Трамп прапануе Пуціну бізнэс-здзелкі з ЗША да завяршэння вайны з Украінай
Эканамічныя праекты да заканчэння вайны цяпер магчымыя, бо яны прадэманстравалі б сур'ёзнасць намераў ЗША па «перазагрузцы» адносін з Масквой

ЗША прапанавалі Расіі заключыць бізнэс-здзелкі не чакаючы заканчэння вайны ва Украіне, тады як раней пазіцыя Вашынгтона была процілеглай і прадугледжвала аднаўленне эканамічных сувязяў толькі ў якасці «ўзнагароды» за спыненне ваенных дзеянняў. Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Па словах амерыканскага чыноўніка, які гаварыў з газетай, эканамічныя праекты да заканчэння вайны цяпер магчымыя, бо яны прадэманстравалі б сур'ёзнасць намераў ЗША па «перазагрузцы» адносін з Масквой.
Прадстаўнік адміністрацыі ЗША растлумачыў, што Вашынгтон хоча стварыць дадатковыя стымулы, якія падахвочваюць расійскія эліты дамагацца міру. Дасягненне дзелавых пагадненняў да завяршэння вайны магло б дапамагчы пераканаць настроеных антыамерыканскіх «ястрабаў» з атачэння прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў тым, што прэзідэнт ЗША сапраўды імкнецца выбудаваць новыя адносіны з Расіяй, адзначыў чыноўнік. Каманда Трампа, імаверна, змяніла курс у пошуку новых ідэй для спынення вайны пасля таго, як перамовы аб магчымым вывадзе ўкраінскіх войскаў з часткі Данбаса, якая застаецца пад кантролем Кіева, зайшлі ў тупік, адзначае NYT.
Прэзідэнт ЗША называў эканамічны патэнцыял Расіі «велізарным», але раней пазіцыянаваў заключэнне бізнэс-угодаў як узнагароду Маскве за мірнае ўрэгуляванне.
«Яны хочуць весці бізнэс. Але яны не будуць весці бізнэс, пакуль мы не ўрэгулюем вайну», — заяўляў Трамп перад сваёй сустрэчай з Пуціным на Алясцы летась.
Усё паказвае на тое, што ЗША «разглядаюць магчымасць больш буйных саступак Расіі», мяркуе экс-дыпламат ЕС у Кіеве, які цяпер працуе ў агенцтве палітааналізу R. Politik, Балаш Ярабік.
З ягоных слоў, Вашынгтон цяпер дэманструе, што некаторыя пагадненні могуць прасунуцца наперад, калі Масква праявіць стрыманасць ва Украіне. «Раней Вашынгтон адмаўляўся падпісваць такія пагадненні да ўстанаўлення рэжыму спынення агню», — адзначыў ён.
Незразумела, якія менавіта ўгоды абмяркоўваюцца паміж РФ і ЗША. Памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў пасля сустрэчы Пуціна са спецпасланнікамі Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам заяўляў, што падрабязна абмяркоўвалася эканамічная тэматыка і магчымыя буйныя ўзаемавыгадныя расійска-амерыканскія праекты», піша Moscow Times.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары