Найбуйнейшай у свеце фан-супольнасцю Лэдзі Гагі кіруе хлопец з Мінска, які адседзеў за пратэсты. Расіяне паспяшаліся запісаць яго ў свае
Допіс уладальніка фан-праекта спявачкі пра сваё зняволенне за ўдзел у пратэстах супраць несвабоды выклікаў шквал эмоцый у сацсетках. Многія на Захадзе і ў Расіі ўспрынялі яго як прыклад барацьбы расіян з рэжымам Пуціна. «Наша Ніва» знайшла, хто ён насамрэч і за што адбываў пакаранне.

Паведамленне з’явілася 22 верасня 2026 года ў акаўнце Gaga Daily ў твітары і ўжо сабрала больш за тры мільёны праглядаў. У ім заснавальнік праекта патлумачыў прычыну сваёй больш чым двухгадовай адсутнасці:
«Выбачайце за адсутнасць абнаўленняў, я літаральна быў у турме. Гэта Кірыл. Калі вы мяне не ведаеце, я ўладальнік Gaga Daily, і кожны допіс у сацсетках, які вы бачылі з 2009 па 2024 год, быў ад мяне. Я ніколі не выкарыстоўваю гэты акаўнт для асабістых допісаў, але адчуваю, што абавязаны вам усё патлумачыць.
У пачатку 2024 года мяне арыштавалі на радзіме за пратэсты супраць урада і асудзілі больш чым на два гады турмы. На працягу эры MAYHEM гэты акаўнт вялі мае сябры Крысціян і Энтані, якія выканалі неймаверную працу. Цяпер я на волі, я ў бяспецы, і я не магу дачакаць, каб вярнуцца да таго, што я так моцна люблю.
Я надзвычай крануты і ўдзячны за ўсе твіты і паведамленні падтрымкі, якія вы мне даслалі. Я так моцна люблю гэтую супольнасць, і здаецца сюррэалістычным, што так шмат людзей, якія не ведаюць адно аднаго, чыя адзіная сувязь — гэта такая дурасць, як любоў да адной поп-зоркі, могуць сфармаваць такую моцную сувязь, якая доўжыцца столькі гадоў. Дайце ведаць, калі ў вас ёсць пытанні, і не саромейцеся сачыць за мной у IG на @krzzle, калі хочаце заставацца на сувязі. Калі LG8?»
Sorry about the lack of updates, I was literally in prison
Kirill here. If you don’t know me, I’m the owner of Gaga Daily, and every social media post you saw from 2009 through 2024 was from me. I never use this account to post anything personal, but I feel like I owe you all…
Гэты акаўнт Gaga Daily з’яўляецца часткай найбуйнейшай у свеце супольнасці фанатаў спявачкі Лэдзі Гагі і быў створаны яшчэ ў 2009 годзе. Сёння праект мае афіцыйны сайт з вельмі актыўным форумам, акаўнт у твітары на 487 тысяч чытачоў, профіль у інстаграме, на які падпісана 517 тысяч чалавек, і старонку ў фэйсбуку, на якую падпісана 1,3 мільёна фанатаў спявачкі.
Лэдзі Гага афіцыйна прызнала гэты рэсурс галоўнай пляцоўкай сваіх прыхільнікаў. Ва ўсіх сацсетках праекта прыведзена яе фраза: «Калі я хачу даведацца, што кажуць мае фанаты, я іду на Gaga Daily».
«Рускі хлопец»

Ні ў гэтым допісе, ні ў сваім асабістым інстаграм-акаўнце хлопец не пазначыў ні краіны, ні свайго поўнага імені. Адшукаць гэтую інфармацыю простым пошукам па фотаздымках таксама немагчыма.
З гэтай прычыны імгненна ў сацсетках пачало дамінаваць меркаванне, як сярод заходняй англамоўнай публікі, так і сярод расійскай, што стваральніка Gaga Daily трымалі ў расійскай турме.
I was LIVING while this was playing on prison radio omg
Дадатковым трыгерам для віруснага абмеркавання стаў адказ Кірыла аднаму з карыстальнікаў. На пытанне, ці бачыў ён кліп на новую песню Лэдзі Гагі «Abracadabra», уладальнік акаўнта адказаў: «Я жыў у той момант, пакуль гэта іграла па турэмным радыё».
Гэта спарадзіла новую хвалю мемаў. Заходнія фанаты і папулярныя поп-культурныя акаўнты, напрыклад, Pop Hub, пачалі масава пісаць, што трэк «Abracadabra» стаў хітом у расійскіх турмах. Карыстальнікі здзіўляліся факту трансляцыі поп-музыкі для зняволеных і жартавалі пра тое, як вязні ў Расіі адкрываюць для сябе творчасць спявачкі праз радыёкропку.

Адзін з заходніх карыстальнікаў адзначыў іронію, што стэн Тэйлар Свіфт, 19‑гадовая ізраільцянка, была арыштавана і правяла два месяцы ў турме за адмову ўступаць у ЦАХАЛ, а стэн Гагі — за пратэсты ў Расіі. Іншыя былі ўсхваляваныя, што правёўшы мінулы год у расійскай турме, стваральнік аднаго з галоўных фан-праектаў толькі цяпер адкрые для сябе новую эру спявачкі.
GAGA DAILY IS RUSSIAN????? https://t.co/cdAcUQvtYQ
Нават просты англамоўны твіт «Gaga Daily рускі???» сабраў тры тысячы лайкаў, а пабачылі яго сотні тысяч карыстальнікаў сацсеткі.
Фанаты таксама звязвалі ўяўны расійскі арышт з гісторыяй самой Лэдзі Гагі, узгадваючы яе канцэрт у Маскве ў 2012 годзе. Тады расійскія ўлады пагражалі спявачцы арыштам за словы ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці, што дадало сітуацыі сімвалізму ў вачах заходняй аўдыторыі.
Тэму арышту неўзабаве падхапіў і расійскі сегмент твітара, тлумачачы яго таксама ў кантэксце барацьбы з рэжымам Уладзіміра Пуціна.
Ничего себе.
Оказывается, человек, который с 2009 года вёл самый большой фан-акк Lady Gaga - россиянин, который в 2024 году был арестован за протесты против режима, и больше 2 лет провёл за решёткой.
Теперь он на свободе, но из поста непонятно, остаётся ли он в России. https://t.co/szE6A6rLij
Антываенны і апазіцыйны блогер пад нікам «Проф. Преображенский» канстатаваў як факт, што ўладальнік найбуйнейшага акаўнта Лэдзі Гагі — расіянін, які больш за два гады правёў за кратамі за пратэсты супраць рэжыму. Праўда, пасля прыйшлося выпраўляць памылку.
Я сошла с ума. Человек, который вел самый большой фан аккаунт Леди гаги 1) из России 2) был в тюрьме https://t.co/cLWyr28e2Q
«Падабаецца, што сёння вірусіцца вось гэты твіт і адначасова з ім той, у якім пытаюцца, х*лі рускія не выказваюцца адкрыта наконт вайны. Ну думайце», — пракаментаваў твіт акаўнт з нікам «н-дяя», сабраўшы тысячы лайкаў.
нравится что сегодня вирусится вот этот твит и одновременно с ним тот в котором спрашивают хули русские не высказываются открыто насчёт войны
ну думайте https://t.co/QMpJSLEXqB
Мноства лайкаў і рэпостаў сабраў і твіт, у якім Кірыл называўся «рускім хлопцам, які адматаў двушачку ў калоніі». На заўвагі ў каментарыях пра беларускі кантэкст яго аўтар лёгка адмахнуўся, маўляў, усяго толькі пашпартам памыліўся, а так ўсё роўна агульны «суровы ўсходнееўрапейскі вайб».

Папулярны бразільскі акаўнт StagePop, не разабраўшыся ў тонкасцях палітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе, увогуле напісаў, быццам Кірыл быў арыштаваны ва Украіне.
Хто такі Кірыл?
Сапраўды, у асабістым профілі хлопца ў інстаграме не засталося ніякіх намёкаў на беларускі кантэкст — падобна, што яны былі вычышчаны з меркаванняў бяспекі.
Засталіся толькі фотаздымкі з часоў яго вучобы ў Маскве — хлопец скончыў у 2019 годзе магістратуру на факультэце замежных моў і рэгіёназнаўства Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, — ды непазнавальныя лакацыі. 24 лютага 2022 года ў яго профілі з'явіўся ўкраінскі сцяг, а 1 сакавіка таго ж года хлопец апублікаваў фотаздымак з маскоўскага аўтазака, куды трапіў пасля затрымання на антываенным мітынгу. Усё быццам бы пацвярджае меркаванне пра «рускага хлопца».

Блытаніны дадавала і тое, што першыя паведамленні пра тое, што фан-супольнасцю Gaga Daily кіраваў беларус Кірыл Нгуен, які адбыў тэрмін за пратэсты 2020 года, суправаджаліся фотаздымкамі, узятымі з сайтаў беларускіх праваабаронцаў. Але на іх быў зусім іншы мужчына азіяцкай знешнасці, чым у акаўнце krzzle — выглядала, быццам журналісты нешта паблыталі.
Пра беларускі след сведчыў толькі адзін архіўны фотаздымак за 13 верасня 2020 года, на якім быў бачны хлопец з плакатам з цытатай спявачкі Рыяны «A Rat Is a Rat» (Пацук — гэта пацук) і людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі на фоне. Аднак гэты допіс быў выдалены або схаваны неўзабаве пасля таго, як яго паспелі заўважыць і апісаць журналісты выдання «Люстэрка».
«Наша Ніва» таксама адшукала іншыя доказы таго, што Кірыл паходзіць з Беларусі. Так, напрыклад, у жніўні 2020 года ён пакінуў словы падтрымкі пад відэазваротам ІТ-прадпрымальніка Мікіты Мікада, а таксама ўступіў у спрэчку пад допісам брэнда Kardash. Дызайнеры прапаноўвалі набыць цішоткі з лагатыпамі страйкуючых беларускіх заводаў, абяцаючы перавесці палову сродкаў у фонд салідарнасці. Хлопец раскрытыкаваў іх кошт 97 беларускіх рублёў.
Дакладна вызначыць, што Кірыл паходзіць з Мінска ўдалося дзякуючы іншай дэталі: раней усе яго профілі ў сацыяльных сетках называліся kirillyen. Мы мяркуем, што нікнэйм з'яўляецца камбінацыяй імя Кірыл і фінальнай часткі распаўсюджанага в'етнамскага прозвішча Нгуен (Nguyễn).

У канцы 2014 года ён апублікаваў фатаграфію вясёлкі з Мінска, якая засталася на старонках партала «Хартыя-97».
У чэрвені 2015 года акаўнт з нікам kirillyen стварыў тэму на беларускім форуме абаронцаў жывёл. Ён расказваў, як яго маці падабрала каля іх дома збітага машынай ката, і прасіў парады па доглядзе за паралізаванай жывёлай. У перапісцы ён адзначаў, што жыве за 10 хвілін ад дзяржаўнай ветэрынарнай клінікі на вуліцы Гурскага ў Мінску. Пазней ён змяніў гэты нікнэйм на новы — kir93 — але сляды старога засталіся ў адказах ад іншых карыстальнікаў і ў пазнаках пры рэдагаванні ім уласных допісаў.

Новы нікнэйм дае дакладны год нараджэння — 1993 год. Узрост і гісторыя з нікнэймамі дазволілі канчаткова супаставіць уладальніка Gaga Daily са спісамі беларускіх палітвязняў. Поўнае імя хлопца — Кірыл Куокавіч Нгуен, ён нарадзіўся 8 снежня 1993 года.
Здымак, змешчаны на старонках пра палітзняволенага Кірыла Нгуена на рэсурсах беларускіх праваабаронцаў, наколькі можна меркаваць, належыць іншаму Кірылу Нгуену, які таксама жыў у Беларусі, але нарадзіўся ў 1996 годзе ў Ханоі.
Як піша «Вясна», Кірыла затрымалі ў пачатку 2024 года. 10 мая 2024 года суддзя Іна Сівец у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіла яго паводле так званага «народнага» артыкула — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на 1 год і 6 месяцаў калоніі.
25 сакавіка 2025 года адбыўся другі суд па тым жа артыкуле за іншы эпізод, пасля чаго агульны тэрмін зняволення павялічылі да 2 гадоў і 6 месяцаў. Кірыл Нгуен адбываў пакаранне ў калоніі №17 у Шклове і выйшаў на волю ў пачатку красавіка 2026 года.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І ваабшчэ, какая разніца.