Ускрыццё пацвердзіла, што актрыса Хейдэн Панецьер памерла ад перадазіроўкі наркотыкаў
Праведзенае ускрыццё паказала, што галівудская актрыса Хейдэн Панецьер, былая нявеста славутага ўкраінскага баксёра Уладзіміра Клічко, памерла ад таксічнага ўздзеяння фентанілу, ксанакса і некалькіх іншых медыцынскіх прэпаратаў, піша Бі-бі-сі. Яна памерла ў сярэдзіне жніўня ва ўзросце 36 гадоў.

Панецьер найбольш вядомая па ролях у тэлесерыялах «Героі» і «Нэшвіл». Актрыса не хавала, што на працягу многіх гадоў змагалася з залежнасцю ад наркотыкаў і алкаголю.
Каранер акругі Грынвіл у штаце Паўднёвая Караліна прызнаў смерць жанчыны няшчасным выпадкам. Пры гэтым на целе актрысы не выявілі пашкоджанняў, якія маглі б стаць прычынай смерці.
Акрамя фентанілу і ксанакса, у крыві Панецьер знайшлі метакарбамол — міярэлаксант, які зніжае тонус цягліц, а таксама кветыяпін — антыпсіхатычны прэпарат, які выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых псіхічных захворванняў.
Фентаніл з'яўляецца сінтэтычным апіоідам, ужыванне якога за апошнія пяць гадоў стала прычынай смерці сотняў тысяч чалавек у ЗША.
Паводле офіса каранера, супрацоўнікі экстранных службаў спрабавалі рэанімаваць актрысу і аднавіць працу яе сэрца, але выратаваць яе не ўдалося. У расследаванні абставін смерці Панецьер таксама будзе ўдзельнічаць амерыканскае Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі.
Згодна з паліцэйскім пратаколам, калі экстранныя службы прыбылі ў дом актрысы, побач з ёй знаходзіліся яе былы хлопец Браян Хікерсан і ягоны брат Зак. Раней Хікерсан прызнаваўся, што жорстка абыходзіўся з Панецьер.
За некалькі месяцаў да смерці актрыса апублікавала мемуары, у якіх падрабязна расказала пра наркатычную залежнасць і пасляродавую дэпрэсію. Яна пісала, што ўпершыню паспрабавала наркотыкі ў 16 гадоў. Гэта адбылося падчас прэм'еры серыяла «Героі», калі адзін з калег даў ёй таблетку, назваўшы яе сродкам для паляпшэння настрою.
Пазней Панецьер расказвала, што тады не разумела небяспекі і не ўсведамляла, да якой залежнасці гэта можа прывесці. У дарослым узросце, паводле яе слоў, яна ўжо практычна не магла жыць без алкаголю і наркотыкаў.
Брат актрысы Янсэн Панецьер памёр ад захворвання сэрца ва ўзросце 28 гадоў. У сваіх мемуарах Хейдэн таксама пісала, што ён меў праблемы з наркатычнай залежнасцю, у тым ліку ўжываў гераін і какаін, што, паводле яе, у выніку прывяло да яго смерці.
Цяпер чытаюць
Беларус-вахтавік на Ямале стварае песні на беларускай мове з дапамогай ШІ. «Раней музыка была закрытым клубам. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі»
Каментары