Пасля сустрэчы з Ціханоўскай прэм'ер Славеніі згадаў Беларусь з трыбуны Генасамблеі ААН
Прэм'ер-міністр Славеніі Янэз Янша падчас выступу на Генеральнай асамблеі ААН заявіў пра неабходнасць вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў і падтрымаў дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

Прэм'ер-міністр Славеніі Янэз Янша выступіў 24 верасня ў Нью-Ёрку на агульных дэбатах 81‑й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, якая сёлета праходзіць пад дэвізам «Аднаўленне даверу, кіраванне трансфармацыяй: Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, якая працуе на карысць усіх».
Адной з галоўных тэм выступу прэм'ер-міністра Славеніі сталі падвойныя стандарты ў рэакцыі міжнароднай супольнасці на крызісы і парушэнні правоў чалавека ў розных краінах. Янша заявіў, што прынцыпы, на якіх заснаваная ААН, губляюць сэнс, калі прымяняюцца выбарачна.
У гэтым кантэксце ён асобна загаварыў пра Беларусь.
«Гэтыя прынцыпы павінны таксама кіраваць нашым падыходам да Беларусі. Мы асуджаем сістэмныя рэпрэсіі з боку ўладаў, адвольныя затрыманні і пераслед палітычных апанентаў, праваабаронцаў і незалежных галасоў.
Усе палітычныя зняволеныя павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека — прыцягнутыя да адказнасці. Мы павінны пра гэта гаварыць», — заявіў Янша.
Ён дадаў, што Славенія падтрымлівае беларускі народ і мірныя дэмакратычныя перамены, заснаваныя на свабодных і справядлівых выбарах, вяршэнстве права і павазе да правоў чалавека.
«Беларусь належыць да свабоднай і дэмакратычнай Еўропы», — сказаў славенскі прэм'ер.
Нагадаем, што напярэдадні на палях Генасамблеі Янэз Янша сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Бакі абмеркавалі сітуацыю з бяспекай у Беларусі і рэгіёне, залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі і мілітарызацыю Беларусі.
Асобнай тэмай стала вызваленне палітвязняў і дапамога ім. Гаворка ішла таксама пра беларускую дыяспару, незалежныя медыя і рэпрэсаваных, магчымасць стварэння ў славенскім парламенце групы сяброў дэмакратычнай Беларусі і прызначэння спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Янша вярнуўся на пасаду кіраўніка ўрада ў чэрвені 2026 года. Гэта яго чацвёрты тэрмін на пасадзе прэм'ера.
Як піша сайт Офіса, Ціханоўская і Янша ўжо сустракаліся ў 2021 годзе, калі ён таксама ўзначальваў урад Славеніі.
Падчас цяперашняй сустрэчы Ціханоўская падзякавала Яншу за падтрымку беларусаў у 2021 годзе, а Славеніі — за дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычным сілам і незалежным медыя. Краіна працягвала публічна падтрымліваць іх і ў наступныя гады.
Цяпер чытаюць
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
Каментары