Здароўе44

Сям'я з Мазыра збірае $2,9 мільёна, каб выратаваць сына

Да чатырох гадоў Арцём Корбаль з Мазыра здаваўся цалкам здаровым дзіцем. Маму Марыну насцярожвала толькі затрымка маўлення ў сына, таму сям'я вырашыла адвезці хлопчыка на абследаванне. Там высветлілася: у Арцёма — міапатыя Дзюшэна, піша Onliner.by.

Пры такім дыягназе цягліцавая слабасць праяўляецца рана, а да 12 гадоў многія дзеці і зусім перастаюць хадзіць. Аднак 11‑гадовы хлопчык пакуль не проста захаваў магчымасць хадзіць, але і гуляе ў футбол — гэта яго вялікае захапленне. Праўда, у любы момант стан можа рэзка пагоршыцца.

Дапамагчы хлопчыку можа прэпарат Elevidys — на гэты момант гэта самы дарагі лек у свеце. Яго кошт — $2 900 000. Цяпер сабрана каля 37% неабходнай сумы.

«Дабрачынныя фонды нас не бяруць — занадта вялікая сума»

— Памятаю, доктар заўважыла, што ў Арцёма нейкі слабы тонус у руках і нагах, і параіла нам легчы ў гомельскую бальніцу на абследаванне. Там нам правялі шэраг аналізаў. У цэлым усе паказчыкі былі ў норме, акрамя аднаго — крэацінкіназы (КФК). Ён быў павышаны прыкладна ў 50 разоў, — расказвае мама Арцёма Марына.

Крэацінкіназа (КФК, або крэацінфасфакіназа) — гэта фермент, які дапамагае забяспечваць энергіяй клеткі з высокім узроўнем энергаспажывання: шкілетныя мышцы, сэрца і галаўны мозг.

Генетык тады сказала Марыне, што паводле вынікаў аднаго аналізу дыягназ не ставяць, таму засмучацца яшчэ рана. Аднак устрывожаная мама адразу пачала здагадвацца, якая хвароба ў яе сына. Да таго часу яна ўжо чула пра міапатыю Дзюшэна.

— Год таму, калі мы адкрывалі збор на Elevidys, у Беларусі было вядома пра чатырох дзяцей з такім дыягназам. Цяпер, думаю, іх больш…

Пасля таго як Марына даведалася пра дыягназ сына, яна высветліла, што сама з'яўляецца носьбітам захворвання. А вось яе мама — не. На здароўі дзяўчыны гэта ніяк не адбілася, але пры нараджэнні іншых дзяцей, асабліва хлопчыкаў, могуць узнікнуць цяжкасці.

Міапатыя Дзюшэна — цяжкае спадчыннае захворванне, пры якім з-за генетычнага збою арганізм не выпрацоўвае бялок дыстрафін. А ён неабходны для нармальнай працы цягліц. Без яго цягліцавыя валокны паступова разбураюцца.

Лічыцца самым небяспечным генетычным захворваннем сярод хлопчыкаў. У дзяўчынак сустракаецца вельмі рэдка — прыкладна адзін выпадак на 50 мільёнаў. У хлопчыкаў распаўсюджанасць складае адзін выпадак на 3,5—5 тысяч дзяцей.

— Цяпер галоўнае, каб дзіця да моманту ўвядзення ін'екцыі яшчэ хадзіла. Ну і каб у яго не было супрацьпаказанняў або якіх-небудзь спадарожных захворванняў, з-за якіх нельга прызначаць такую генную тэрапію. Летась лекары сказалі нам, што Elevidys Арцёму пасуе. Як толькі мы гэта пачулі, пацвердзілі ўсё дакументальна і адразу адкрылі збор на лячэнне.

На лячэнне Арцёму сабрана прыкладна $1 066 350 з $2 900 000.

— Дабрачынныя фонды нас не бяруць — занадта вялікая сума. Таму збіраем сваімі сіламі. Дапамагаюць СМІ, блогеры, частка грошай паступае з польскай дабрачыннай платформы Siepomaga.

Любіць футбол і не звяртае ўвагі на хваробу

Пра сваё захворванне Арцём ведае, але пры гэтым не ўспрымае яго як прысуд. Хлопчык ходзіць у звычайную школу і вельмі любіць футбол. Нягледзячы на тое, што паўнавартасна пагуляць у любімую гульню пакуль не атрымліваецца, наш герой выдатна ў ёй разбіраецца.

— Ён у нас такі моцны хлопчык, што быццам нават не звяртае ўвагі на сваю хваробу. Так, яму цяжка доўга хадзіць, а падымацца па лесвіцы — наогул катастрофа. Да таго ж з-за гарманальнай тэрапіі, якая патрэбная для падтрымкі, у яго з'явілася залішняя вага… Але сын не сумуе.

— А як у школе дзеці да яго ставяцца?

— У першым класе хвароба Арцёма яшчэ моцна не праяўлялася, але праблемы з аднагодкамі былі — аднакласнікі не разумелі, што з ім, крыўдзілі яго. Але потым дзеці падраслі, змяніліся. Цяпер сына падтрымліваюць, сябруюць з ім, нават дзе-нідзе дапамагаюць данесці заплечнік.

У класе ўсе вельмі добра да яго ставяцца — ён камунікабельны, таварыскі хлопчык, стараецца вучыцца. З мячом амаль не развітваецца — і дома, і на дварэ. Спрабуе гуляць у футбол, наколькі гэта ў яго атрымліваецца.

«Зрабіў Марыне прапанову ў той жа дзень, калі мы даведаліся пра дыягназ Арцёма»

Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін важны чалавек — муж Марыны — Іван. Ён не біялагічны бацька Арцёма, але хлопчык лічыць яго сваім татам. Мужчына, у сваю чаргу, любіць яго як сына і робіць усё, каб дапамагчы дзіцяці.

— Так атрымалася, што я зрабіў Марыне прапанову якраз у той дзень, калі мы даведаліся пра дыягназ Арцёма. Дактары першаму паведамілі пра захворванне мне, бо думалі, што я ягоны бацька… Так, гэта было цяжка, але я тады сказаў будучай жонцы, што мы будзем змагацца за сына разам і да канца. Арцём з першых дзён пачаў называць мяне татам, у нас вельмі цёплыя, даверлівыя адносіны, — кажа Іван.

Мужчына вядзе ў сацыяльных сетках рэзервовы акаўнт, прысвечаны збору сродкаў на лячэнне Арцёма, — на ўсялякі выпадак, калі асноўны раптам заблакуюць.

Арцём і Іван праводзяць шмат часу разам — яны абодва любяць футбол, глядзяць матчы, ездзяць падтрымліваць розныя каманды.

— Арцём яшчэ вельмі любіць маляваць, але нават у яго малюнках заўсёды прасочваецца футбольная тэматыка, — усміхаецца мужчына. — Кожны дзень па 10—15 хвілін мы займаемся з мячом, наколькі ў яго атрымліваецца. Сын вельмі стараецца. Увогуле, ён у нас дужа мілы, добры хлопчык.

Уся інфармацыя па спосабах дапамогі Арцёму па спасылцы і ў Інстаграме.

Каментары4

  • Улад
    10.09.2026
    Цікава, як гэтае пытанне вырашаецца у іншых краінах. Няўжо і там бацькам кажуць: давай 3 мільёны даляраў ... Гэта непамерны кошт і для грамадзян ЗША, і для грамадзян багатых краін Еўропы. А пра Беларусь і казаць не трэба ((
  • Indrid Cold
    10.09.2026
    Улад, на захадзе за благачыннасць з бізнесменаў здымаюць частку падаткаў. Таму яны данацяць у фонды, якія інвестуюць гэтыя грошы на біржы і на працэнты/дывідэнды дапамагаюць.
    У Беларусі экстрактыўная эканоміка, то бок уся краіна працуе каб Машэнскі, Баскін, Пракапеня і іншыя "не гаманцы Лукашэнкі" маглі набіваць кішэні сям'і.
    Таму калі беларускія бізнесмены сапраўды не гаманцы Лукашэнкі - яны хуценька зараз на сваёй групе ў Сігналу сабяруцца і вырашаць пытанне, так? На вас гляджу, Машэнскі, Баскін, Пракапеня. Іншых "паспяховых" "не гаманцоў лукі" гэта таксама датычацца.
  • угу
    10.09.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла на свабоду палітзняволеная Ірына Такарчук, маці блогеркі Вольгі Такарчук

Французскі шпіёнскі трылер пра беларускую дыктатуру прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»2

Новае даследаванне амерыканскіх геафізікаў пераварочвае нашы ўяўленні пра тое, як менавіта загінулі дыназаўры8

Ад «Трох чарапах» перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць1

Выйшла на свабоду Настасся Кухта

«Паказаць жанчын, якія змагаюцца». Рэжысёрка Вольга Чайкоўская пра дэбют на HBO, жанчын у палітыцы і беларускае кіно7

Сваякі Ліліі Лукашэнкі займелі цёплыя месцы41

«Пагадзіўся дзеля дачкі». Экс-футбаліст зборнай Беларусі бярэ ўдзел у расійскім шоу «Тытаны»

Як мінімум у 26 буйных расійскіх аэрапортах увялі абмежаванні на запраўку самалётаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць