У Беларусі спрасцілі парадак афармлення электронных пашпартоў на транспартныя сродкі і іншую тэхніку. Адпаведную пастанову 23 верасня падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Цяпер электронны пашпарт можна будзе аформіць па заяве фізічнай або юрыдычнай асобы, а таксама індывідуальнага прадпрымальніка, які самастойна не ўвозіў транспартны сродак з-за мяжы. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра тэхніку, набытую ўжо на тэрыторыі Беларусі.
Урад разлічвае, што гэта дазволіць зарэгістраваць транспартныя сродкі і іншую тэхніку, якія былі набытыя ў перыяд, калі для дзяржаўнай рэгістрацыі электронны пашпарт яшчэ не патрабаваўся.
Для абмену пашпартамі транспартных сродкаў паміж рознымі краінамі прадугледжаная магчымасць уносіць у электронны пашпарт звесткі з пасведчання аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку. Такія звесткі зможа ўносіць РУП «Белмытсэрвіс».
Таксама знятыя часавыя абмежаванні на атрыманне выпіскі з электроннага пашпарта.
Пастанова ўдакладняе і парадак афармлення электронных пашпартоў на тэхніку, увезеную фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі да яе дзяржаўнай рэгістрацыі або перадачы іншым асобам.
Акрамя таго, дакумент рэгулюе асобныя пытанні афармлення электронных пашпартоў на транспартныя сродкі і іх шасі, вырабленыя або ўвезеныя ў Беларусь, а таксама на самаходныя машыны і іншыя віды тэхнікі.
Урад адзначыў, што прыняцце пастановы павінна ўрэгуляваць працэдуру афармлення электронных пашпартоў транспартных сродкаў.
Каментары