Меркаванні1313

Пітэр Ціль: Захад уратуюць не прыгожыя словы, а цяжкая праца. Галоўны прынцып мае быць «спрацоўвае ці не спрацоўвае»

Пітэр Ціль — візіянер, які стаў мільярдэрам. Ён адзін з заснавальнікаў PayPal і Palantir ды венчурны інвестар. Ён даў вялікае інтэрв’ю кіраўніку Axel Springer Матыясу Дёпфнеру, у якім паразважаў пра Еўропу і ЗША, Кітай і суперінтэлект, правых і левых радыкалаў і ці можа чалавек урэшце перамагчы старэнне і смерць. Адзін з інтэлектуальных гуру лібертарыянцаў, рэзкі крытык левых лібералаў і сацыялістаў — Пітэр Ціль часта зазірае далей за іншых.

Пітэр Ціль. Скрын відэа: mdmeets / YouTube

На працягу апошніх дваццаці гадоў Ціль паслядоўна папярэджваў пра небяспечную тэхналагічную стагнацыю чалавецтва. На яго погляд, прыкладна з 1970‑х гадоў Захад рэзка запаволіўся ў развіцці.

Прагрэс працягваўся ў «свеце бітаў» — камп’ютарах, інтэрнэце, мабільных тэхналогіях і праграмным забеспячэнні. Але ў «свеце атамаў» усё было значна горш. Машынабудаванне, хімічная, аэракасмічная і ядзерная інжынерыя перасталі быць тымі сферамі, у якія ішлі найлепшыя інжынерныя кадры.

Пры канцы 1990‑х важным рухавіком росту стаў інтэрнэт. Але, на думку Ціля, нават яго было недастаткова, каб вывесці ўсю цывілізацыю на новы ўзровень.

Ціль бачыць у штучным інтэлекце вялікі шанс на новы тэхналагічны рывок і паляпшэнне ўзроўню жыцця ўсіх. «А цяпер я думаю, што, магчыма, штучны інтэлект — гэта нешта большае за інтэрнэт і што ён, прынамсі патэнцыйна, здольны зноў паскорыць рост — з усімі добрымі і кепскімі наступствамі гэтага».

Ці варта запавольваць ШІ?

Ціль не адмаўляе рызыкі таго, што штучны інтэлект, які значна пераўзыдзе чалавека, можа выйсці з-пад кантролю.

«Нават калі імавернасць складае 5% ці 10%, гэта даволі небяспечна», — даводзіць венчурны інвестар.

Але з гэтага, даводзіць Ціль, не вынікае, што трэба рухацца павольней і заўсёды выбіраць максімальна асцярожны шлях.

«Калі нічога не рабіць, калі ні ў адным вымярэнні не будзе прагрэсу, я не думаю, што нашы грамадствы ўвогуле змогуць нармальна функцыянаваць», — лічыць Ціль.

Аргументуючы свой погляд, мільярдэр заўважае, што

заходняе грамадства дзесяцігоддзямі трымалася на няпісаным міжпакаленчым дагаворы: дзеці павінны жыць лепш за бацькоў. Гэта азначала эканамічны рост, большы матэрыяльны дабрабыт, лепшую медыцыну і новыя магчымасці.

«І калі гэта перастае працаваць, тады, на мой погляд, усё грамадства пачынае паводзіць сябе вельмі, вельмі дзіўным чынам. Людзі часта ўяўляюць альтэрнатыву ШІ як мірнае, устойлівае грамадства з нулявым ростам. Я не веру, што альтэрнатыва выглядае менавіта так», — даводзіць Ціль.

На яго погляд, бяда ліберальных, свабодных грамадстваў Захаду ў тым, што ў іх цяпер няма ўпэўненасці, што эканамічны рост будзе працягвацца. Людзі перасталі адчуваць, што становіцца лепш. Палітыка ўсё больш ператвараецца ў гульню з нулявой сумай, у трышкаў каптан: каб натачыць у адным месцы, палітыкі адразаюць у іншым.

«Я не думаю, што ШІ — панацэя ад усяго. Але без яго, думаю, гэтыя партыі, якія дзейнічаюць у логіцы гульні з нулявой сумай на крайнім правым і крайнім левым флангах будуць проста працягваць убірацца ў сілу», — лічыць Ціль.

Пагроза дэмакратыі на Захадзе

Як даводзіць Ціль, тэндэнцыя да паслаблення дэмакратыі сапраўды існуе, і ў ліберальных грамадстваў ёсць сур'ёзныя цяжкасці. Палітычныя лідары сканцэнтраваныя на тым, як прыйсці да ўлады, а пытанне, як выправіць глыбокія структурныя праблемы грамадства і эканомікі, адкладаюць на пасля.

Некалькі дзесяцігоддзяў недастатковага эканамічнага росту аслабілі грамадскія сувязі. Міжпакаленчы грамадскі дагавор разбурыўся. Малодшаму пакаленню робіцца ўсё цяжэй набыць ці арандаваць жыллё і дасягнуць таго ўзроўню матэрыяльнага дабрабыту, які мелі папярэднія пакаленні. Германію, Еўропу і часткова ЗША Ціль называе «герантакратыямі» — грамадствамі, якія цяпер працуюць перадусім на карысць старэйшага пакалення.

Радыкальныя партыі не прапануюць добрых рашэнняў, але яны часта першымі называюць праблему. І таму яны маюць падтрымку моладзі.

Ціль нагадвае, што на выбарах у Берліне партыя «Левыя» (Die Linke) атрымала 25% галасоў у цэлым, а сярод выбаршчыкаў да 24 гадоў за яе прагаласавалі 47%.

Рызыка рэзкага павароту ўлева існуе і ў ЗША. Рэальную небяспеку Ціль бачыць у «дэмакратычных сацыялістах». У 1982 годзе гэтая плынь налічвала каля 5000 чалавек. Але падчас выбарчай кампаніі Берні Сандэрса ў 2016 годзе з ветэранскай суполкі арганізацыя ператварылася ў малады рэвалюцыйны рух. Колькасць яе актывістаў узрасла да 50 000, а медыянны ўзрост знізіўся з 66 да 33 гадоў.

Ці магчыма запаволіць ШІ?

На погляд Ціля, запаволіць развіццё ШІ было б магчыма толькі ў тым выпадку, калі б існавала сапраўдная шчырая супраца ўсіх дзяржаў. Але такое было б магчымае толькі, калі б існаваў адзіны сусветны ўрад, які меў бы рэальную ўладу і рэальныя механізмы прымусу.

«Тая частка мяне, якая застаецца класічным лібералам, лічыць, што такія лекі могуць аказацца горшымі за хваробу. Вядома, можа існаваць фальшывы глабальны ўрад, пры якім вы шмат што абмяркоўваеце, прымаеце мноства даволі пустых заяў — і на гэтым усё. І, вядома, існуе рызыка, што ў выніку развіццё ШІ запаволяць на Захадзе, але не ў Кітаі», — папярэджвае Ціль.

У гэтым кантэксце Ціль рэзка раскрытыкаваў пазіцыю Папы Льва адносна ШІ.

«Камуністычная партыя Кітая не будзе слухаць Папы. А вось імавернасць таго, што людзі ў ЗША яго паслухаюць, ёсць. Таму фактычна энцыкліка Папы працуе на Камуністычную партыю Кітая. Я не кажу, што ён агент камуністаў, але прынамсі ён выступіў у ролі карыснага ідыёта для Кампартыі Кітая», — крытыкуе мільярдэр.

Пры гэтым Ціль не згодны і з жаданнем тлумачыць усе праблемы Захаду кітайскім умяшаннем. Ён называе сябе жорсткім крытыкам Кітая і лічыць суперніцтва з ім надзвычай сур’ёзным, але значную частку праблем заходнія грамадствы, на яго погляд, ствараюць самі.

Чаму Еўропа менш баіцца ШІ?

Дёпфнер звярнуў увагу на дзіўны парадокс. Амерыка традыцыйна асацыюецца з тэхналагічным аптымізмам, але менавіта там ужо пратэстуюць супраць ШІ. У Еўропе ж стаўленне часта больш спакойнае.

На погляд Ціля, амерыканцы баяцца ШІ таму, што ён сапраўды ўжо змяняе іх жыццё.

«Вядома, сітуацыя па-ранейшаму вельмі дынамічная. Але ў першым набліжэнні карціна такая: у ЗША адбываецца шмат, Кітай хутка ідзе следам, а Еўропа адстала надзвычай моцна. Таму ў Еўропе гэтага проста не адчуваюць. Гэта не адчуваецца нават на ўзроўні карпарацый», — лічыць венчурны інвестар.

Ён бачыць гэта і па Palantir. Продажы кампаніі амерыканскаму бізнесу хутка растуць, бо карпарацыі разумеюць: трэба тэрмінова высветліць, як працаваць у новую эпоху.

У Еўропе такога адчування тэрміновасці значна менш: «Там усё яшчэ захоўваецца гэтая інерцыя: мы можам пачакаць. Не рабі заўтра таго, што можна адкласці на паслязаўтра».

Патрэбна кампетэнтнасць замест маралізатарства

Сучасны публічны дыскурс перагружаны бязглуздым маралізатарствам, кажа Ціль. Грамадства пастаянна ацэньвае ўсё ў катэгорыях «дабра і зла», зусім забываючы пра функцыянальную ацэнку «працуе ці не працуе». У рэальным свеце некампетэнтнасць з добрымі намерамі прыносіць куды больш шкоды, чым жорсткая, але эфектыўная праца.

Тэхналогіі самі па сабе нейтральныя, падобна да звычайнага нажа, якім можна як прыгатаваць вячэру, так і ўчыніць злачынства. Караць ці забараняць сам інструмент бязглузда, ацэньваць трэба толькі дзеянні канкрэтных людзей.

«Мы вядзём усе гэтыя дыскусіі пра дабро і зло, але пры гэтым вакол нас проста безліч кепскага. Ёсць шмат чаго не злога і не добрага, а проста кепскага. Калі вы жывяце ў свеце, дзе 99% бізнесаў, кампаній, людзей, палітычных і бізнес-лідараў цалкам некампетэнтныя, гэта і ёсць праблема», — даводзіць мільярдэр.

Чаму дзяржава ўсеагульнага дабрабыту можа навучыцца ў Аргенціны?

Венчурны інвестар звяртае ўвагу на адну з галоўных структурных праблем дзяржаў усеагульнага дабрабыту, да якіх адносяцца і амаль усе еўрапейскія дзяржавы, — высокія падаткі і вялікі бюджэтны дэфіцыт.

Пры нулявых працэнтных стаўках такую мадэль можна было падтрымліваць доўга. Цяпер абслугоўванне даўгоў становіцца ўсё даражэйшым.

Ціль бачыць тры базавыя варыянты: рэзка скарачаць дзяржаўныя выдаткі, значна павышаць падаткі або працягваць пазычаць грошы і адкладаць рашэнне.

Пасля фінансавага крызісу 2008 года Захад, на яго погляд, пераважна выбіраў трэці шлях. Ціль сумняваецца, што так можа працягвацца бясконца.

Што ў выніку можа здарыцца, можна ўбачыць на прыкладзе Аргенціны. У 1900— 1920‑я гады была распаўсюджана фраза «багаты як аргенцінец». Дзясяткі тысяч і беларусаў тады эмігравалі ў Аргенціну, Парагвай і Уругвай у пошуках лепшага жыцця. Аднак з той пары Аргенціна пагрузілася ў працяглы заняпад. Цяпер сітуацыю спрабуе пераламіць Хаўер Мілей шляхам радыкальных структурных рэформаў па скарачэнні дзяржаўных выдаткаў.

«Ці можам мы неяк навучыцца на гісторыі Аргенціны, каб нам не спатрэбілася сто гадоў заняпаду, перш чым мы дойдзем да гэтага?» — задаецца пытаннем мільярдэр.

Дзе павінна быць Еўропа?

Як даводзіць Ціль, еўрапейская эканоміка павінна расці, ствараць новыя індустрыі і ўдзельнічаць у будаўніцтве будучыні. Калі Еўропа здольная сама стаць сусветным лідарам у нейкай галіне — тым лепш. Калі адставанне занадта вялікае, варта больш цесна супрацоўнічаць з Амерыкай.

Ціль нагадвае, што ў канцы 1960‑х гадоў Еўропа змагла запусціць сумесны брытана-французскі праект звышгукавога самалёта «Канкорд», дагнаць і абысці ЗША. Індустрыя звышгукавой авіяцыі стала сферай, у якой Еўропа была лідарам. А вось у 1990‑х гадах французскі праект закрытай сеткі Minitel у выніку прайграў глабальнаму інтэрнэту.

«Калі ў 2026 годзе задаць пытанне пра ШІ: гэта гісторыя накшталт Concorde ці гісторыя накшталт Minitel? Калі адказваць сумленна, мая ацэнка такая: Еўропа адстала яшчэ мацней, чым Minitel у свой час», — даводзіць Ціль.

Прычыну мільярдэр бачыць не столькі ў страху няўдачы, колькі ў «страху поспеху», які, на яго погляд, характэрны для еўрапейскага прадпрымальніцтва.

Калі амерыканскі прадпрымальнік знаходзіць працуючую мадэль, ён можа паспрабаваць давесці яе да маштабаў Ілана Маска ці Марка Цукерберга. Еўрапеец, мяркуе Ціль, часцей у нейкі момант прадасць кампанію або перастане агрэсіўна яе нарошчваць.

Венчурны інвестар прыводзіць статыстыку. Калі ўзяць 50 найбагацейшых людзей у ЗША, толькі 12 з іх належаць да пакалення X або маладзейшыя (нарадзіліся ў 1965 годзе ці пазней). Пры гэтым 9 з гэтых 12 самі зарабілі свае грошы.

У Германіі з 50 найбагацейшых людзей да пакалення X належаць 20. Аднак усе яны атрымалі сваё багацце ў спадчыну.

«Ніводзін чалавек не зрабіў нечага новага, не стварыў новага багацця, не пабудаваў вялікага новага бізнэсу, здольнага маштабавацца», — заўважае Ціль.

Як даводзіць венчурны інвестар, новая вялікая кампанія стварае вакол сябе тысячы іншых заможных людзей, дзясяткі тысяч працоўных месцаў і цэлыя новыя галіны. Калісьці Германія ўмела гэта рабіць. Ціль мяркуе, што прыкладна пасля 1995 года нешта ў гэтым механізме зламалася.

Чаму Ціль не хоча паміраць?

Ціль шмат гадоў інвестуе ў біятэхналогіі і даследаванні даўгалецця. І адкрыта прызнае, што справа не толькі ў бізнесе. Яго матывацыя — страх старасці і смерці.

Ён нагадвае, што мысляры ранняга Новага часу чакалі, што навука палегчыць чалавечую долю, пераможа хваробы і падоўжыць жыццё. Сёння Ціля «проста шакуе гэты грамадскі заняпад, праз які мы ад усяго гэтага адмовіліся. Людзі нават не думаюць, што мы можам вылечыць хваробу Альцгеймера».

На погляд мільярдэра, ёсць розныя прычыны, чаму людзі сталі больш песімістычнымі. Медыцына ўжо шмат разоў сутыкалася з задачамі, якія аказваліся значна цяжэйшымі, чым чакалася. Ён нагадвае пра абвешчаную Рычардам Ніксанам у 1971 годзе «вайну раку». Прайшло больш за паўстагоддзя, прагрэс велізарны, але рак не пераможаны.

Ціля асабліва цікавіць магчымасць зразумець біялогію як інфармацыйную сістэму. Калі гэта ўдасца, тэарэтычна можна будзе не толькі запавольваць, але і паварочваць назад некаторыя біялагічныя працэсы.

«Камп’ютары могуць жыць вечна», — кажа венчурны інвестар.

Пры гэтым ідэю «загрузкі свядомасці ў камп’ютарную сімуляцыю» ён не падтрымлівае. Чалавечую ідэнтычнасць Ціль лічыць глыбока звязанай з фізічным целам.

На пытанне, ці не стала б вечнае жыццё невыносна сумным, Ціль адказвае проста: «Гэта ўсё адно лепш за альтэрнатыву. Я не думаю, што мне было б сумна».

Нягледзячы на размовы пра вечнасць, найбольш канкрэтная медыцынская мэта, якой венчурны інвестар плануе ў бліжэйшыя гады заняцца, — гэта дэменцыя. Ён хацеў бы знайсці спосаб запаволіць або павярнуць назад пагаршэнне працы чалавечага мозгу.

Каментары13

  • Віталь
    27.09.2026
    Калі ен бязбожнік - ягоныя ідэі вядуць у прорву
  • Хайль Беларусь
    27.09.2026
    Кечуа, Особенно учитывая факт, кто вме эти 100 лет бежали в Аргентину. Типа бывших нацистов.
  • Ян
    27.09.2026
    Кечуа, а я мяркую, што ўзгадванне пра эміграцыю беларусаў у краіны Паўднёвай Амерыкі як раз дарэчнае, каб паказць сутнасць таго часу, калі беларусы ехалі зарабіць у заможныя краіны на іншы край Свету. Як цяпер у асноўным едуць на Захад - ЕС, ЗША. І тэзіс Ціля як раз палягае ў тым, што сучасныя заходнія краіны могуць паўтарыць лёс Аргентыны стогадовай даўнасці.

Цяпер чытаюць

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА22

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

У школах і дзіцячых садах дазволяць выкарыстоўваць электраабагравальнікі

Упершыню з 2022 года міністр замежных спраў Германіі сустрэўся з Лаўровым7

«Ведаеце, Лукашэнка не прэзідэнт». Яны так усміхнуліся, кіўнулі». Дэпартаваны з Грузіі Леў Міхееў расказаў, як з ім абыходзіліся ў Арменіі3

Саюз палякаў у Беларусі аднаўляе магілу польскага генерала пад Гроднам ФОТАФАКТ34

Трамп не пусціў CNN на борт свайго самалёта1

Цягнік, які ішоў з расійскай Анапы ў Мінск, затрымаўся ў дарозе праз пашкоджанне ўкраінцамі чыгункі на Браншчыне1

Прэзідэнтам FIDE стаў былы расіянін з казахстанскім пашпартам. Ён знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі2

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё35

Трамп спадзяецца на пагадненне паміж Зяленскім і Пуціным яшчэ да суровай зімы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА22

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць