Намесніка дырэктара мазырскага каледжа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Васіль Купрацэвіч шмат гадоў працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай працы ў каледжы Мазыра і быў тварам сваёй установы.

Васілю Купрацэвічу 53 гады, ён родам з Жыткавічаў. У мужчыны ёсць жонка і дарослая дачка.
Васіль скончыў Мазырскага педагагічны ўніверсітэт і з таго часу працаваў у сферы адукацыі. У 2005 годзе Васіль атрымаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы ў Мазырскім дзяржаўным каледжы геалогіі. Гэта адзіная ў Беларусі навучальная ўстанова такога профілю, якая рыхтуе машыністаў буравых установак, лабарантаў хімічнага аналізу і іншых рабочых спецыялістаў для нафтагазавай і геалагічнай галіны.
Пазней Купрацэвіч стаў намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай працы ў мясцовым каледжы будаўнікоў. Мужчына часта выступаў у прэсе, праводзіў прафарыентацыю і дапамагаў навучэнцам з размеркаваннем.
Па-за працай Васіль заўзяты грыбнік, які любіць фатаграфаваць. Таксама вядома, што Купрацэвіч з'яўляецца паляўнічым і мае ліцэнзію на зброю.
Гомельскі абласны суд вынес Васілю абвінаваўчы прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яму прысудзілі хатнюю хімію.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары