Дзве траціны людзей з атлусценнем «тоўстыя, але здаровыя». Навукоўцы просяць дактароў глядзець не толькі на індэкс масы цела
Чалавек можа мець высокі індэкс масы цела і пры гэтым не пакутаваць ад звязаных з лішняй вагой парушэнняў здароўя. Брытанскія даследчыкі высветлілі, што такіх людзей значна больш, чым прынята думаць.

Звычайна, каб вызначыць, ці ёсць у чалавека атлусценне, дастаткова ведаць яго рост і вагу. На іх аснове разлічваюць індэкс масы цела (ІМЦ), і калі ён дасягае 30, чалавеку ставяць адпаведны дыягназ. Але гэты паказчык не ўлічвае, колькі ў арганізме тлушчу, дзе ён назапашваецца і ці ўплывае на здароўе.
У выніку два чалавекі з аднолькавым ІМЦ могуць мець зусім розны стан здароўя. Адзін пакутуе ад парушэнняў працы ўнутраных органаў, а другі не мае прыкмет такіх праблем. Больш за тое, у чалавека з развітымі мышцамі ІМЦ можа быць высокім нават без лішку тлушчу. А ў чалавека з нармальным ІМЦ могуць назапашвацца небяспечныя тлушчавыя адклады вакол унутраных органаў.
Наколькі істотныя недахопы такой дыягностыкі, паказала новае даследаванне брытанскіх навукоўцаў, пра якое піша The Telegraph. Высветлілася, што амаль 70% людзей, якіх паводле ІМЦ адносяць да катэгорыі з атлусценнем, не маюць выяўленых парушэнняў працы арганізма, звязаных з лішкам тлушчу.
Чым прапануюць замяніць звыклы падыход
У 2025 годзе міжнародная камісія экспертаў прапанавала перагледзець падыход да дыягностыкі атлусцення. Спецыялісты заклікалі ўлічваць не толькі ІМЦ, але і колькасць тлушчу ў арганізме, яго размеркаванне, працу ўнутраных органаў і тое, наколькі вага абмяжоўвае паўсядзённае жыццё чалавека.
Пры такім падыходзе вылучаюць два віды атлусцення. Клінічнае атлусценне дыягнастуюць, калі лішак тлушчу ўжо парушае працу органаў або істотна абмяжоўвае фізічныя магчымасці. Гэта можа праяўляцца, напрыклад, цяжкасцямі з дыханнем, сардэчнай недастатковасцю або праблемамі з рухомасцю суставаў.
Даклінічнае атлусценне азначае, што лішак тлушчу ёсць, але звязаных з ім парушэнняў працы арганізма пакуль не выявілі. Такі стан не лічыцца цалкам бяспечным, бо рызыка развіцця хвароб у будучыні захоўваецца. Аднак чалавеку не абавязкова патрэбнае такое ж лячэнне, як таму, у каго атлусценне ўжо выклікала ўскладненні.

Навукоўцы з Універсітэцкага каледжа Лондана вырашылі праверыць, наколькі новая класіфікацыя змяняе ўяўленне пра распаўсюджанасць атлусцення і звязаныя з ім рызыкі.
Для гэтага яны прааналізавалі звесткі 6978 брытанцаў ва ўзросце 46 гадоў, якія ўдзельнічалі ў доўгатэрміновым даследаванні здароўя. Кожнага ўдзельніка ацанілі паводле звычайнага ІМЦ і новых крытэрыяў.
Вынікі аказаліся паказальнымі. Сярод людзей з ІМЦ 30 і вышэй толькі 31,4% адпавядалі крытэрыям клінічнага атлусцення. Астатнія 68,6% мелі даклінічнае атлусценне, гэта значыць, у іх не выявілі парушэнняў працы органаў або фізічных абмежаванняў, якія даследчыкі звязвалі з лішкам тлушчу.
Выявілася і адваротная праблема. Прыкметы клінічнага атлусцення мелі 16,6% людзей з залішняй вагой (ІМЦ ад 25 да 29,9), якіх паводле традыцыйных крытэрыяў яшчэ не адносілі да людзей з атлусценнем. Больш за тое, такія прыкметы выявілі нават у 4% удзельнікаў з нармальным ІМЦ.
Такім чынам, арыентацыя толькі на ІМЦ можа не толькі перабольшваць праблемы адных людзей, але і не заўважаць іх у іншых.
Хто сапраўды рызыкуе здароўем
Даследчыкі таксама прааналізавалі смяротнасць удзельнікаў на працягу наступных пяці гадоў, каб праверыць, які падыход лепш выяўляе людзей з павышанай рызыкай.
Сярод людзей з клінічным атлусценнем імавернасць смерці аказалася прыкладна ў пяць разоў вышэйшай, чым сярод удзельнікаў без атлусцення. Пры даклінічным атлусценні навукоўцы таксама назіралі павышэнне рызыкі, але статыстычнай упэўненасці ў гэтым выніку не атрымалі.
Пры гэтым звычайныя катэгорыі ІМЦ не паказалі настолькі выразнай сувязі са смяротнасцю. Аднак аўтары заклікаюць асцярожна інтэрпрэтаваць гэтыя лічбы. За пяць гадоў памерлі толькі 27 удзельнікаў даследавання, таму высновы пра рызыку смерці патрабуюць пацвярджэння на большай колькасці людзей.
Як даводзяць навукоўцы, адмова ад арыентацыі выключна на ІМЦ дазволіць лепш адрозніваць людзей, якія сапраўды маюць праблемы са здароўем, ад тых, чый высокі паказчык звязаны з асаблівасцямі целаскладу.
Гэта важна і для сістэмы аховы здароўя. Больш дакладная дыягностыка дапаможа вызначыць, каму неабходнае першачарговае лячэнне, а каму дастаткова прафілактыкі і назірання. Так можна пазбегнуць непатрэбных медыцынскіх умяшанняў і больш эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы.
Пры гэтым навукоўцы не прапануюць адмовіцца ад ІМЦ цалкам. Ён застаецца простым і карысным паказчыкам для першаснай ацэнкі вагі. Але, як паказала даследаванне, сам па сабе ІМЦ не дазваляе вызначыць, ці выклікае лішак тлушчу хваробу і наколькі сур'ёзная небяспека для здароўя чалавека.
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары