26‑гадовага гамельчука асудзілі на 5,5 года калоніі за «паклёп і знявагу Лукашэнкі»
Мацвея Баранава абвінавацілі адразу паводле пяці палітычных артыкулаў і ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».

Мацвею Баранаву 26 гадоў, ён з Гомеля. У 2018 годзе хлопец паступіў у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога на спецыяльнасць «Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах» і паспяхова яго скончыў. Дзе ён працаваў далей, мы адшукаць не змаглі.
Хлопца затрымалі 10 верасня 2025 года. Гомельскі абласны суд разглядаў справу паводле цэлага шэрагу крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 («знявага Лукашэнкі»), ч. 1 і ч. 2 арт. 367 («паклёп на Лукашэнку»), арт. 369‑1 («дыскрэдытацыя Беларусі»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі»), а таксама ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 («садзейнічанне экстрэміцскай дзейнасці»).
Суд прызначыў Баранаву 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Палітвязня ўнеслі ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», праз што ў зняволенні яму заблакавалі грашовыя пераводы.
Цяпер хлопец адбывае тэрмін у папраўчай калоніі №22 («Воўчыя норы») у Брэсцкай вобласці.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»
У Гомелі за палітыку асудзілі кіраўніка аб'яднання, якое шукае парэшткі ахвяраў вайны і сталінскіх рэпрэсій, і яго жонку-медсястру
73‑гадовага афганца асудзілі па дзвюх палітычных крыміналках
Каментары
Якім чынам рэдакцыя вызначыла, што 5,5 гадоў далі менавіта за паклёп? Яму і па 361 маглі даць да 6 гадоў.