Грамадства

Вячорка расказаў храналогію спробы арганізаваць непублічныя перамовы з Мінскам, каб дээскалаваць сітуацыю

Мінск спачатку падаваў сігналы зацікаўленасці, але за тры месяцы да нападу на Украіну Масква выступіла супраць, і Макей назваў ініцыятыву «бессэнсоўнай». Пра спробы дыялогу з прадстаўнікамі Лукашэнкі ў фэйсбуку расказаў старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Круглы стол па перамовах у Беларусі і дапамозе пратэстоўцам у Аўстрыі. Фота: ОСЦ

Шаноўны Андрэй Бушыла згадаў у інтэрв’ю ТОК Настассі Роўда пра венскія перамовы 2020—2021, калі сітуацыя магла пайсці зусім па іншым шляху. З яго слоў бачна, як выглядала з таго боку. Распавяду, як гэта выглядала з нашага.

Тая гісторыя засталася невядомай шырокай публіцы: як мы разам з Аўстрыяй, міжнароднымі пасярэднікамі і арганізацыяй Humanitarian Dialogue спрабавалі арганізаваць мірныя перамовы з прадстаўнікамі рэжыму.

Вось кароткая храналогія.

21 верасня 2020. Брусель.

Святлана Ціханоўская ўпершыню сустракаецца з міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам падчас сустрэчы з кіраўнікамі МЗС краін Еўразвязу. Ужо тады яна прапануе разглядаць міжнароднае пасярэдніцтва як шлях да новых выбараў.

8 кастрычніка 2020. Аэрапорт Вены.

На зваротным шляху з канферэнцыі GLOBSEC у Браціславе Святлана праводзіць асобную сустрэчу з Шаленбергам проста ў венскім аэрапорце.

Размова працягваецца каля паўгадзіны. Абмяркоўваем, ці магла б Аўстрыя стаць пляцоўкай для перамоў аб новых выбарах. Шаленберг прапануе дапамогу Аўстрыі ў пасярэдніцтве.

Але ўжо тады аўстрыйскі міністр публічна адзначае, што беларускія ўлады адхіляюць прапановы міжнароднага пасярэдніцтва.

5—6 лістапада 2020. Першы закрыты круглы стол у Вене.

Святлана сустракаецца з канцлерам Себасцьянам Курцам. Наступнага дня ў Вене адбываецца закрыты круглы стол, арганізаваны цэнтрам ICEUR. Удзельнічаюць Святлана з камандай, Валер і Вераніка Цапкалы, прадстаўнікі каманды Паўла Латушкі, аўстрыйскія дыпламаты і эксперты.

Сярод арганізатараў і ўдзельнікаў — былы віцэ-канцлер Эрхард Бузэк і амбасадар Марцін Сайдзік, які раней прадстаўляў АБСЕ на перамовах па Данбасе.

Абмяркоўваем магчымыя фарматы перамоў, міжнародныя гарантыі, удзел Расіі і Еўразвязу.

Па выніках сустрэчы арганізатары прапануюць стварыць пастаянны механізм дыялогу. Але прадстаўнікоў рэжыму на гэтым круглым стале яшчэ няма.

Сакавік 2021. Кантакты з Марцінам Сайдзікам.

Наш прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі сустракаецца з Сайдзікам у Вене. Сайдзік супрацоўнічае з Centre for Humanitarian Dialogue (HD) — міжнароднай арганізацыяй, якая мае вялікі досвед канфідэнцыйнага пасярэдніцтва ў канфліктах.

Мы вывучаем магчымасць выкарыстаць гэты канал, каб арганізаваць кантакты з прадстаўнікамі Лукашэнкі.

Ідэя простая: калі рэжым не хоча публічных перамоў, можна пачаць з закрытых экспертных кансультацый, без камер і гучных заяў.

20—24 красавіка 2021. Humanitarian Dialogue і Мінск.

Сайдзік паведамляе нам, што HD ужо працуе па беларускай тэме. Ён плануе трохдзённы візіт у Мінск разам з калегам (імя не называем).

Паралельна мы спрабуем арганізаваць сустрэчу Сайдзіка і NN са Святланай у Вене, каб абмеркаваць далейшыя крокі. Сустрэчу рыхтуем, але праз змены ў графіку яна не адбываецца.

26—28 красавіка 2021. Аўстрыя гатовая пасярэднічаць.

Святлана зноў у Вене. Сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам Ван дэр Беленам, канцлерам Курцам і міністрам Шаленбергам. Мы перадаём аўстрыйскім партнёрам падрыхтаваны план мірнага ўрэгулявання.

Ён прадугледжвае два этапы.

Спачатку — папярэднія кансультацыі без папярэдніх умоў, у тым ліку з прызначанымі Лукашэнкам прадстаўнікамі.

Пасля — паўнавартасныя палітычныя перамовы, для якіх неабходныя вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій і гарантыі бяспекі ўдзельнікаў.

Мэта — выхад з крызісу. Абмяркоўваюцца таксама міжнародныя гарантыі, пераходны перыяд і магчымыя ўмовы мірнай перадачы ўлады.

Шаленберг пацвярджае гатоўнасць Аўстрыі быць пасярэднікам, але адзначае, што не бачыць жадання Лукашэнкі ўдзельнічаць у дыялогу.

Травень — ліпень 2021. Рыхтуем міжнародную канферэнцыю.

Святлана прапануе Курцу склікаць міжнародную канферэнцыю для пошуку мірнага выйсця з беларускага крызісу. Курц падтрымлівае ініцыятыву.

Мы праводзім кансультацыі з аўстрыйскім урадам, прапануем далучыць Швейцарыю і Фінляндыю, абмяркоўваем ролю АБСЕ, Еўразвязу і Расіі.

Швейцарыя адказвае, што для яе ўдзелу ў якасці суарганізатара неабходная прысутнасць усіх палітычных бакоў.

Гэта становіцца галоўнай праблемай: мы гатовыя да перамоў, міжнародныя пасярэднікі гатовыя дапамагаць, але ад рэжыму згоды няма.

Кастрычнік 2021. Яшчэ адна спроба.

Мы зноў звяртаемся да ICEUR і Марціна Сайдзіка, прапануем арганізаваць у Вене асобныя экспертныя дыскусіі пра перамовы паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі.

Паралельна аўстрыйскі ўрад рыхтуе канферэнцыю высокага ўзроўню.

У праекце праграмы прадугледжваецца ўдзел прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Аўстрыя накіроўвае адпаведныя запрашэнні.

Мяркуецца, што частка дыскусій адбудзецца ў закрытым фармаце, дзе людзі змогуць выказвацца свабодней.

Лістапад 2021. Рэакцыя Мінска і Масквы.

Аўстрыйскі бок запрашае на канферэнцыю ў тым ліку Уладзіміра Макея і Сяргея Лаўрова.

Але 10 лістапада Макей публічна называе венскую ініцыятыву «бессэнсоўнай» і «недружалюбным крокам» у адносінах да Беларусі.

Ён абвяшчае, што ніводзін беларускі чыноўнік не прыедзе.

Лаўроў таксама крытыкуе прапанаваны фармат дыялогу. Паводле аўстрыйскай дэпутаткі Эвы Эрнст-Дзедзіч, беларускія ўлады спачатку праяўлялі цікавасць, але пасля адмоўнай рэакцыі Расіі вырашылі не ўдзельнічаць.

22 лістапада 2021. Венская канферэнцыя.

Нягледзячы на адмову Мінска, канферэнцыя адбываецца.

У ёй удзельнічаюць канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг, міністр замежных спраў Міхаэль Лінхарт, Святлана Ціханоўская, еўракамісар Олівер Вархеі, больш за 10 міністраў еўрапейскіх краін, прадстаўнікі ЗША, АБСЕ і беларускіх дэмакратычных сіл.

Абмяркоўваюцца палітвязні, мірнае ўрэгуляванне крызісу, міжнародныя гарантыі і будучыня Беларусі.

Але прадстаўнікоў Лукашэнкі няма. Непасрэдныя перамовы так і не пачынаюцца.

***

Мы шукалі пасярэднікаў, распрацоўвалі канкрэтныя прапановы, абмяркоўвалі гарантыі, рыхтавалі закрытыя сустрэчы, пераконвалі еўрапейскія ўрады.

Мы былі гатовыя размаўляць нават з прадстаўнікамі Лукашэнкі, калі гэта магло спыніць гвалт і прывесці да новых выбараў.

Мы не ставілі папярэдніх умоў для пачатку кансультацый. Але заўсёды настойвалі, што сапраўднае палітычнае ўрэгуляванне немагчымае без вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій.

У 2020—2021 гадах існаваў рэальны шанец паспрабаваць арганізаваць мірны палітычны працэс. Аўстрыя была гатовая дапамагчы. Міжнародныя пасярэднікі шукалі шляхі.

Лукашэнка так хацеў утрымацца пры ўладзе, што баяўся любых спроб размаўляць з беларусамі. У выніку Беларусь рукамі Лукашэнкі была ўцягнутая ў вайну, а беларусы заплацілі за гэта рэпрэсіямі, суверэнітэтам і трапілі ў ізаляцыю.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку43

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»20

Сталініста Драбышэўскага выгналі з Камуністычнай партыі Беларусі11

Лукашэнка сказаў, што ў яго няма сяброў23

Зборныя Беларусі па хакеі не дапусцілі да чэмпіянатаў свету ў 2027 годзе7

«Яшчэ нічога не патраціў». Бяляцкі расказаў, на што патраціць грошы ад Нобелеўскай прэміі міру7

На мінскай Камароўцы ўпалі цэны: бананы каштуюць 1,9 рубля, мандарыны — 3,9

З ютуба выдаленыя два чарговыя стрымы Ціханоўскага21

Легендарны хакеіст з беларускімі каранямі Грэцкі падтрымаў адмову Канады выдаваць візы расійскім хакеістам

Па тэлевізары паказалі, як Баскаў падарыў заплечнікі шматдзетнай сям’і. А пра іх дом за $1,8 мільёна прамаўчалі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку43

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць