У Шатландыі сям'я знайшла сваю кошку праз шэсць гадоў пасля таго, як яна згубілася
У Шатландыі сям’я праз шэсць гадоў знайшла сваю кошку Пандору, якая знікла падчас аўтамабільнай аварыі. Вярнуць жывёліну гаспадарам дапамог мікрачып, піша Бі-бі-сі.

Білі і Мэры ўзялі Пандору і яе сястру Зігі яшчэ кацянятамі ў 2017 годзе. Знікла ж кошка тады, калі сям’я пераязджала з Англіі ў Шатландыю і трапіла ў аварыю. Пераноску з Пандорай выкінула з аўтамабіля, пасля чаго жывёліна ўцякла.
Гаспадары спрабавалі знайсці яе адразу пасля аварыі, але Білі пасля дарожнага здарэння меў патрэбу ў адпачынку і аднаўленні, таму сям’я была вымушаная працягнуць дарогу. Пасля пераезду яны зноў заняліся пошукамі: разам з дачкой і ўнукам вярталіся на месца аварыі і публікавалі паведамленні ў мясцовых суполках у сацыяльных сетках. Некаторыя людзі казалі, што бачылі Пандору, але злавіць яе нікому не ўдавалася.
І вось праз шэсць гадоў, на 62‑гі дзень нараджэння Мэры, жанчыне патэлефанавалі з дабрачыннай арганізацыі і паведамілі, што яе даўно зніклую кошку нарэшце знайшлі. Мэры назвала гэты званок самым вялікім і прыемным сюрпрызам на дзень нараджэння. Праз некалькі дзён сям’я забрала Пандору дадому.
Высветлілася, што на кошку звярнулі ўвагу пасля таго, як яна рэгулярна спрабавала трапіць у дом незнаёмай жанчыны. Валанцёрка Фіёна Морысан прыехала на месца і пабачыла жывёліну, якая выглядала як бяздомная. Дзякуючы мікрачыпу ўдалося атрымаць кантактныя даныя гаспадароў.
Пасля вяртання дадому Пандора адразу пачала рэагаваць на сваё імя. Яна таксама захавала асаблівую сувязь з унукам гаспадароў. Мэры мяркуе, што гэта можа быць звязана з тым, што падчас цяжарнасці яе дачкі кошка часта ляжала ў яе на жываце.
Сям’я працягвае падтрымліваць сувязь з жанчынай, якая дапамагла знайсці Пандору, і заклікае ўладальнікаў хатніх жывёл чыпаваць сваіх катоў.
Для валанцёркі Фіёны Морысан уз’яднанне Пандоры з сям’ёй стала адным з самых яркіх момантаў за 26 гадоў яе працы. Паводле яе слоў, падчас сустрэчы ўсе плакалі, настолькі кранальным атрымаўся гэты момант.
Каментары