Музыка

U2 адзначылі 50‑цігадовы юбілей у дублінскай школе, у якой выраслі

50 гадоў таму ўсё пачалося з аб'явы на школьнай дошцы: «Барабаншчык шукае музыкаў для стварэння гурта». Бона нават не хацеў ісці, бо быў старэйшы на два гады.

Роўна праз 50 гадоў пасля свайго ўтварэння гурт U2 вярнуўся ў Дублін, каб даць канцэрт у школе, дзе ўпершыню сустрэліся ўсе яго музыкі, піша Бі-бі-сі.

«Мы ўцяклі з лабараторыі, — заявіў Бона, калі квартэт выйшаў на сцэну, усталяваную ў школьным двары. — І як вам эксперымент?»

Калі U2 былі самым папулярным гуртом у свеце, дзяўчынак і хлопчыкаў з школы Mount Temple Comprehensive (ды, імаверна, і многіх іх бацькоў) яшчэ і ў паміне не было.

Але цяперашнія вучні ўладкавалі музыкам ганаровы прыём, размахваючы плакатамі з надпісамі: «Я люблю U2», «Сёння цудоўны дзень — няма школы» і «Бона, мая мама перадае прывітанне!»

Гурт парадаваў іх падборкай песень з усяго свайго творчага шляху. Гучалі і I Will Follow, і Vertigo, і With or Without You, а таксама іх апошні сінгл Silencio.

Пакуль ішоў канцэрт, настаўнікі спрабавалі сачыць за дысцыплінай, спускаючы на зямлю тых, хто залазіў на плечы аднакласнікам, каб лепш разгледзець музыкаў.

Неўзабаве канцэртны драйв ахапіў і дарослых — яны таксама пачалі танцаваць.

Гледзячы з той самай сцэны, на якой U2 дэбютавалі са сваім першым канцэртам у 1978 годзе, Бона не змог стрымаць эмоцый. «Дзякуй за, э-э… Так… Я не… Вау», — сказаў фронтмэн, на імгненне страціўшы дар мовы.

Гісторыя гурта U2 пачалася ў тых самых класах і калідорах пяць дзесяцігоддзяў таму, калі 14‑гадовы Лары Мален-малодшы прымацаваў да школьнай дошкі аб’яў рукапісную запіску: «Барабаншчык шукае музыкаў для стварэння гурта».

Праслухоўванне адбылося праз некалькі дзён, 25 верасня 1976 года, на кухні ў бацькоў Лары.

Сярод поўных надзеі «ізгояў», як называў іх школьны сябар Фрэнк Кірнс, былі Бона, Эдж і Адам Клейтан, які прыйшоў у доўгай дублёнцы.

Спачатку гурт называўся Feedback, затым — The Hype.

Але сусветная слава прыйшла да іх, калі яны, змяніўшы назву на U2, ператварыліся з кучкі няголеных панкаў у рок-тытанаў, якія выступалі на стадыёнах. Іх грандыёзныя ідэі і гучныя гімны прыцягнулі мільёны прыхільнікаў і амаль столькі ж крытыкаў.

Гурт сыграў свой першы канцэрт на школьным конкурсе талентаў, выканаўшы песні Пітэра Фрэмптана Show Me The Way і Bye Bye Baby гурта Bay City Rollers.

У інтэрв’ю BBC News Мален прызнаўся, што тая самая аб'ява пра пошук удзельнікаў з самага пачатку было ідэяй яго бацькі.

«Я граў адзін, у сябе дома, і мой бацька быў мною расчараваны, — кажа ён. — Я не вельмі добра спраўляўся з многімі рэчамі, і ігра на барабанах была адной з іх. Таму, думаю, ён праз сваё расчараванне сказаў, што мне варта паспрабаваць граць з іншымі людзьмі».

«І, на жаль, — дадае Бона, — ён знайшоў нас траіх».

Бона, якога тады ўсе ведалі як Пола Х’юсана, насамрэч думаў прапусціць праслухоўванне. Ён быў на два гады старэйшы за астатніх і баяўся выглядаць недарэчна.

«Я б не стаў тусавацца з другім класам (старэйшай школы, аналаг 9‑га класа), ды яшчэ і з такімі прыгажунамі», — кажа ён.

Урэшце яго сябар Рэджы Мануэль пераканаў яго пайсці і нават падвёз яго на сваім старым, раздзяўбаным матацыкле.

«Я магу пераканаць сябе, што гэта быў «Харлей», — жартуе спявак, — але насамрэч гэта была Yamaha DX100».

Першая рэпетыцыя гурта выглядала не надта шматабяцальна. Размоў было больш, чым музыкі.

Клейтан, басіст, які не ўмеў граць на бас-гітары, быў абраны толькі таму, што ў яго былі «самыя крутыя валасы».

А Бона, які хацеў быць гітарыстам, не ўзяў з сабой гітару.

«Я ніколі не ладзіў з абсталяваннем, — успамінае ён. — Насіць яго, распакоўваць — усё гэта».

Тым не менш ужо тады з’явіліся прыкметы таго, што гурт прыцягне цэлую армію адданых прыхільнікаў. У сярэдзіне рэпетыцыі група крыклівых дзяўчат паспрабавала пералезці праз садовую сцяну.

Роўна праз 50 гадоў гурт паўтарыў канцэрт на тым самым месцы. Фота Rich Fury

Для Клейтана менавіта гэты момант стаў вырашальным.

«У Лары ўжо быў фан-клуб, і мы падумалі: «Ну, раз у яго ёсць фан-клуб, то гэта выглядае нядрэнна. Можа, калі мы будзем тусавацца з гэтым хлопцам, то раскруцім гэта яшчэ лепш»».

Мален, які заўсёды быў стойкім маральным арыенцірам гурта, не быў уражаны гэтым уварваннем.

«Наколькі я памятаю, Лары Мален абліў фанатак са шланга», — смяецца Бона.

«Не ведаю, што на мяне найшло», — грымаснічае барабаншчык і спрабуе сцвярджаць, што абліванне «было актам дабрыні і любові, таму што быў гарачы дзень».

«Ім гэта спадабалася, — пратэстуе ён. — Гэта было ў жарт».

Бона ўступае ў размову, каб выратаваць сябра ад няёмкасці… Ну, у пэўным сэнсе.

«З таго часу гэта стала гісторыяй нашага жыцця. Ён нават не хоча мець прыхільнікаў, але нам яны цалкам падабаюцца».

Менавіта з той нестройнай кампаніі на кухні дома на Розмаунт-авеню гурт U2 ператварыўся ў самы папулярны рок-гурт у свеце.

Такія песні, як With or Without You, One і Beautiful Day, заўсёды гучалі велічна і ў той жа час асабіста; іх сілай былі каскадныя гітарныя партыі Эджа і тэксты Бона, якія, нягледзячы на прапаведніцкі пафас, прасякнутыя верай у чалавечнасць.

Цяперашнія вучні прабіраліся да сцэны, каб дакрануцца да зорак сусветнага маштабу. Фота Rich Fury

У 1990‑я гады яны здзейснілі стылістычны паварот, звярнуўшыся ў альбомах Achtung Baby, Zooropa і Pop да электронікі, танцавальнай музыкі і іроніі.

Па ходзе справы яны з турам Zoo TV, сцэна якога была да адмовы запоўненая мультымедыйнымі экранамі і спадарожнікавымі трансляцыямі, вярнулі жыццё стадыённаму року.

А Бона кожную ноч тэлефанаваў у Белы дом з пранк-званкамі.

Эдж, сапраўднае імя якога Дэйв Эванс, тлумачыць даўгалецце гурта адсутнасцю фармальнай музычнай адукацыі.

«У пэўным сэнсе абмежаванасць гурта стала для нас пуцяводнай зоркай, — тлумачыць ён. — Мы знаходзімся ў такім становішчы, калі з музычнага пункту гледжання ніколі не ведаем, што адбудзецца далей. Усё можа разваліцца, а можа ператварыцца ў нешта незвычайнае. У гэтым і ёсць прыгажосць U2».

Вярнуўшыся на сцэну ў Маунт-Тэмпл, Бона выказаў падзяку сваёй альма-матэр за тое, што яна дазволіла гурту развівацца.

Ён казаў, што менавіта дзякуючы падтрымцы настаўнікаў яны зразумелі: «Усё, што нам было патрэбна, магчыма, знаходзілася побач, проста ў нас пад нагамі».

Ён прысвяціў гэты выступ школьнаму дарадцу Джэку Хізліпу, які пазней ператварыўся ў «вандроўнага прапаведніка» падчас гастроляў гурта. У 2015 годзе Хізліп памёр ад бакавога аміятрафічнага склерозу.

U2 завяршылі выступ аркестровай аранжыроўкай песні One. У гэтым ім дапамагалі вучні ірландскай адукацыйнай праграмы Music Generation, якую музыкі гурта дапамаглі заснаваць і фінансаваць 15 гадоў таму.

Некалькімі гадзінамі раней гурт анансаваў свой 16‑ы студыйны альбом Carnaval de Luz, які выйдзе ў лістападзе.

Гэта працяг выпушчанага ў лютым гнеўнага і гарачага міні-альбома Days of Ash, у якім закраналіся тэмы, што траплялі ў загалоўкі навін: забойствы, здзейсненыя ў ЗША іміграцыйнай паліцыяй (ICE), вайна ва Украіне і ізраільска-палесцінскі канфлікт.

У красавіку за ім выйшаў больш стрыманы міні-альбом Easter Lily, а Carnaval de Luz завяршае гэтую гісторыю. Эдж ахарактарызаваў яго як «хаатычную, правакацыйную, сакральную калекцыю песень», а Бона паабяцаў «гучныя гітары, глыбокі бас і экстатычныя рытмы».

Завяршае 12‑трэкавы альбом песня Torn, суаўтаркай якой выступіла Долі Партан; гэта быў апошні запісны выступ гэтай зоркі кантры перад яе смерцю ў жніўні.

У прэс-рэлізе гэты трэк апісваецца як «пяшчотная кантры-песня пра разарваныя сямейныя сувязі, якую зразумеюць многія».

Каментары

Цяпер чытаюць

28‑гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі: «здрада дзяржаве» за перапіску з аднакурснікамі з УСУ16

28‑гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі: «здрада дзяржаве» за перапіску з аднакурснікамі з УСУ

Усе навіны →
Усе навіны

Унучку Уладзіміра Пуціна назвалі Эльзай12

Славакія сустрэлася з Мінскам. Ці стане беларусам лягчэй атрымаць візы?

Небарака з Ляхавічаў знік «на СВА» ўжо на трэці дзень, а ў барацьбе за грабавыя счапіліся сястра, сужыцелька і жонка — з чатырма дзецьмі, але чужымі8

Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка19

Рэйтынг найлепшых гарадоў свету — 2026. На якім месцы Мінск?8

Беларуска перакладала для прэзідэнта Эквадора, працавала сцюардэсай, а цяпер адкрыла ў Мексіцы сваю моўную школу «Руская з рускай»23

Кітай захапіў сакрэтныя дэталі ад амерыканскіх знішчальнікаў F-353

У Пермі пад удар трапіў прамысловы аб’ект, ва Ульянаўску пашкоджана прамысловая і цывільная інфраструктура1

Афрыканскім пінгвінам пагражае галодная смерць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

28‑гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі: «здрада дзяржаве» за перапіску з аднакурснікамі з УСУ16

28‑гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі: «здрада дзяржаве» за перапіску з аднакурснікамі з УСУ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць