Цягнік, які ішоў з расійскай Анапы ў Мінск, затрымаўся ў дарозе праз пашкоджанне ўкраінцамі чыгункі на Браншчыне
Пасажырскі цягнік №489 Анапа — Мінск затрымліваецца ў дарозе праз пашкоджанне чыгуначнага палатна ў выніку атакі УСУ, паведаміў выканаўца абавязкаў губернатара Бранскай вобласці Ягор Кавальчук.

Пашкоджаны ўчастак чыгункі знаходзіцца на тэрыторыі Унечскага раёна Браншчыны. У сувязі з гэтым часова спынілі рух двух грузавых цягнікоў — з Бранска ва Унечу і са Злынкі ў Бранск. Таксама адмянілі прыгарадны цягнік Унеча — Почап.
Акрамя таго, затрымаліся два пасажырскія цягнікі: №85 Масква — Навазыбкаў і №489 Анапа — Мінск.
Раней Беларуская чыгунка паведамляла, што цягнік з Анапы ў Мінск накіравалі аб'язным маршрутам — праз Смаленск і Оршу замест звычайнага шляху праз Гомель і Асіповічы. Паводле інфармацыі анлайн-табло на станцыі Мінск-Пасажырскі, прыбыццё цягніка ў сталіцу чакалася ў суботу ў 16:10.
Ягор Кавальчук таксама паведаміў пра атаку на чыгуначную станцыю ў Клінцах. Паводле яго слоў, загінулых і параненых няма, але пашкоджанні атрымаў лакаматыў грузавога цягніка, які знаходзіўся на пуцях.
У Навазыбкаўскай гарадской акрузе ў выніку атакі беспілотнікаў таксама была пашкоджаная тэлевежа.
Цяпер чытаюць
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
Каментары