Іспанскі слімак жарэ ўсё запар. Спыніць яго дапаможа піва — любое, і цяпер акурат час для гэтага
Іспанскі слімак хутка размнажаецца і стаў сапраўднай катастрофай для агародаў і кветнікаў: грызе агародныя і дэкаратыўныя расліны. Восень — спрыяльны час, каб скараціць яго колькасць. Расказваем, як змагацца з небяспечным шкоднікам.

Іспанскі слімак (Arion vulgaris) за апошнія дзесяцігоддзі стаў сур’ёзным шкоднікам у многіх краінах Еўропы. У Беларусі яго ўпершыню выявілі ў 2020 годзе ў Гродне і Барысаве. Распаўсюджвацца на вялікія адлегласці яму дапамагае чалавек: слімакоў і іх яйкі ненаўмысна перавозяць разам з садавінай і гароднінай, саджанцамі, грунтам і іншымі матэрыяламі.
Нягледзячы на назву, «іспанскае» паходжанне віду не лічыцца бясспрэчным. Даследчыкі сярод магчымых тэрыторый паходжання называюць Францыю і заходнюю частку Цэнтральнай Еўропы. Ну але прыстала да яго назва «іспанскі».
Дарослы слімак дасягае прыкладна 7—15 см. Афарбоўка вельмі зменлівая: ад аранжавага і рудавата-карычневага да цёмна-карычневага. Характэрныя густая ліпкая слізь і цёмная брушная паверхня, але надзейна адрозніць гэты від ад некаторых роднасных толькі па выглядзе складана.
Небяспека — у апетыце і колькасці. Іспанскі слімак жарэ агародніну, садовыя і дэкаратыўныя расліны, плады, а таксама арганічныя рэшткі і падаль. Ахвярамі іспанскіх слімакоў могуць стаць нават птушаняты пеўчых птушак, якія гняздуюцца на зямлі.
Іспанскі слімак можа не толькі канкураваць з мясцовымі відамі, але і скрыжоўвацца з блізкароднаснымі слімакамі. Шматгадовыя назіранні ў Германіі выявілі такія гібрыдныя формы, а некаторыя мясцовыя слімакі з часам зніклі з даследаванай тэрыторыі.
Жыццёвы цыкл іспанскага слімака звычайна займае каля года. Маладыя асобіны, якія перазімавалі ў глебе і раслінных рэштках, вясной пачынаюць актыўна расці і за лета могуць ператварыцца ў буйных дарослых слімакоў. Перыяд размнажэння пачынаецца летам, найбольш актыўна яйкі адкладваюцца ў канцы лета — пачатку восені, а пры спрыяльным надвор’і яйцакладка можа працягвацца і пазней. За жыццё адзін слімак здольны адкласці некалькі соцень яек.
Натуральныя ворагі ў іспанскага слімака ёсць. Імі могуць станавіцца жабы, вожыкі, дрозды, шпакі, краты і драпежныя жукі (напрыклад, шчыгрынавы жужаль). Аднак разлічваць толькі на прыродных памочнікаў не варта.
Дапамагчы ў барацьбе са слімакамі могуць куры і качкі, якія ахвотна іх ядуць. Аднак заводзіць птушку выключна дзеля знішчэння шкоднікаў наўрад ці варта. Ёй патрэбны належны догляд і адпаведныя ўмовы, а на агародзе яна можа пашкодзіць маладыя расліны.
Дапамагаюць стрымліваць слімакоў і фізічныя бар’еры. Вакол градак можна зрабіць ахоўную паласу з жвіру або пяску: перасоўвацца па такой сухой паверхні малюскам складаней. Высокія градкі, вазоны і іншыя ёмістасці можна абклеіць меднай стужкай шырынёй не менш за 5 сантыметраў — кантакт з меддзю выклікае ў слімака непрыемную рэакцыю і прымушае яго адступіць. Важна памятаць: бар’ер не пазбавіць ад шкоднікаў, якія ўжо знаходзяцца ўнутры абароненай тэрыторыі, таму спачатку іх трэба сабраць.
Навошта слімаку піва?
Адзін з самых незвычайных спосабаў барацьбы з іспанскім слімаком — піўныя пасткі. І гэта не проста народная парада: іх эфектыўнасць пацвярджаюць палявыя даследаванні.
Прычым слімакоў вабіць не спірт. Эксперыменты паказалі, што раствор этанолу сам па сабе практычна не прыцягвае іх. Рэагуюць малюскі найперш на пах піва — лятучыя рэчывы, якія ўтвараюцца падчас ферментацыі. Улавіўшы гэты пах, слімак паўзе да яго крыніцы, трапляе ў ёмістасць з вадкасцю і ўжо не можа выбрацца.
Зрабіць такую пастку нескладана. Спатрэбіцца невялікая пластыкавая ёмістасць, напрыклад, з-пад ёгурту. Яе ўкопваюць у зямлю так, каб уваход знаходзіўся каля ўзроўню глебы, і наліваюць некалькі сантыметраў піва. Пажадана зрабіць зверху невялікі дах, які абароніць прынаду ад дажджу, а таксама дапаможа не дапусціць да яе хатніх жывёл.
Пасткі лепш ставіць там, дзе слімакоў ужо заўважалі: каля пашкоджаных раслін, у вільготных і зацененых месцах, паблізу густой расліннасці і іншых сховішчаў. Менавіта месца ўстаноўкі можа істотна ўплываць на колькасць злоўленых слімакоў.
Правяраць пасткі варта рэгулярна, лепш раніцай. Злоўленых слімакоў выдаляюць, а піва перыядычна замяняюць. У навуковым эксперыменце, дзе патрабавалася захоўваць аднолькавыя ўмовы, свежае піва налівалі кожны вечар. Для звычайнага агарода такая частата неабавязковая, але калі пах слабее, піва разбавілася дажджом або ў пастцы сабралася шмат слімакоў, прынаду трэба абнавіць.
Аднак ёсць важнае «але». Пах піва не толькі ловіць слімакоў, якія ўжо знаходзяцца каля раслін, але і прываблівае іх. Пры гэтым далёка не кожны малюск, які прыпоўз на пах, трапляе ў пастку. У выніку можна атрымаць супрацьлеглы эфект — сабраць каля градак дадатковых «гасцей». Акрамя таго, у ёмістасць могуць трапляць іншыя беспазваночныя. Таму, напрыклад, Федэральнае ведамства па ахове навакольнага асяроддзя Германіі не рэкамендуе выкарыстоўваць піўныя пасткі для барацьбы са слімакамі.
Калі ўсё ж хочацца скарыстацца здольнасцю слімакоў ісці на прынаду, больш бяспечны варыянт — зрабіць месца, адкуль іх можна будзе сабраць уручную. У вільготным зацененым кутку кладуць дошку, кавалак кардону, перавернуты гаршчок або іншы непразрысты прадмет, а пад яго — прынаду, напрыклад ліст салаты або крыху аўсяных шматкоў. Слімакі збіраюцца ў такім сховішчы, пасля чаго іх можна сабраць. Рабіць такую «сталовую» пастаяннай не варта — яе ўладкоўваюць за некалькі дзён да збору.
Аднак адна піўная пастка праблему не вырашыць. Найлепшы вынік дае спалучэнне розных метадаў. Пры неабходнасці можна выкарыстоўваць спецыяльныя прэпараты супраць слімакоў — малюскацыды.
Чым менш шкоднікаў перажыве восень, тым меншая «армія» выйдзе на ўчасткі ў новым сезоне.
Каментары