Славакія сустрэлася з Мінскам. Ці стане беларусам лягчэй атрымаць візы?
Славацкі міністр на палях Генасамблеі ААН сустрэўся спачатку з Максімам Рыжанковым, пасля — са Святланай Ціханоўскай. Даведаліся, пра што размаўлялі.

Першая сустрэча міністраў з 2020 года
Кіраўнікі МЗС Беларусі і Славакіі, Максім Рыжанкоў і Юрай Бланар, сустрэліся ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН. Гэта была першая размова кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзвюх краін з 2020 года.
Беларускае МЗС паведаміла, што бакі разгледзелі «ўвесь спектр двухбаковых адносін» і падкрэслілі неабходнасць захоўваць адкрытыя каналы сувязі дзеля хуткага ўрэгулявання вайны ва Украіне.
У паведамленні славацкага МЗС сказана пра ўзаемную зацікаўленасць у «прагматычным палітычным дыялогу» і супрацоўніцтве ў сферах, якіх не закранаюць санкцыі Еўрасаюза. Сярод іх назвалі гандаль, культуру, адукацыю і спорт.
Бланар падкрэсліў, што Славакія прытрымліваецца супольнай пазіцыі ЕС адносна Беларусі, у тым ліку ў пытанні санкцый, але хоча захоўваць прамы дыялог.
«Дыпламатыя павінна быць паўнавартасным інструментам падтрымання камунікацыі, нягледзячы на тое, што мы не ва ўсім згодныя. Там, дзе гэта дазваляюць правілы, мы можам шукаць прастору для практычнага супрацоўніцтва і лепш разумець пазіцыі другога боку», — заявіў славацкі міністр.

У 2025 годзе Браціслава зноў накіравала ў сваю амбасаду ў Мінску паўнавартаснага амбасадара — экс-камуніста Ёзафа Мігаша, які ўжо ўзначальваў дыпламатычнае прадстаўніцтва ў 2016—2020 гадах.
Пасля Рыжанкова Бланар пагаварыў з Ціханоўскай. Яна папрасіла выдаваць беларусам больш віз
Пасля сустрэчы з Рыжанковым Юрай Бланар меў размову са Святланай Ціханоўскай, паведаміў «Нашай Ніве» яе дарадца па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.
Яны абмеркавалі вайну Расіі супраць Украіны, ролю ў ёй рэжыму Лукашэнкі і санкцыйную палітыку.

«Паколькі Славакія захоўвае паўнавартасную амбасаду ў Мінску на ўзроўні амбасадара, нягледзячы на агульны падыход ЕС адносна непрызнання Лукашэнкі і абмежавання дыпламатычных кантактаў з рэжымам, мы заклікалі выкарыстоўваць гэтую прысутнасць у тым ліку для таго, каб выдаваць больш віз беларусам», — расказаў Дзяніс Кучынскі.

Славацкі візавы цэнтр у Мінску пачаў прымаць заявы на візы ў Славакію і Партугалію ў лютым 2026 года. Аднак для большасці беларусаў умовы атрымання славацкай шэнгенскай візы застаюцца жорсткімі: незалежна ад мэты паездкі да заявы трэба прыкласці запрашэнне, заверанае славацкай паліцыяй па справах замежнікаў. Выключэнні прадугледжаныя для членаў сем’яў грамадзян ЕС, якія маюць права на спрошчаны парадак.
Дэмакратычныя сілы прапануюць выкарыстоўваць магчымасці для пашырэння кантактаў паміж людзьмі.
-
РІА Навіны выдаліла тэкст пра вайну з Літвой. Бо «не адпавядае дзяржаўнай палітыцы»
-
РІА Навіны апублікавала калонку, што Расію чакае яшчэ адна «СВА» — з Літвой. А пасля выдаліла з пазнакай «Не адпавядае дзяржаўнай палітыцы»
-
Рэнтген-лабарантку з 38‑гадовым медыцынскім стажам адправілі ў калонію за палітыку
Каментары