Грамадства

На таргах прадалі закінуты санаторый пад Ракавам

Закінуты санаторны комплекс на самым захадзе Мінскага раёна, будаўніцтва якога пачалі яшчэ ў канцы савецкага перыяду, 23 верасня прадалі на аўкцыёне. Яго набыў прыватны інвестар за 214 273,83 рубля — гэта каля 71 тысячы даляраў паводле курсу Нацыянальнага банка. На таргі заявіўся толькі адзін удзельнік, таму перамовы завяршыліся хутка. Пераможцам стала фізічная асоба з аграгарадка Ждановічы, паведамляе Domovita.by.

Фота: et.butb.by

Купец атрымаў комплекс з двух будынкаў агульнай плошчай амаль 9 тысяч квадратных метраў і зямельным участкам плошчай каля 4 гектараў.

Галоўны будынак займае каля 6700 квадратных метраў і зверху нагадвае вялізную трохпрамянёвую зорку. Паводле першапачатковага праекта, там павінны былі размяшчацца спа-зона, лячэбныя кабінеты і вялікі басейн. Будаўнікі паспелі ўзвесці цагляныя сцены і перакрыцці, давёўшы гатоўнасць аб’екта прыкладна да 51%.

Другі корпус мае плошчу каля 2100 квадратных метраў. Ён прызначаўся для размяшчэння адпачывальнікаў, а ступень яго гатоўнасці складае амаль 69%. У будынку планаваліся звычайныя гатэльныя нумары з відам на сасновы лес. Нягледзячы на шматгадовы прастой, сцены і бетонныя перакрыцці абодвух карпусоў, паводле апісання аб’екта, захаваліся ў дастаткова добрым стане.

Зямельны ўчастак плошчай каля 4 гектараў перадаецца новаму ўладальніку ў арэнду на 30 гадоў з магчымасцю падаўжэння. Ён знаходзіцца сярод лесу, недалёка ад ракі Чарнаруч і вадасховішча Крылава. Выкарыстоўваць зямлю можна толькі для санаторна-курортнага лячэння, аздараўлення, турызму або спорту.

Комплекс пачалі будаваць у канцы 1980‑х гадоў, калі савецкія ведамствы актыўна стваралі загарадныя пансіянаты для аздараўлення сваіх супрацоўнікаў. Аднак пасля перабудовы і распаду СССР дзяржаўнае фінансаванне спынілася, таму будаўніцтва засталося незавершаным. Якое менавіта ведамства ці прадпрыемства было заказчыкам, у афіцыйных дакументах не ўдакладняецца.

На працягу наступных гадоў комплекс знаходзіўся на балансе Гаранскага сельсавета і паступова стаў мясцовай славутасцю. У 2000‑я гады недабудаваныя будынкі выкарыстоўвалі аматары страйкболу і графіцісты. Аб’ект таксама прыцягваў сталкераў сваім выглядам закінутага савецкага санаторыя.

Комплекс знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў ад Мінска. Побач праходзяць Гродзенская траса і МКАД-2.

Фота: et.butb.by

Знайсці інвестара для даўгабуда ўлады спрабавалі некалькі гадоў. Комплекс выстаўлялі на таргі ў 2022 годзе і летам 2026 года, але купец знайшоўся толькі цяпер. Паколькі на цяперашні аўкцыён паступіла толькі адна заяўка, аб’ект прадалі з 5‑працэнтнай надбаўкай да пачатковай цаны. Стартавы кошт складаў 204 070,31 рубля, а канчатковы — 214 273,83 рубля.

Цяпер новаму ўладальніку трэба будзе вызначыцца з далейшым лёсам комплексу. Для аднаўлення спатрэбяцца значныя ўкладанні: неабходна правесці камунікацыі, адрамантаваць дах, паставіць вокны і цалкам выканаць унутранае аздабленне. Калі праект будзе рэалізаваны, каля Мінска можа з’явіцца загарадны гатэль, база адпачынку або аздараўленчы цэнтр.

Каментары

Цяпер чытаюць

Цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце» падаюць, а ў Мінску — растуць. Сумныя перспектывы для раёна?3

Цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце» падаюць, а ў Мінску — растуць. Сумныя перспектывы для раёна?

Усе навіны →
Усе навіны

Джон Коўл зоймецца выцягваннем з турмаў расійскіх палітзняволеных1

Трамп не баіцца, што калійная здзелка з Беларуссю можа ўзмацніць пазіцыі Расіі6

Зяленскі ў Нью-Ёрку 40 хвілін гаварыў з Трампам3

У Мінску кіроўца грузавіка ехаў з паднятым кузавам і ўрэзаўся ў мост1

Асабістыя рэчы Брыжыт Бардо прадалі на аўкцыёне ў Парыжы амаль за мільён еўра

Два гады таму ў Італіі забілі беларускую танцоўшчыцу. Цяпер за гэта асудзілі яе партнёра-паляка6

Амбасада не адказвала, таму сям'я Святланы Курс сама шукала спосаб перавезці яе прах11

Усё менш беларускіх топ-чыноўнікаў родам з Расіі ці вучыліся там. Але многія суперброкеры ўсё яшчэ маюць «расійскі след»13

У Канадзе сумняваюцца, што беларускі калій будзе амерыканцам больш выгадны за іхні11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце» падаюць, а ў Мінску — растуць. Сумныя перспектывы для раёна?3

Цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце» падаюць, а ў Мінску — растуць. Сумныя перспектывы для раёна?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць