У Вільні ўвялі змены ў парадак прыёму дзяцей у школы. Але на беларускую гімназію гэта не паўплывае
Змены ў правілах прыёму ў віленскія школы не перашкодзяць дзецям з краін па-за ЕС, якія маюць права на часовае або сталае пражыванне ў Літве, паступаць у гімназію імя Францыска Скарыны ў 2027—2028 навучальным годзе. Гэта пацвердзіла Віленскае гарадское самакіраванне ў афіцыйным адказе на зварот Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве.

У жніўні 2026 года Віленская гарадская рада ўнесла чарговыя змены ў парадак прыёму дзяцей у школы. Новая рэдакцыя аднаго з пунктаў выклікала занепакоенасць беларускіх бацькоў, паколькі ўзніклі пытанні, ці не ўскладніць гэта паступленне ў гімназію дзяцей без літоўскага грамадзянства.
Каб высветліць, як будуць прымяняцца новыя правілы, Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве 2 кастрычніка накіравала зварот у самакіраванне.
У адказе, атрыманым 9 лістапада, самакіраванне пацвердзіла, што змены не будуць негатыўна ўплываць на прыём у беларускую гімназію дзяцей з краін па-за Еўрасаюзам, якія маюць права на часовае або пастаяннае жыхарства ў Літве. Таксама дзеці, якія цяпер наведваюць падрыхтоўчую групу пры гімназіі, змогуць прэтэндаваць на паступленне ў першыя класы.
Акрамя таго, самакіраванне заявіла пра імкненне забяспечыць бесперапынную дзейнасць навучальнай установы, спалучаючы інтэграцыю і навучанне на дзяржаўнай літоўскай мове з магчымасцю вывучаць беларускую мову і захоўваць беларускую ідэнтычнасць.
У асацыяцыі прывіталі гэтыя тлумачэнні і падзякавалі Віленскаму самакіраванню за адказ. Афіцыйнае пацвярджэнне дазволіць беларускім сем'ям больш упэўнена планаваць адукацыю дзяцей.
Каментары