Раніцай 24 верасня на тэрыторыі манастыра бенедыкцінак у польскім Яраславе Падкарпацкага ваяводства адбыўся напад з нажом. 31‑гадовы грамадзянін Украіны параніў пяць чалавек — чатырох мужчын і адну жанчыну. Адзін з мужчын, каталіцкі святар, пазней памёр у бальніцы, піша выданне Wiadomości.

Паведамленне пра напад паступіла ў паліцыю каля 9:30. Праваахоўнікі затрымалі падазраванага на тэрыторыі абацтва. Высветлілася, што сам ён не жыў у Яраславе: уначы прыехаў у Польшчу з Германіі.
Паводле мясцовай пракуроркі, мужчына накіроўваўся да памежнага пераходу для выезду ва Украіну, але дзяржаўную мяжу там не перасякаў. Следчыя пакуль не высветлілі, як менавіта ён дабраўся да Яраслава і трапіў на тэрыторыю кляштара.
Паводле сведкаў, мужчына мог трапіць у кляштар разам з групай школьнікаў. Раней на тэрыторыю манастырскіх садоў зайшла група вучняў мясцовай школы, якіх настаўнікі вывелі туды на заняткі фізкультурай.
Ёсць таксама версія, што раніцай мужчына прыйшоў да брамы кляштара і прасіў матэрыяльнай дапамогі. Паводле расказаў сведкаў, святары, якія займаюцца дабрачыннай дапамогай для малазабяспечаных, адправілі яго дадому, паколькі ён мог быць у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. Яму нібыта сказалі вярнуцца, калі ён будзе цвярозы. Адзін са сведкаў сцвярджаў, што пасля гэтага мужчына раззлаваўся і пачаў пагражаць святарам. Следства пакуль не пацвердзіла гэтую версію.
Настаяцельніца бенедыкцінскага манастыра заявіла, што нападнік не меў ніякіх сувязяў з манаскай супольнасцю і што там яго не ведалі. Паводле яе слоў, ён выглядаў вельмі ўзбуджаным і быў апрануты ў кароткія шорты і майку, нягледзячы на халоднае надвор'е.
Пракурорка паведаміла, што пасля трапляння на тэрыторыю кляштара мужчына зайшоў у кухонныя памяшканні. Менавіта там адбылася яго першая сустрэча з людзьмі, якія пазней сталі пацярпелымі. З кухні ён узяў нож, пасля чаго напад працягнуўся ў касцёле.
Адзін з пацярпелых меў шматлікія колатыя і рэзаныя раны грудной клеткі і жывата. Ён страціў шмат крыві, пасля чаго ў яго спынілася сэрца. Рэанімацыя не дала выніку. Яшчэ два пацярпелыя атрымалі вельмі цяжкія раненні і былі праапераваныя. Яны таксама мелі шматлікія раны ў вобласці жывата і грудной клеткі.
Самога нападніка таксама даставілі ў бальніцу. У яго ўзялі кроў, каб праверыць наяўнасць алкаголю і наркатычных рэчываў. Пасля гэтага мужчыну перавезлі ў павятовае ўпраўленне паліцыі ў Яраславе. Пракурорка адзначыла, што спачатку дактары павінны вызначыць, ці дазваляе яго стан здароўя праводзіць з ім следчыя дзеянні.
Пасля трагедыі ўлады Падкарпацкага ваяводства заявілі пра накіраванне ў Яраслаў дадатковых сіл для гарантавання бяспекі. У горадзе таксама вырашылі павялічыць колькасць паліцэйскіх патрулёў. Мэр Яраслава абвясціў у горадзе жалобу да канца тыдня і заклікаў адмяніць запланаваныя на гэты час масавыя мерапрыемствы. Паводле яго слоў, дадатковыя патрулі неабходныя таксама з-за асцярогі магчымай рэакцыі на трагедыю і новых інцыдэнтаў.
На напад адрэагавалі польскія палітыкі. Прэм'ер Дональд Туск паведаміў, што падазраваны знаходзіцца ў руках паліцыі, і заявіў, што ён павінен панесці пакаранне ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам. Прэзідэнт Караль Наўроцкі падкрэсліў неабходнасць хуткага і поўнага высвятлення ўсіх абставін здарэння і гарантавання бяспекі людзей. Прадстаўнікі іншых польскіх палітычных сіл таксама заклікалі ўстанавіць матывы нападніка, абставіны яго знаходжання ў Польшчы і магчымыя папярэднія кантакты са службамі.
Амбасада Украіны ў Польшчы рашуча асудзіла напад і заявіла, што любыя праявы гвалту з'яўляюцца недапушчальнымі. Дыпламаты выказалі спачуванні сям'і і блізкім загінулага, пажадалі хуткага выздараўлення пацярпелым і заклікалі захоўваць спакой і ўзаемную падтрымку, каб не дапусціць росту грамадскай напружанасці.
Следства працягваецца. Пакуль не ўстаноўлены канчатковыя матывы нападніка і дакладная паслядоўнасць усіх падзей, якія прывялі да трагедыі.
Два гады таму ў Італіі забілі беларускую танцоўшчыцу. Цяпер за гэта асудзілі яе партнёра-паляка
У Варшаве беларус адмовіўся плаціць за таксі і пагражаў кіроўцу. Яго дэпартуюць
У Кіеве затрымалі расійскую агентку, якую пераправілі праз Беларусь. Яна планавала палітычнае забойства
«І прыходзіў, і парасон над ёй трымаў, і абдымаў, і цалаваў». Маці забітай Таццяны Марцішчанкі расказала пра яе адносіны з бацькам дзіцяці
Каментары