У Мінску адныя замежнікі выкралі і катавалі іншых, патрабуючы за вызваленне індыйскія рупіі
У Мінску ўступіў у законную сілу прысуд двум замежнікам ва ўзросце 20 і 36 гадоў, якіх абвінавацілі ў выкраданні людзей і вымагальніцтве. Абодва раней не мелі судзімасцяў, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру Мінска.

Як паведамілі ў пракуратуры Мінска, мужчыны, дзейнічаючы па папярэдняй змове, выкралі двух замежных грамадзян 1997 і 2001 гадоў нараджэння. Яны прыехалі ў Беларусь транзітам, каб пазней выехаць у краіны Еўрасаюза.
Зламыснікі зачынілі іх у арандаванай кватэры на праспекце Незалежнасці і запатрабавалі за вызваленне 3,6 мільёна індыйскіх рупій — больш за 135 тысяч беларускіх рублёў.
Выкрадальнікі забралі ў пацярпелых усе наяўныя грошы, а затым прымусілі іх праз месенджары тэлефанаваць сваякам па аўдыё– і відэасувязі і прасіць перадаць неабходную суму.
На працягу як мінімум 20 гадзін абвінавачаныя здзекаваліся з мужчын: білі іх рукамі, нагамі і дзяржальнам нажа па галаве і целе, катавалі і прыніжалі. Усё гэта суправаджалася пагрозамі забойствам, калецтвам і сэксуальным гвалтам.
Адзін з пацярпелых здолеў актыўна супраціўляцца нападнікам, дзякуючы чаму абодвум мужчынам удалося выбрацца з кватэры. Вымагальнікаў затрымалі, супраць іх распачалі крымінальную справу і ўзялі пад варту.
Падчас судовага разгляду адзін з абвінавачаных цалкам адмаўляў сваю віну, другі прызнаў яе часткова.
Старэйшы з мужчын мае сярэднюю адукацыю, жанаты і выхоўвае васьмігадовае дзіця. Малодшы скончыў толькі сем класаў, не жанаты. Абодва афіцыйна нідзе не працавалі, не мелі пастаяннай рэгістрацыі і месца жыхарства ў Беларусі.
Суд прызнаў іх вінаватымі ў выкраданні чалавека і вымагальніцтве. Кожнаму прызначылі па дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічынь — 13 500 рублёў.
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары