Вайна

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Аналіз звестак Расстата дазваляе зрабіць выснову, што Беларусь уцягнутая ў вайну ва Украіне нашмат шырэй, чым раней меркавалася.

Расійскі вайсковец за імгненне да пападання ў яго дрона. Скрыншот з відэа Сілаў беспілотных сістэм Украіны

Вярбоўка грамадзян Беларусі на вайну адбываецца ў такіх маштабах, якія былі б немагчымыя без маўклівай згоды беларускіх дзяржаўных структур.

Пра гэта сведчаць лічбы смерцяў грамадзян Беларусі, якую апублікавалі «Кіберпартызаны» пасля аналізу баз, здабытых пры ўзломе Расстата групамі «Кіберпартызаны» і Silent Crow. Пра гэты ўзлом яны абвясцілі 1 лістапада 2026 года.

У пачатку тыдня ў медыя з'явілася інфармацыя пра колькасць загінулых беларусаў — больш за 1600 чалавек. Там гаворка вялася пра ўраджэнцаў Беларусі незалежна ад грамадзянства. У цяперашняй публікацыі гаворка вядзецца менавіта пра грамадзян Беларусі.

З лістапада 2022‑га па жнівень 2026 года расійскія ЗАГСы зарэгістравалі смерці 503 грамадзян Беларусі, у графе «род смерці» якіх пазначаны альбо ваенныя дзеянні, альбо не пазначана нічога, альбо — «род смерці не ўстаноўлены». У апошнім выпадку ў часткі загінулых сярод прычын смерці названы «ваенныя дзеянні», у іншых — не пазначаны і яны, але месцамі іх смерці значацца прыфрантавыя раёны.

Аднак гэтая лічба — зусім няпоўная.

Кіберпартызаны супаставілі звесткі Расстата іх са спісам загінулых грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку РФ, што раней апублікаваў украінскі праект «Хачу жыць». З 314 запісаў гэтага спіса толькі 80 супалі з данымі Расстата.

База, апублікаваная ўкраінскім праектам, — праўдзівая. Усе разы, калі «Наша Ніва» супастаўляла звесткі пра нейкага вядомага нам загінулага беларуса, з «Хачу жыць», заўсёды супадала.

Кіберпартызаны пры ўласным аналізе выявілі, што толькі 22 з спісу «Хачу жыць» не адшукваюцца як грамадзяне Беларусі.

Тады атрымліваецца, што ёсць яшчэ 212 (314 мінус 80 мінус 22) чалавек, якія ёсць у базе «Хачу жыць», але не адшукваюцца ў базе Расстата. Прычыны гэтага незразумелыя. Напрыклад, магчыма, яны мелі два грамадзянствы.

У любым разе агульны падлік дае нам 503+212=715 чалавек.

Акрамя таго, Кіберпартызаны пры канцы 2024 года паведамлялі пра тое, што атрымалі доступ да звестак па запісах аб памерлых грамадзянах Беларусм з афіцыйнымі прычынамі смерці. Атрыманыя звесткі прайшлі ацэнку незалежных спецыялістаў, іх сапраўднасць была пацверджаная, і на іх аснове было выпушчана ўжо нямала журналісцкіх артыкулаў.

«Сярод атрыманых звестак мы выбралі тыя запісы, у якіх з 2022 года таксама згадваецца смерць ад ваенных дзеянняў. Такім чынам, атрымалі яшчэ 15 фактаў смерці, якія не пераклікаюцца з запісамі ў рэестры Расстата. Кропкавая праверка таксама паказала, што ўсе гэтыя людзі загінулі ў ваенных дзеяннях на баку Расіі», — пішуць кіберы.

Аднак і лічба 715+15=730 не будзе поўнай.

Кіберпартызаны выявілі, што звестак аб забітых у 2026 годзе ў базе пакуль мінімум праз затрымкі з рэгістрацыяй смерцяў.

За 2026 год у базе пакуль адлюстравана толькі каля 37800 загінулых, выявілі журналісты Bloomberg. Лічба няпоўная праз затрымкі рэгістрацыі, адзначае выданне. У другой палове 2023 года медыянны тэрмін рэгістрацыі ваеннай смерці складаў каля шасці тыдняў, а ў 2025‑м перавысіў чатыры месяцы. У адным толькі жніўні 2026 года ў базе з'явіліся больш за 2500 запісаў пра людзей, якія загінулі яшчэ ў 2025-м, падлічылі журналісты.

The Economist на падставе наяўных даных з дапамогай матэматычнай мадэлі спрагназаваў гібель каля 230 тысяч расіян за ўвесь 2026 год — больш, чым за любы папярэдні год вайны.

Між тым вярбоўка беларусаў на вайну пачасцілася менавіта за апошні час — у 2025 і асабліва 2026 гадах, па меры нарастання праблем з жывой сілай у расіян.

«Гіганцкая шэрая зона перашкаджае вынасу цел загінулых з поля бою, прычым гэта працуе ў абодва бакі. <…> Для спрашчэння карціны, зноў жа, можна сказаць, што дадзеныя за 2024 год, напэўна, ужо блізкія да поўных, за 2025‑ы — сумнеўна, а 2026 год будзе рэгістравацца яшчэ паўтара года мінімум. У 2024 годзе і 2025 годзе фронт яшчэ рухаўся. Санітарныя каманды яшчэ маглі на тэрыторыі, на якой устаноўлены трывалы кантроль, збіраць целы. Цяпер жа мы бачым, што фронт прасоўваецца толькі ў фантазіях «РИА Новости» і Міністэрства абароны», — расказаў Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру Дзмітрый Трашчанін, рэдактар расійскага выдання «Медиазона», якое супольна з расійскай службай Бі-бі-сі і камандай валанцёраў падлічвае страты расійскай арміі.

Такім чынам, можна ўпэўнена сцвярджаць, што рэальная колькасць беларусаў, забітых падчас службы на расійскім баку, будзе складаць на сёння нашмат больш за 1000 чалавек.

У адрозненне ад Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана, беларускія ўлады ніяк не караюць наёмнікаў, якія падпісваюць кантракты з расійскай арміяй. Вярбоўшчыкі свабодна размяшчаюць аб’явы ў беларускіх чатах і каналах. Больш за тое, службу ў расійскай арміі рэкламуюць нават каналы, створаныя дзейнымі або адстаўнымі афіцэрамі беларускіх сілавых структур, як «Белорусскій сіловік».

Колькасць беларусаў, што загінула на імперыялістычнай вайне ва Украіне, перавысіла лічбу страт на афганскай вайне.

Хоць СМІ ўнутры Беларусі маўчаць, трагізм сітуацыі завербаваных відавочны крытычна мыслячых людзям. Пра гэта сведчыць драматычны зварот жыхаркі Дуброўна — беларускага горада на мяжы з Расіяй. Жанчына спрабавала дамагчыся вяртання 18‑гадовага сына, завабленага вярбоўшчыкамі, аднак, паводле яе слоў, у беларускай міліцыі ёй патлумачылі, што нічым не могуць дапамагчы, «паколькі Максім ужо дасягнуў паўналецця».

Каментары

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі сустрэўся з Уіткафам і Кушнерам. Абстаноўка была далёка не раскошнай4

Кастрацыя падаўжае жыццё — навукоўцы гэта пацвердзілі14

Гарналыжным комплексам «Лагойск» цяпер валодае кампанія, звязаная з Дзмітрыем Баскавым

Дзе дзве, там і тры. У Джэнсэна Хуанга працягваюць знаходзіць новых каханак3

У беларускай краме знайшлі мясны прадукт усяго па 4 капейкі за кілаграм

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі32

Суд ЕС прызнаў неправамерным бясконцае зацягванне Польшчай разгляду заяў на ДНЖ12

У Мінску адныя замежнікі выкралі і катавалі іншых, патрабуючы за вызваленне індыйскія рупіі

Чорнае мора стала самым смертаносным суднаходным маршрутам у свеце

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць