Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі заявіў, што Варшава заўважае апошнім часам зніжэнне напружанасці на беларуска-польскай мяжы і вызваленне палітвязняў. Аднак, паводле яго слоў, для далейшага развіцця адносінаў неабходна, каб Мінск цалкам спыніў так званыя «агрэсіўныя жэсты».

Басацкі адзначыў, што за апошнія месяцы Беларусь зрабіла некалькі крокаў, якія, на думку польскага боку, спрыялі зніжэнню напружанасці. Сярод іх ён назваў вызваленне каля 800 палітычных зняволеных. Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што яшчэ каля 800 людзей, асуджаных па палітычных справах, застаюцца ў беларускіх турмах.
Яшчэ адной зменай Басацкі назваў значнае зніжэнне міграцыйнага ціску на польска-беларускай мяжы. Паводле яго слоў, у 2026 годзе колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы скарацілася да некалькіх працэнтаў ад узроўню папярэдніх чатырох-пяці гадоў. Польскі бок лічыць, што міграцыйны ціск раней быў штучна арганізаваны беларускімі спецслужбамі і закранаў не толькі Польшчу, але і ўсю ўсходнюю мяжу Еўрапейскага саюза.
На гэтым фоне паміж Варшавай і Мінскам пачаўся палітычны дыялог. Яго прыкметай стала сустрэча міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага з кіраўніком беларускага МЗС Максімам Рыжанковым у Нью-Ёрку. Басацкі заявіў, што пакуль рана казаць, ці стане гэта пачаткам больш шырокага паляпшэння адносінаў, ці застанецца разавым крокам.
Паводле яго слоў, Польшча хацела б падтрымліваць добрыя адносіны з усімі суседзямі, але чакае ад іх адмовы ад агрэсіўных дзеянняў. Менавіта поўнае спыненне такіх дзеянняў ён назваў польскай умовай для змястоўнага дыялогу з Беларуссю.
Сікорскі раней паведамляў, што падчас сустрэчы з Рыжанковым яны абмеркавалі сітуацыю на мяжы і рэгіянальную бяспеку. Польскі міністр таксама ўзняў пытанне аб тым, каб Беларусь не дазваляла расійскім беспілотнікам і ракетам пралятаць праз сваю тэрыторыю.
Сікорскі назваў сустрэчу першай азнаямленчай і паведаміў, што Польшча неўзабаве адкрые новы будынак свайго пасольства ў Мінску. Паводле яго слоў, Варшава гатовая паляпшаць адносіны з суседзямі, калі для гэтага з’явяцца адпаведныя ўмовы.
Адказваючы на пытанне аб магчымым прызнанні Аляксандра Лукашэнкі, Сікорскі заявіў, што Польшча як дзяржава прызнае дзяржавы, а не ўрады. Магчымасць нармалізацыі адносін з Беларуссю ён параўнаў з падснежнікам, які можа распусціцца пры спрыяльным надвор’і.
Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе
Бабарыка падзякаваў Сікорскаму за сустрэчу з Рыжанковым у Нью-Ёрку
Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску
Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы
Каментары