Таксістам загадалі тэрмінова зняць усю рэкламу казіно і букмекераў з бартоў машын
Новы закон пра рэкламу азартных гульняў яшчэ не прынялі, але абурэнне Лукашэнкі выклікала ланцуговую рэакцыю.

Беларускім таксістам настойліва прапанавалі тэрмінова зняць усю рэкламу казіно і азартных гульняў з бартоў машын.
Такое паведамленне з'явілася ў рэестры перавозчыкаў, піша «Анлайнер». Аўтапаркі таксама просяць не дапускаць рэкламу такіх устаноў у салонах аўта.
Тэкст складзены так, нібыта таксістам проста рэкамендуюць прыбраць усю рэкламу, каб не дапускаць папулярызацыі азартных гульняў і казіно. Але гучыць мэсэдж даволі катэгарычна.

Закон пра рэкламу азартных гульняў і казіно ў Беларусі пакуль толькі рыхтуецца. Працэс пайшоў пасля публічнага разносу ад Лукашэнкі на адной з нарад. Ён абурыўся колькасцю рэкламы букмекераў і казіно, якой Мінск аблеплены ўжо некалькі гадоў. Лукашэнка заявіў, што паводле ягоных адчуванняў уся краіна «круціць гуся» — гэта слоган адной з букмекерскіх кампаній. І загадаў разабрацца.
Пасля гэтага ў Мінгандлі анансавалі змены ў законах. Плануецца забараніць вонкавую рэкламу казіно за рэдкім выключэннем. Таксама рэкламу збіраюцца прыбраць з грамадскага транспарту і іншых прастор.
Закон пакуль не прынялі, але таксістам ужо «прапануюць аператыўна забяспечыць зняцце» рэкламы азартных гульняў і «не дапускаць яе размяшчэнне ў салонах».
Каментары