Швейцарцы на рэферэндуме адкінулі ідэю пра недапушчальнасць санкцый супраць Расіі
На гэта ўказваюць звесткі экзіт-полаў і статыстычныя мадэлі, пабудаваныя на аснове першых вынікаў падліку галасоў, піша BBC.

Відавочная большасць швейцарскіх выбарцаў папярэдне выказалася на рэферэндуме супраць прапановы замацаваць у Канстытуцыі такое разуменне нейтралітэту краіны, якое выключала б санкцыі супраць Расіі і супрацоўніцтва з НАТА.
Паводле апошніх прагнозаў па выніках рэферэндуму, якія апублікавала дзяржаўная тэлерадыёкампанія SRF, больш за дзве траціны прагаласавалі супраць прапановы замацаваць вузкае азначэнне ў Канстытуцыі Швейцарыі. Мадэль інстытута gfs.bern праз 30 хвілін пасля заканчэння галасавання паказвала, што супраць прапановы выказаўся 71% выбарцаў.
Правапапулісцкая Швейцарская народная партыя прапаноўвала ўстанавіць, што Швейцарыя можа далучацца толькі да міжнародных санкцый, уведзеных Радай Бяспекі ААН. На яе думку, традыцыйны нейтралітэт Швейцарыі быў падарваны пасля таго, як Берн увёў санкцыі супраць Расіі з пачаткам вайны ва Украіне.
Прапанаваныя Швейцарскай народнай партыяй папраўкі таксама прадугледжвалі адмову ад цеснага супрацоўніцтва з якімі-небудзь ваеннымі саюзамі — калі краіна не сутыкаецца з непасрэднай пагрозай нападу.
Апаненты Швейцарскай народнай партыі прадстаўлялі яе ініцыятыву як прарасійскую.
Швейцарыя ў асноўным далучылася да санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі, якія былі ўведзены пасля лютага 2022 года. Краіна не ўваходзіць у НАТА, але падтрымлівае з альянсам дастаткова цесныя адносіны і бярэ ўдзел у некаторых яго праграмах.
Швейцарыя абвясціла сябе нейтральнай краінай у 1815 годзе, а ў 1848 годзе замацавала такі статус у сваёй Канстытуцыі. Аднак тэкст Канстытуцыі дапускае значную шырыню трактовак.
У 2022 годзе Швейцарыя палічыла расійскае ўварванне ва Украіну парушэннем міжнароднага права і далучылася да санкцый ЕС супраць Масквы.
Каментары