Навука і тэхналогіі

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна

Даследчыкі з Літвы і Чэхіі папрасілі нейрасеткі адказаць на паўтысячы максімальна складаных пытанняў пра Беларусь. 

Фота: Samuel Boivin NurPhoto via Getty Images

Навукоўцы з Вільні і чэшскага Брно склалі для нейрасетак велізарны тэст SQARB, каб праверыць, што штучны інтэлект ведае пра Беларусь. Працу зрабілі два даследчыкі з Чэшскага тэхналагічнага ўніверсітэта — Максім Апаровіч і Павел Смрж, а таксама тры незалежныя даследчыкі з Вільні: Уладзіслаў Парыцкі, Аксана Волчак і Вольга Гарыцкая.

Яны сабралі 500 пытанняў, прысвечаных Беларусі, у тым ліку яе гісторыі і культуры, і задалі іх розным нейрасеткам. Пытанні фармулявалі па-беларуску і спрабавалі зрабіць іх так, каб адказы было цяжка знайсці ў сеціве, ды яшчэ і абмежавалі мадэлі ў доступе да інтэрнэту.

Матэрыял для пытанняў навукоўцы бралі ў беларускамоўных дысертацыях за 1994—2023 гады, даступных у лічбавым фармаце зарэгістраваным чытачам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Зроблена гэта для таго, каб панізіць імавернасць, што даныя ўжо выкарыстоўваліся падчас навучання нейрасетак.

На некаторыя пытанні можна было адказаць праз разважанні. І часта ў мадэляў разважаць атрымлівалася лепш, чым успамінаць асобныя факты: напрыклад, Gemini 3.1 Pro правільна адказала на 61,9% пытанняў, дзе было магчыма дайсці да адказу праз рэфлексіі, і толькі на 33,4% выключна факталагічных пытанняў.

Найлепшы вынік паказала тая ж Gemini 3.1 Pro — 42,3% правільных адказаў. Другое месца з паказчыкам 36,2% заняла GPT-5.5. Ранейшая версія ChatGPT, GPT-5.4, дала рады на 29,4%, Claude Opus 4.8 — 29,8%. Некаторыя мадэлі з адкрытымі вагамі не дасягнулі нават 10%. 

Пры гэтым нейрасеткі дэманстравалі ўпэўненасць, якая зусім не адпавядала іх ведам. У 82,5% адказаў мадэлі ад Gemini сведчылі, што яна ўпэўненая ў адказе на 90-100%, хаця сапраўдныя вынікі былі нашмат горшыя. Калі ШІ не ведае адказ, ён можа разважаць у два разы даўжэй, чым звычайна, але гэта зусім не гарантуе правільны адказ. 

На пытанні адказалі і некалькі валанцёраў, але ім, у адрозненне ад мадэляў, дазволілі карыстацца інтэрнэтам. Вынікі былі розныя — ад аднаго да сямі правільных адказаў з дзесяці.

Даследчыкі прапануюць у артыкуле прыклады пытанняў, што задаваліся нейрасеткам.

Напрыклад, у мадэляў спыталі, у які дзень 2008 года ў магілёўскім ЗАГСе ажаніліся адразу 70 пар. Так правяралі здольнасць мадэлі разважаць, бо можна здагадацца, што такая колькасць вяселляў звязаная з прыгожай датай, і адказаць правільна — 8 жніўня 2008 года, то-бок 08.08.08.

Іншы прыклад — пытанне пра тое, дзе пабудавалі першы барочны будынак Рэчы Паспалітай, прычым пытанне датычыла горада на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Тут развагі б не дапамаглі — для адказу трэба было ведаць, што гаворка пра Нясвіж.

Даследчыкі ўдакладняюць, што правяралі мадэлі, якія з’явіліся не пазней за чэрвень 2026 года. Яны не здолелі папрацаваць з больш новымі нейрасеткамі, даступнымі сёння, накшталт GPT-6 Astra — не хапіла бюджэту і доступу да тых мадэляў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы начамі стаяць у чарзе, каб уладкавацца на склад Wildberries у «Вялікім камені» з заробкам ад 1500 рублёў25

Падпольшчык, які падклаў выбухоўку расійскаму палкоўніку, праз Турцыю і Малдову выехаў ва Украіну7

Былы ўдзельнік пратэстаў з Бабруйска, які пазней высмейваў «збеглых» і хваліў Расію, загінуў на вайне ва Украіне14

У Польшчы прадаюць фотаздымак Ціханоўскай з яе аўтографам5

Тэлевышкі ў Беларусі: украінскі эксперт растлумачыў, чаму маякі на іх складаней заглушыць, чым GPS5

Беларуска на «Міс Сусвет» здзівіла сваім уборам22

Фірмовую краму магілёўскага мясакамбіната ў Мінску ўрачыста адкрывалі з удзелам ганаровай варты, святара і Карпянкова ФОТАФАКТ13

Беларусаў шакаваў рост цэнаў на скумбрыю, яйкі і сала. Вось што людзі кажуць11

Зяленскі зноў заявіў пра сістэмныя абмежаванні хуткасці Starshield над Украінай — да 161 км/г8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць