Свет66

Чаму ў тыраназаўра былі такія кароткія лапы?

Тыраназаўры былі гігантамі, даўжыня якіх дасягала 12—13 метраў. Але пры гэтым іх пярэднія канечнасці былі непрапарцыйна маленькімі, памерам каля метра. Новае даследаванне брытанскіх навукоўцаў тлумачыць магчымыя прычыны такой неадпаведнасці, піша Бі-бі-сі.

Фота: CFOTO/Future Publishing via Getty Images

Tyranosaurus rex належаў да тэраподаў — разнавіднасці пераважна мясаедных двухногіх дыназаўраў.

Нягледзячы на велізарныя памеры, у некаторых тэраподаў былі «да смешнага маленькія лапы», кажа вядучы аўтар даследавання Чарлі Роджэр Шэрэр, аспірант Універсітэцкага каледжа Лондана (UCL) у Вялікабрытаніі.

Існуе шэраг тэорый, якія тлумачаць прызначэнне такіх маленькіх лап, у тым ліку здагадка, што яны адыгрывалі нейкую ролю ў спарванні ці дапамагалі тыраназаўру падымацца з зямлі.

Але аўтары новага даследавання, навукоўцы Кембрыджскага ўніверсітэта і Універсітэцкага каледжа Лондана, мяркуюць, што першапачаткова гэтыя канечнасці маглі быць доўгімі, але потым зменшыліся ў выніку эвалюцыйнага развіцця.

Прычына магла быць у тым, што яны перасталі быць карыснымі для палявання, у адрозненне ад буйной і магутнай галавы і сківіц.

«Усіх заўсёды цікавіла, чаму ў такіх буйных мясаедных дыназаўраў, як тыраназаўр, былі малюсенькія пярэднія канечнасці», — сказала суаўтар даследавання доктар Элізабэт Стыл з Кембрыджскага ўніверсітэта ў праграме Today на радыё Бі-бі-сі.

Група даследчыкаў вывучыла 82 віды тэраподаў і выявіла, што памяншэнне памераў пярэдніх канечнасцей назіралася ў пяці групах, уключаючы тыраназаўрыдаў, сямейства, да якога адносіцца тыраназаўр.

Навукоўцы распрацавалі спосаб вымярэння магутнасці чэрапа, грунтуючыся на такіх фактарах, як яго памеры і спосабы зрашчэння костак.

«Акрамя таго, мы вывучалі суадносіны паміж памерам чэрапа і памерам цела, а таксама даўжыню пярэдніх канечнасцей у параўнанні з памерам чэрапа і памерам цела… і шукалі заканамернасці», — распавяла Стыл.

Эвалюцыйная гонка ўзбраенняў

Высветлілася, што памяншэнне пярэдніх канечнасцей часцей карэлюе з развіццём вялікіх чэрапаў і моцных сківіц, але не з павелічэннем агульнага памеру цела. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што маленькія лапы былі не проста «пабочным прадуктам» павелічэння агульнага памеру цела.

У некаторых тэраподаў, напрыклад, у маюнгазаўра, які жыў на Мадагаскары, таксама былі кароткія пярэднія канечнасці, а самі гэтыя жывёлы не былі вельмі вялікімі. Аднак у іх былі магутныя галовы.

«Яны часта адаптаваліся падобным чынам у тых раёнах, дзе прысутнічала здабыча гіганцкага памеру», — распавёў Шэрэр. Ён мяркуе, што гэта звязана з метадамі палявання.

Частку рацыёну тэраподаў складалі траваедныя дыназаўры, напрыклад, даўгашыія і даўгахвостыя гіганцкія заўраподы.

Даследчыкі мяркуюць, што чэрап драпежнікаў павялічваўся, паколькі павялічваўся памер гэтых траваедных. Тэраподам давялося перайсці на выкарыстанне сківіц для палявання замест кіпцюроў, каб выйграць «эвалюцыйную гонку ўзбраенняў».

«Спрабаваць цягнуць і хапаць 30‑метровага заўрапода кіпцюрамі — не лепшы варыянт. Атака і ўтрыманне сківіцамі маглі быць больш эфектыўнымі, — растлумачыў Шэрэр. — Галава замяніла ў атацы пярэднія канечнасці. Гэта сітуацыя «выкарыстоўвай або страціш» ('use it or lose it') — пярэднія канечнасці перастаюць быць карыснымі і з часам памяншаюцца ў памерах».

Па словах Стыл, некаторыя дыназаўры ўсё ж выкарыстоўвалі свае пярэднія канечнасці, але такія жывёлы развіваліся інакш. «Іх чэрапы змяніліся, яны сталі больш выцягнутымі і крыху больш далікатнымі», — распавяла яна.

Шэрэр прызнае, што гэта даследаванне толькі ўстанаўлівае карэляцыю паміж трываласцю чэрапа і даўжынёй пярэдніх канечнасцей, але наўпрост не даказвае, што адно з'яўляецца прычынай іншага.

Аднак, кажа ён, «вельмі верагодна», што больш трывалыя чэрапы з'явіліся раней, чым больш кароткія пярэднія канечнасці.

«З эвалюцыйнага пункту гледжання адваротная паслядоўнасць нелагічная: каб драпежнікі адмаўляліся ад свайго механізму нападу без запаснога», — растлумачыў ён.

Даследчыкі высветлілі, што ў розных груп тэраподаў, падобна, пярэднія канечнасці ўкарачаліся па-рознаму: у некаторых былі асабліва ўкарочаныя кісці і перадплечча, у той час як у іншых укарачэнне было больш раўнамерным па ўсёй канечнасці. Гэта азначае, што розныя групы маглі дасягнуць аднаго і таго ж выніку паралельнымі эвалюцыйнымі шляхамі.

«Мы пацвердзілі факт, пра які многія і так здагадваліся: пры вялікім чэрапе лапы не вельмі патрэбныя», — сказала Стыл.

Яна мяркуе, што аналагічныя метады для вымярэння трываласці чэрапа можна прымяніць і пры вывучэнні іншых жывёл.

«Гэта было б сапраўды цікава прымяніць да птушак, яны ж таксама тэраподныя дыназаўры, але існуючыя да гэтага часу», — нагадала яна.

Каментары6

  • Ёсік
    30.05.2026
    Шаноўная рэдакцыя НН, ну чаму канечнасьці? Чаму не пісаць беларускай медычнай мовай канцавіны?
  • Тэрапод
    30.05.2026
    Таму што нічога цяжэйшага за айпод у рукі не бяру!
  • Wert
    30.05.2026
    Изображения и легенды о драконах есть во всех странах и материках, но эти "учёные" утверждают что их не существовало....
    Но забавно, как любую огромную кость из земли сразу называют «динозавром». Никто их никогда не видел живыми, но нам предлагают верить в пару костей и фантазии художников.

Цяпер чытаюць

Залішняе будаўніцтва: ці можа любоў беларусаў інвеставаць грошы ў кватэры прывесці да крызісу на рынку нерухомасці?

Залішняе будаўніцтва: ці можа любоў беларусаў інвеставаць грошы ў кватэры прывесці да крызісу на рынку нерухомасці?

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус атрымаў у Польшчы міжнародную абарону, але ездзіць на радзіму29

«Чакаем свае кватэры ўжо шосты год». Дольшчыкі мінскага ЖК Smart запісалі відэазварот да Лукашэнкі4

Правал спецслужбаў трох краін: як увогуле пілот-радыкал апынуўся за штурвалам FlyDubai5

У Германіі ўшчэнт п'яны малады беларус-бяспраўнік збіў матацыкліста і ўцёк5

Пуцін змяніў «план перамогі»: замест прарыву на фронце — вайна гарадоў35

Пілот Flydubai хацеў разбіць самалёт аб тэрмінал аэрапорта ў Тэль-Авіве2

У Расіі магчымая ўспышка чумы. Нават Белы дом сочыць за сітуацыяй19

Беларусь адправіла партыю калію ў ЗША11

Маладую маці з Пінска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Залішняе будаўніцтва: ці можа любоў беларусаў інвеставаць грошы ў кватэры прывесці да крызісу на рынку нерухомасці?

Залішняе будаўніцтва: ці можа любоў беларусаў інвеставаць грошы ў кватэры прывесці да крызісу на рынку нерухомасці?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць