Бараўляны засталіся без вады. Спачатку знікла святло, а цяпер з кранаў цячэ штосьці дзіўнае
Яшчэ адзін камунальны калапс, гэтым разам пад Мінскам.

У ноч на 26 верасня ў Бараўлянскім сельсавеце знікла святло. Пасля гэтага мясцовыя жыхары сталі масава скардзіцца на ваду. З кранаў пацякло нешта незразумелае: вада па колеры была падобная да чорнай гарбаты, ды яшчэ і з прымессю пяску.
Аказалася, адключэнне электрычнасці, якое доўжылася ўсяго 23 хвіліны і закранула ўсе 5 свідравін і 3 помпавыя станцыі Водаканала Мінскага раёна, пацягнула за сабой сур'ёзныя праблемы, якія не могуць вырашыць дагэтуль, піша «Мінская праўда».
Электрычнасць адключалася ў Бараўлянах, Ляскоўцы і Валяр'янаве. Раніцай жыхары Бараўлянаў не змаглі пачысціць зубы і закіпяціць вады на гарбату. Таму што вада аказалася жахлівай якасці.
Цяпер спецыялісты праліваюць сістэму. Уначы былі адкрыты пажарныя гідранты для праліву сістэмы, каб папярэдзіць магчымы змыў адкладаў пасля перазапуску помпавай станцыі. Сітуацыя на помпавай станцыі на Васільковай была ў норме ўжо да 3 гадзін ночы. Аднак цяпер вядуцца работы па прамыванні сетак высокага ціску ад станцыі да жылых дамоў, і сітуацыя выпраўляецца паступова.
У доме №31 кропка пакуль не дала стопрацэнтнага выніку. Гэта галінка, якая ідзе на вуліцу Васільковую.
«Дзве брыгады працуюць па кропках з 00.17. Усе кіраўнікі на працы, нягледзячы на выхадныя, — кажа дырэктар ДП «Водаканал Мінскага раёна» Дзмітрый Дрозд. — На гэты момант дзве аварыйныя брыгады ажыццяўляюць праліў вадаводаў да поўнага асвятлення. У рэзервуарах на НС-2 вада ў норме, запас каля 500 кубоў, папаўненне перавышае разбор. Таму пагрозы пакінуць усіх без вады няма. Пасля асвятлення вады ў цэнтральных сетках будзем кропкава працаваць па дамах. Трымаем сувязь са старшынямі ТС і ПЖСК».
Для жыхароў Бараўлянаў на вуліцу вывелі цыстэрну з пітной вадой. З 9 раніцы аўтацыстэрна курсіруе па праблемных участках. Раніцай яна стаяла на вуліцы 40 гадоў Перамогі, цяпер — на Васільковай.
Жыхары могуць пакідаць заяўкі на ваду. Дадаткова камунальнікі падрыхтавалі 5 пунктаў раздачы вады — каля дамоў паставяць кубы, кожны на тону.
Каментары
Інакш будзе холад, голад і нястача.