Беларуска стала італьянскай кіназоркай і адкрыта выступае супраць дыктатуры Лукашэнкі
У сярэдзіне студзеня па адным з галоўных тэлеканалаў Італіі RAI3 паказалі мюзікл «Краіна мараў». Галоўная гераіня — італьянская імігрантка ў ЗША Эва, якая зарабляе мыццём посуду ў папулярным клубе і марыць стаць спявачкай. Яе ролю выканала беларуска Кацярына Шульга, якая ледзь не літаральна прайшла шлях сваёй гераіні і стала самай вядомай беларускай у Італіі, распавядае «Свабода».

Калі 12‑гадовая дзяўчынка эмігравала з Гродна ў Рым у 2005 годзе, то ведала на італьянскай толькі два выразы «Прывітанне» і «Дзе туалет?» Цяпер Кацярыне Шульзе 32. Яна мае за сабой кар’еру італьянскай мадэлі, грала ў тэатры, знялася ў дзясятках фільмаў і серыялаў. Некалькі гадоў таму яна зняла ўласны фільм пра Беларусь і стала адной з самых заўважных адвакатак сваёй радзімы ў Італіі.
Кацярына нарадзілася ў Гродне ў сям’і настаўніцы і міліцыянта. Аднак бацькі пазней развяліся. Яе дзяцінства праходзіла ў раёне Дзевятоўка. Калі дзяўчынцы было 10 год, мама вырашыла з'ехаць у Італію ў пошуках лепшага жыцця. Спачатку паехала сама, на «разведку». Кацю гадавалі бабуля з дзядулем. Праз два гады мама забрала дачку ў Остыю, пад Рымам.
Дарэчы, мама Кацярыны — дзяячка беларускай дыяспары ў Італіі Вольга Сурынава. Падчас пратэстаў у Беларусі і пасля іх яна ладзіла акцыі салідарнасці ў Рыме. А 2024 годзе яна стала кандыдаткай на выбарах у Еўрапарламент ад італьянскай партыі Più Europa.
«Удзельнічаю ў кампаніі ад імя беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю», — казала тады Вольга Сурынава. Тэму Беларусі яна актыўна прасоўвала падчас выбарчай кампаніі. За яе аддалі галасы больш за тысячу выбаршчыкаў, але гэтага не хапіла, каб атрымаць мандат еўрадэпутаткі.
У першыя гады эміграцыі Кацярына Шульга жыла ў Остыі, пад Рымам. Гэта мястэчка на беразе Міжземнага мора. Там яна пайшла ў італьянскую школу.
«Я размаўляла па-француску, але не па-італьянску, таму ў школе на мяне глядзелі звысоку. Гэта былі 2000-я, у модзе былі джынсы з адкрытай бялізнай, а я насіла зашпіленую блузку, як у Беларусі, і думала пра сябе: як я магу жыць у гэтай краіне, калі я нават не ведаю, як рэзаць піцу?» — расказвала некалькі гадоў таму Шульга італьянскаму выданню Oggi.
Але разгубленасць не трывала доўга. Яшчэ падчас вучобы ў школе, калі ёй было 15 год, дзяўчына пачала супрацоўнічаць з мадэльнымі агенцтвамі. Два дні ў месяц яна здымалася ў Рыме для рэкламы і часопісаў моды. Зарабляла каля 800 еўра і не мусіла прасіць грошы ў мамы.
Прыгода з кіно пачалася зусім выпадкова. Кацярына прыйшла на кастынг моднага часопіса. У суседнім пакоі адбываўся кастынг на ролю ў серыяле. Шукалі бландзінку з доўгімі валасамі.
«Я сядзела ў чарзе ў свой пакой. Побач праходзіла жанчына і прапанавала зайсці да іх. Мне далі сцэнар, я яго прачытала і адразу пачула, што я пасую. Але я да гэтага ніколі не грала, мне было ўсяго 16 год. Я мусіла граць вучаніцу ліцэя. Мяне спыталі, ці ўмею я ездзіць на матацыкле, бо гэта трэба для сцэны. Я як сумленная беларуска адказала, што так, мы ж усё ўмеем. Здымкі прызначылі праз 10 дзён і я адразу пайшла на ўрокі язды на матацыкле. Але калі прыйшла на працу, то не змагла затармазіць, мяне даводзілася даганяць. Але пасля гэтага ўсё пайшло добра. Рэжысёры мяне пазнавалі і запрашалі на іншыя здымкі», — расказвала Кацярына ў інтэрв'ю.
Кацярыну запрашалі здымацца не толькі ў кіно, але і ў музычных кліпах. Адной з самых паспяховых была супраца са спеваком Фрачэска Рэнгі. Кліп на ютубе сабраў 46 мільёнаў праглядаў.
Паспяховым быў таксама кліп міланскіх рэпераў з гурта Club Dogo.
У 2013 годзе Шульга атрымала прэмію «Найлепшая актрыса-пачаткоўка» ў рамках фестывалю незалежнага аўтарскага кіно ў Апуліі. Праз 10 год беларуску запрасілі ўжо ў прафесійнае журы гэтага фэсту.
У 2019 годзе яна знялася ў псіхалагічным трылеры «Чалавек у лабірынце» разам з Дасцінам Гофманам і італьянцам Тоні Сэрвіла, улюбёнцам рэжысёра Паола Сарэнціна, які граў у «Вялікай прыгажосці». Роляй мары Шульга называе дзяўчыну Джэймса Бонда.
Акцёрства звяло Шульгу з будучым мужам, кінапрадзюсарам Марка Белардзі. У Беларусі многія могуць ведаць ягоны фільм «Ідэальныя незнаёмцы». Гэта камедыя пра семярых сяброў, якія збіраюцца на вячэру і пачынаюць гульню: зачытваюць услых усе SMS і паведамленні ў сацыяльных сетках, а званкі ставіць на гучную сувязь. Шульга часта падкрэслівае, што муж не меў ніякага ўплыву на яе кар’еру. Першыя восем год яна не здымалася ў фільмах, якія прадзюсаваў яе муж. Апошні, да якога меў дачыненне яе муж, гэта акурат кінамюзікл «Краіна мараў».
У Кацярыны і Марка трое дзяцей: сын Ларэнца і блізняткі Ніна ды Футура. Ларэнца паспеў не раз пабываць у Беларусі, а дочкі нарадзіліся ў 2020 годзе. Пасля самых буйных у гісторыі Беларусі пратэстаў Кацярына Шульга не можа паехаць у Беларусь.
Яна часта падкрэслівае сваю беларускасць, у інтэрв'ю расказвае пра дыктатуру Лукашэнкі, а ў сацыяльных сетках дзеліцца інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі. Калі ў адным з інтэрв'ю яе спыталі пра падабенствы і адрозненні беларусаў і італьянцаў, Шульга сказала: «Для мяне яны вельмі падобныя. Магчыма, беларусы спачатку больш насцярожаныя — з павагі і праз ветлівасць, але потым і беларусы, і італьянцы ўмеюць вельмі моцна давяраць».
У 2021 годзе, калі Святлана Ціханоўская была з візітам у Рыме, яна сустрэлася з Кацярынай Шульгой.

Праз год беларуска зняла дакументальны фільм Insultati. Bielorussia паводле п’есы Андрэя Курэйчыка.
Спачатку Кацярына хацела паставіць п’есу ў тэатры, але гэта было ў часы пандэміі кавіду. Было складана знайсці акцёраў і сабраць іх разам у Рыме. Фільм аказаўся ў той час адзінай магчымасцю. Шульзе ўдалося сабраць вядомых актораў. Па яе словах, яны «ні на хвіліну не вагаліся» і адразу пагадзіліся зняцца ў фільме.

«Для мяне неверагодна важна працягваць інфармаваць звычайных людзей пра сапраўдную гісторыю беларускага народа», — сказала Кацярына ў інтэрв'ю.
Тэксты ў фільме чытаюць тытулаваныя італьянскія акторы Лука Арджэнтэра, Амбра Анджаліні, Стэфана Фрэзі. Прэм’ера фільма адбылася на Трыесцкім кінафестывалі. Яго таксама паказвалі ў італьянскім парламенце.
У інтэрв'ю Шульга падкрэслівае, што «Мая Беларусь — гэта не краіна Лукашэнкі» і што «Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ, бо яго ніколі не абіралі».
У 2024 годзе ў рымскім Teatro Golden адбылася прэм'ера спектакля Insultati. Bielorussia, дзе Шульга была і рэжысёркай, і актрысай. У гэтай пастаноўцы яна расказала і пра свайго стрыечнага брата Мішу, прысвяціўшы прэм'еру яму.
Міхась Шавельскі быў беларускім добраахвотнікам ва Украіне, парамедыкам у беларускім батальёне «Тэрор». Ён загінуў 11 кастрычніка 2022 года падчас баёў у Херсонскай вобласці, між сёламі Безыменнае і Шчаслівае. Хлопцу быў 21 год. У інтэрв'ю Шульга расказвала, што гулялася з ім, калі яны былі дзецьмі. У сваім Інстаграме яна выставіла здымак, на якім трымае брата на руках. (Перагарніце здымак на апошні).
«Ён вучыўся на філасофскім факультэце, быў вельмі разумны. Я ведаю шмат людзей, якія пакідаюць Беларусь і едуць ваяваць ва Украіну. Беларускі народ з Украінай, а не супраць яе», — сказала Кацярына ў адным з інтэрв'ю.
Міланская газета Corriere della Sera пісала ў 2016 годзе, што біяграфія Кацярыны Шульгі выглядае «як сцэнар фікшн-сэрыялу». Яна пабудавала новае жыццё з нуля — без мовы, сувязяў і гарантый. У чужой краіне з цяжкой адаптацыяй яна паступова ўвайшла ў свет італьянскага кіно і тэлебачання, дзякуючы ўласнай настойлівасці. Выданне падало Шульгу як прыклад пакалення маладых мігрантаў, для якіх Італія стала домам, але мінулае — важнай часткай ідэнтычнасці. У матэрыяле акцэнтуецца, што Кацярына не адмовілася ад свайго паходжання і не спрабавала «растварыцца» ў італьянскай рэчаіснасці, а наадварот — прынесла з сабой іншасць, якая стала яе адметнасцю як актрысы.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Хочаце жыць доўга — шукайце раён з нармальнымі дрэвамі. Навукоўцы высветлілі, што дрэвы ратуюць ад інфарктаў, а газоны могуць нават нашкодзіць здароўю
Каментары
Маці дзядуле бабуле за выхаванне