Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй
КДБ узяў пад варту не менш за дзесяць чалавек.

Арышт адстаўнога падпалкоўніка Дзмітрыя Зары, якога сілавікі палічылі аналітыкам Валерыя Сахашчыка, прывёў да таго, што КДБ як катком прайшоўся па афіцэрскім складзе авіябазы ў Мачулішчах.
Чытайце: У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома
Вядома пра арышт не менш як дзясятка чалавек, якіх падазраюць у камунікацыі з Зарой — што інтэрпрэтуецца як супрацоўніцтва з Аб'яднаным пераходным кабінетам і яго былым «міністрам абароны», камандзірам дэсантнікаў Валерам Сахашчыкам.
Затрыманыя — былыя саслужыўцы Зары, знаёмыя з ім асабіста. У асноўным гэта пілоты з доўгай выслугай, сярод іх палкоўнікі. Гэтымі людзьмі цяпер забітае СІЗА КДБ.
Арыштаваныя адмаўляюць намераную перадачу інфармацыі, абвінавачванні сталі для іх шокам.
Меркавана, спецслужбы ад самага пачатку прысутнасці Зары ў камандзе Сахашчыка ведалі пра гэта з нейкай крыніцы ў яго атачэнні. Вайскоўцаў папярэджвалі, што адстаўны падпалкоўнік «здраднік» і гаварыць з ім трэба асцярожна, а лепш увогуле не гаварыць. Але ўсё ж некаторыя з Зарой па старым знаёмстве размаўлялі на агульныя тэмы — па старым сяброўстве.
«Наша Ніва» пакуль не мае дакладнай інфармацыі, якое абвінавачванне выстаўленае афіцэрам, але па логіцы цяперашніх працэсаў, гэта можа быць як і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», так і «здрада дзяржаве».

Сілавікі лічаць, што Дзмітрый Зара займаўся зборам інфармацыі і аналітычнай работай у камандзе Валерыя Сахашчыка, які ў 2022‑2024 быў членам Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспецы.
Як Дзмітрый Зара апынуўся ў Беларусі, незразумела. Апошнія гады ён публікаваў у сваім інстаграме мноства няскладных паведамленняў штодзень, карыстаўся шыфрамі і няіснымі словамі, цытаваў Біблію, кіраваўся «энергіямі вышэйшага парадку» і гэтак далей. Прызначыў сябе генералам і выдаваў дэкрэты на «ўжыванне боскіх сілаў», якія даводзіў да членаў сваёй сям'і, якія засталіся ў Беларусі.
3 лютага 2026 года Дзмітрый Зара апублікаваў блытаны допіс пра самаахвярнасць Ісуса Хрыста. Гэта стала яго апошнім паведамленнем у інстаграме. Хутчэй за ўсё, адразу ўслед за гэтым Зара вярнуўся ў Беларусь.

«Наша Ніва» звязалася з Валерыем Сахашчыкам, ён не стаў каментаваць сітуацыю.
* * *
Былы камандзір берасцейскіх дэсантнікаў Валерый Сахашчык стаў «міністрам абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце ў 2022 годзе. Перад тым ён выступіў з рэзкім асуджэннем нападу Расіі на Украіну. Сахашчык спрабаваў стварыць беларускае падраздзяленне ва Украіне, але не стаў аб'яднаўчай фігурай для беларускіх добраахвотнікаў-каліноўцаў ці сілавікоў-эмігрантаў.
* * *
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10 050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары