Урад Беларусі на шэсць месяцаў увёў ліцэнзаванне імпарту яблыкаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 24 верасня 2026 года № 487.

Абмежаванне тычыцца ўвозу яблыкаў з краін, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз. Разавыя ліцэнзіі на такі імпарт будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання.
Урад тлумачыць рашэнне высокім ураджаем яблыкаў у Беларусі і неабходнасцю забяспечыць унутраны рынак прадукцыяй айчыннай вытворчасці.
У папярэднія гады Беларусь не заўсёды магла забяспечыць насельніцтва яблыкамі да новага ўраджаю, таму ўрад перыядычна ўводзіў ліцэнзаванне і на вываз гэтай прадукцыі з краіны.
Раней Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання паведамляла пра планы на працягу найбліжэйшых пяці гадоў цалкам адмовіцца ад закупак некаторых відаў харчавання ў так званых «недружалюбных краінах». У гэты спіс уваходзілі і яблыкі.
Значная частка імпартных яблыкаў традыцыйна паступае з Польшчы. У 2025 годзе Беларусь набыла польскіх яблыкаў на 51,8 мільёна даляраў, а ў 2024 годзе — на 37,8 мільёна даляраў.
Перад гэтым 22 верасня неадкладна спыніць увоз у Беларусь імпартных яблыкаў прапанаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пятро Пархомчык.
Каментары