Расія можа цалкам спыніць пастаўкі газу ў Арменію з 1 лістапада, калі Ерэван не выканае шэраг палітычных патрабаванняў Масквы. Пра гэта паведаміла армянская газета «Грапарак» са спасылкай на расійскія крыніцы, піша Deutsche Welle.

Цяпер пастаўкі расійскага газу часова спыненыя праз планавы рамонт, а патрэбы Арменіі забяспечваюцца за кошт запасаў у сховішчах. Паводле крыніц газеты, 1 лістапада можа ўзнікнуць сітуацыя, пасля якой пастаўкі ўжо не адновяцца.
Сярод патрабаванняў Масквы называюцца адмова Ерэвана ад абмеркавання будучыні расійскай вайсковай базы ў Гюмры і ад дзеянняў супраць кампаній з расійскім капіталам, у тым ліку «Паўднёва-Каўказскай чыгункі» і «Газпрама».
Таксама Расія нібыта патрабуе, каб Арменія вызначылася паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам. Ерэван павінен альбо адмяніць закон аб запуску працэсу еўраінтэграцыі, альбо прызначыць дату рэферэндуму. Сярод іншых патрабаванняў называюцца спыненне крымінальнага пераследу прарасійскіх палітыкаў і прызначэнне віцэ-прэм'ера, прымальнага для Крамля.
Арменія пры гэтым шукае альтэрнатыўныя крыніцы газу. Краіна па-ранейшаму амаль цалкам залежыць ад расійскіх паставак: у 2025 годзе «Газпрам» экспартаваў туды каля 2,7 мільярда кубаметраў газу. Армянскія ўлады заяўляюць пра магчымасць закупак паліва ў Азербайджана, Турцыі і Ірана.
Адносіны Масквы і Ерэвана апошнімі месяцамі істотна пагоршыліся. Расія ўводзіла абмежаванні на імпарт з Арменіі алкаголю, гародніны, садавіны, рыбы, малочнай прадукцыі і кветак. У адказ Арменія пачала перанакіроўваць свой экспарт на іншыя рынкі, у тым ліку ў краіны Еўропы.
Пашынян: Калі Арменію хочуць выключыць з АДКБ, хай выключаюць. Не трэба пагражаць гэтым
Арменія можа пачаць купляць газ у былых ворагаў. І няважна, што ў Расіі танней
Армянскі пасол не вернецца ў Мінск, пакуль Лукашэнка не папросіць прабачэння
Арменія вывучае магчымасць дыверсіфікацыі паставак газу
Пашынян заявіў, што Арменія не будзе праводзіць рэферэндум аб сяброўстве ў ЕС
Каментары
Дык вось у чым справа... А я было думаю й не разумею. Надоечы ўзяў у краме заліковы, як высьветлілася, прадукт, на BBQ, армянскай (нябачанай дасюль) вытворчасьці, для (увага!) гішпанскага(!) спажыўца. Узяў выключна зь цікаўнасьці, апынулася цудоўна, усе былі ў захапленьні ! Аж захацелася зрабіць вандроўку ў Арменію...