Усяго патроху

У Берліне загадкава знікаюць вераб'і. Навукоўцы не ведаюць чаму

У Берліне за некалькі гадоў стала прыкладна на 70% менш вераб'ёў. Іх знікненне здзіўляе навукоўцаў.

Дамавыя вераб'і. Фота: Surachet Shotivaranon / Vecteezy

Дамавы верабей (Passer domesticus) стагоддзямі жыве побач з чалавекам і добра прыстасаваўся да жыцця ў гарадах. Калісьці асабліва шмат корму яму давалі коні: збожжа заставалася ў стайнях і трапляла на вуліцы разам з конскім гноем.

Калі ў пачатку XX стагоддзя коней пачалі масава замяняць аўтамабілі, вераб'і страцілі багатую крыніцу корму, і іх колькасць пачала скарачацца. Нейкі час здавалася, што папуляцыя стабілізавалася на больш нізкім узроўні.

Аднак у апошнія дзесяцігоддзі ў гарадах Заходняй Еўропы колькасць гэтых птушак зноў стала скарачацца. Сярод магчымых прычын называюць сучасную забудову, праз якую становіцца менш прыдатных месцаў для гнездавання, забруджванне навакольнага асяроддзя, рост колькасці драпежнікаў, у тым ліку катоў, і маштабнае скарачэнне колькасці насякомых.

Берлін, аднак, доўгі час заставаўся выключэннем. Яго нават называлі «вераб'інай сталіцай» Германіі. Аднак за апошнія пяць гадоў горад страціў значную частку сваіх вераб'ёў. Паводле ацэнак спецыялістаў, іх колькасць скарацілася прыкладна на 70% у параўнанні з 2021 годам, калі ў горадзе налічвалася каля 190 тысяч гнездавых пар.

«Такое ўражанне, быццам яны проста растварыліся ў паветры», — кажуць у Нямецкім саюзе аховы прыроды NABU.

Чаму знікаюць вераб'і, разбіралася выданне Tagesspiegel.

Чаму менавіта Берлін?

Берлін лічыўся асабліва спрыяльным для гэтых птушак, бо ён, паводле спецыялістаў, «менш стэрыльны» за многія іншыя нямецкія мегаполісы. Зялёныя зоны тут параўнальна рэдка косяць, а на вуліцах хапае харчовых адкідаў. Тое, што можа раздражняць людзей, для вераб'ёў аказваецца перавагай.

Пры гэтым умовы за апошнія гады істотна не змяніліся. Калі б галоўнай праблемай быў недахоп корму, падобнае скарачэнне назіралася б і сярод іншых пеўчых птушак. Але нічога супастаўнага даследчыкі не бачаць.

Не тлумачыць маштаб падзення і недахоп месцаў для гнездавання. Многія прыдатныя для гэтага нішы ў Берліне цяпер проста пустуюць.

Рэзкае знікненне вераб'ёў прымусіла спецыялістаў шукаць прычыну сярод хвароб. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на птушыную малярыю, якую выклікаюць аднаклетачныя паразіты плазмодыі. Пераносяць іх камары.

Пры больш высокіх тэмпературах і ўзбуджальнікі, і іх пераносчыкі хутчэй развіваюцца і лепш распаўсюджваюцца. Таму змяненне клімату можа павялічваць рызыку такіх інфекцый.

Падставы для такой гіпотэзы ёсць. У 2019 годзе даследаванне вераб'ёў у Лондане выявіла сувязь паміж заражэннем плазмодыямі і смяротнасцю птушак. Паразіты не абавязкова забіваюць іх непасрэдна, але аслабляюць арганізм.

Для Берліна падобнага даследавання пакуль няма. Таму птушыная малярыя застаецца толькі адной з магчымых прычын, а загадка рэзкага знікнення вераб'ёў пакуль не разгаданая.

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС23

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Усе навіны →
Усе навіны

Tez Tour пракаментаваў сітуацыю з узломам сайта2

Коўл: Лукашэнка адпусціць 25 чалавек у абмен на санкцыі на «Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам»50

Беларусь і ЗША ўзгаднілі прамежкавае пагадненне14

Па справе Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці на 9 гадоў асудзілі Сяргея Высоцкага7

Стала вядома, хто можа купіць «Лесту» — былое падраздзяленне Wargaming1

У Гродне дзіцячы садок перарабілі ў жылы дом — вось як выглядае

Псіхіятра Уладзіміра Пікірэню абвясцілі ў вышук5

У чарговым шоу на ТНТ — беларускі дэсант: гімнастка Галкіна, баксёр Кудзін і не толькі3

У Кыргызстане так і не знайшлі цела беларускага альпініста, яго больш не будуць шукаць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС23

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць