Муж меркаванай кітайскай шпіёнкі Эліс Хуанг сам пазнаёміў яе з кіраўніком Nvidia
У шпіёнскім скандале вакол кіраўніка вытворцы перадавых чыпаў Nvidia Джэнсэна Хуанга новая пікантная дэталь. Як высветлілася, незвычайную ролю ў іх адносінах адыграў муж жанчыны, які таксама быў яе шматгадовым дзелавым партнёрам, піша The Wall Street Journal.

Кіраўнік Nvidia Джэнсэн Хуанг апынуўся ў цэнтры шпіёнскага скандалу пасля таго, як амерыканскія спецслужбы западозрылі яго блізкую знаёмую, кітайскую бізнэсменку Эліс Хуанг, у працы на разведку Кітая. Пазней ён прызнаў, што меў з ёй раман. Высветлілася таксама, што звязаная з Эліс кампанія Megaspeed закупіла амерыканскія чыпы на мільярды даляраў, нягледзячы на абмежаванні іх паставак у Кітай.
Цяпер The Wall Street Journal раскрыла новыя падрабязнасці гэтай гісторыі. У цэнтры ўвагі журналістаў апынуўся муж Эліс, кітайскі фінансіст Кан Вэй.
Ад інвестыцый у відэагульні да Nvidia
Кан Вэй, якому цяпер крыху больш за 50 гадоў, некалі быў вядомым у Кітаі кіраўніком інвестыцыйных фондаў. У 2010 годзе ён заснаваў кампанію Shanghai Hexi, назву якой можна перакласці як «гарманічны росквіт». З 2016 года, паводле карпаратыўных дакументаў, ён кіраваў ёю разам з Эліс.
Пара інвеставала ў самыя розныя галіны, ад распрацоўкі відэагульняў да фармацэўтыкі. Бізнэс быў пабудаваны на разгалінаванай сетцы кампаній, паміж якімі перадаваліся долі ўласнасці, і на асабістых сувязях, што дапамагалі знаходзіць новыя магчымасці для заробку.
Менавіта інвестыцыі ў гульнявую індустрыю дазволілі Кан Вэю яшчэ ў 2010‑я гады пазнаёміцца з Джэнсэнам Хуангам. У той час Nvidia была вядомая перадусім графічнымі працэсарамі для камп'ютарных гульняў. Паводле WSJ, з кіраўніком кампаніі Кан пазнаёміўся ў Азіі праз людзей з аднаго са сваіх інвестыцыйных праектаў.
Пазней Кан пазнаёміў з ім і сваю жонку. Калі менавіта гэта адбылося, журналісты не ўдакладняюць. Але з часам адносіны Эліс і Джэнсэна перараслі ў раман, які, як высветлілася, не быў таямніцай для яе мужа.
Паводле людзей, якія асабіста ведаюць пару, на працягу прыкладна двух гадоў Кан адкрыта гаварыў знаёмым пра блізкасць жонкі з кіраўніком Nvidia. Часам ён нават паўжартам называў яе асабістай памочніцай Хуанга. З яго паводзін складалася ўражанне, што ён прыняў гэтыя адносіны, хоць пра сапраўдныя пачуцці мужа журналістам нічога не вядома.
Як асабістыя сувязі дапамагалі новаму бізнэсу
У пачатку 2020‑х гадоў пара зацікавілася хмарнымі вылічэннямі, а затым і цэнтрамі апрацоўкі даных для штучнага інтэлекту. Калі ЗША ўвялі абмежаванні на пастаўкі перадавых працэсараў у Кітай, попыт на вылічальныя магутнасці за мяжой рэзка вырас.
У 2023 годзе Кан і Эліс набылі сінгапурскае падраздзяленне адной з кампаній, у якія раней інвеставалі, і перайменавалі яго ў Megaspeed. Эліс афіцыйна стала дырэктаркай, але, паводле WSJ, муж таксама непасрэдна ўдзельнічаў у развіцці бізнэсу.
Адным з ключавых партнёраў новага бізнэсу стала Alibaba. Кітайскаму тэхналагічнаму гіганту былі патрэбныя магутныя працэсары Nvidia, але амерыканскія абмежаванні перашкаджалі іх непасрэдным пастаўкам у Кітай. Таму Alibaba шукала кампанію, якая магла б пастаўляць ёй вылічальныя магутнасці з дата-цэнтраў за мяжой.
Megaspeed паведаміла Nvidia, што Alibaba стане яе буйным кліентам. Паводле крыніц WSJ, менавіта перспектыва такога супрацоўніцтва дапамагла сінгапурскай кампаніі ў лістападзе 2023 года атрымаць статус хмарнага партнёра Nvidia, а разам з ім і прыярытэтны доступ да дэфіцытных чыпаў.
Неўзабаве Эліс Хуанг расказала аднаму са знаёмых, што звязалася з кіраўніком Nvidia Джэнсэнам Хуангам і цяпер разлічвае на паспяховы старт бізнэсу Megaspeed.

Большасць набытых сервераў Megaspeed размясціла ў Малайзіі, адкуль прадавала вылічальныя магутнасці Alibaba. Але, як сцвярджаюць крыніцы WSJ, частку абсталявання кампанія пераправіла непасрэдна ў Кітай, у тым ліку шанхайскаму пастаўшчыку хмарных паслуг Century Litong. Яго ўладальнік раней меў дзелавыя сувязі з Кан Вэем.
Гэта магло парушаць амерыканскія экспартныя абмежаванні. Сама Megaspeed настойвае, што дзейнічае ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам.
Нягледзячы на рызыкі, муж і жонка працягвалі шукаць інвестараў. Паводле суразмоўцаў WSJ, у 2024‑2025 гадах яны прапаноўвалі ўкласці грошы ў некалькі новых дата-цэнтраў у Паўднёва-Усходняй Азіі і Шанхаі. Патэнцыйным партнёрам абяцалі магчымасць патроіць укладзеныя сродкі за тры гады і запэўнівалі, што маюць спосабы дастаўляць чыпы Nvidia ў Кітай.
Цяпер праблемы ва ўсіх
На фоне расследавання паставак амерыканскіх працэсараў пад увагу праваахоўных органаў трапілі і Эліс, і Кан.
Як высветліла The Wall Street Journal, раней у 2026 годзе Кан Вэя затрымалі ў Шанхаі ў межах расследавання магчымых маніпуляцый з акцыямі кампаній, якія гандлююцца на біржы. Нядаўна яго вызвалілі.
Эліс тым часам забаранілі ўезд на Тайвань, дзе яна неаднаразова сустракалася з Джэнсэнам Хуангам. Мясцовыя ўлады правяраюць, ці маглі яе паездкі быць звязаныя са зборам разведвальнай інфармацыі.
ЗША і Сінгапур таксама працягваюць расследаваць дзейнасць Megaspeed. Пекін адхіляе паведамленні пра магчымую працу Эліс на кітайскія спецслужбы.
Сам Джэнсэн Хуанг прызнаў пазашлюбную сувязь з Эліс і папрасіў прабачэння ў сям'і і супрацоўнікаў Nvidia. Пазней ён пакінуў пасаду генеральнага дырэктара Nvidia.
Ні Кан Вэй, ні Эліс Хуанг не адказалі на просьбы журналістаў пра каментарый.
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары