былі вельмі разнастайнай групай, таму нельга меркаваць, што ўсе яны мелі аднолькавы абмен рэчываў.
Цяпер навукоўцы атрымалі больш непасрэдныя звесткі пра тыраназаўра рэкса (Tyrannosaurus rex). Яны даследавалі зубы асобіны па мянушцы Томас, астанкі якой захоўваюцца ў Музеі натуральнай гісторыі акругі Лос-Анджэлес.
Зуб замест тэрмометра
Як піша IFLScience, хімічны склад зубной эмалі дазволіў навукоўцам вызначыць, пры якой тэмпературы яна фарміравалася.
Сакрэт у сувязях паміж цяжкімі ізатопамі вугляроду і кіслароду: пры больш нізкіх тэмпературах такія сувязі ўтвараюцца часцей. Вымераўшы іх долю ў зубной эмалі, навукоўцы могуць вызначыць тэмпературу, пры якой рос зуб.
Эмаль асабліва добра пасуе для такога аналізу. Косткі на працягу жыцця пастаянна перабудоўваюцца, а крышталічная структура эмалі вельмі трывалая, таму яна лепш супрацьстаіць хімічным зменам пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя.
Ёсць, аднак, і мінус: для аналізу даводзіцца пашкодзіць сам выкапень.
36,3 градуса
Аналіз паказаў, што зубы Томаса фарміраваліся пры тэмпературы каля 36,3°C, плюс-мінус два градусы. Гэта вельмі блізка да тэмпературы цела чалавека.
Але высокая тэмпература яшчэ не азначала, што тыраназаўр выпрацоўваў цяпло сам. Яна магла быць звязаная з цёплым кліматам, у якім жыла жывёла.
Каб гэта праверыць, навукоўцы даследавалі зубы кракадзілаў з той жа фармацыі Хэл-Крык у штаце Мантана, дзе памёр Томас. Іх тэмпература аказалася каля 30°C.
Томас і гэтыя кракадзілы маглі жыць не дакладна ў адзін час, але розніца ў тэмпературы ўсё роўна сведчыць на карысць таго, што тыраназаўр рэкс быў эндатэрмам, гэта значыць, сам выпрацоўваў цяпло.
Што гэта мяняе ў нашым уяўленні пра тыраназаўра
Здольнасць падтрымліваць высокую тэмпературу цела патрабуе шмат энергіі, а значыць, і больш ежы. Але яна магла даваць драпежніку і перавагі. Цеплакроўны тыраназаўр рэкс мог даўжэй пераследаваць здабычу.
Новыя вынікі дапамагаюць зразумець і тое, як тыраназаўры маглі жыць у халодных рэгіёнах. Астанкі прадстаўнікоў гэтай групы знаходзілі на Алясцы, дзе нават у часы дыназаўраў зімой было холадна. Здольнасць выпрацоўваць уласнае цяпло магла дапамагаць ім пераносіць такія ўмовы.
Гэта магло адыграць ролю і ў распаўсюджванні продкаў тыраназаўра рэкса. Паводле аднаго з аўтараў даследавання Роберта Ігла, высокая тэмпература цела і эндатэрмія маглі палегчыць іх перамяшчэнне паміж Азіяй і Паўночнай Амерыкай праз раён Берынгава праліва.
Цяпер даследчыкі хочуць прымяніць свой метад да іншых старажытных жывёл. Так яны спадзяюцца высветліць, на якім этапе эвалюцыі продкі сучасных птушак набылі здольнасць падтрымліваць высокую тэмпературу цела.
Каментары