Беларуса ў Расіі асудзілі на 25 гадоў за падрыхтоўку дыверсіі ў Новарасійску
Паўднёвы акруговы вайсковы суд прызнаў грамадзяніна Беларусі Мацвея Кітава вінаватым у падрыхтоўцы дыверсіі ў Новарасійску па заданні супрацоўніка Службы бяспекі Украіны. Мужчына нібыта планаваў падарваць пункт адбору грамадзян на вайсковую службу паводле кантракта, але быў выкрыты і затрыманы супрацоўнікамі УФСБ па Краснадарскім краі, паведамляе расійскае агенцтва ТАСС.

Паводле матэрыялаў суда, у снежні 2024 года Мацвей Кітаў, знаходзячыся ў Краснадары, пачаў перапіску з чалавекам, які прадставіўся супрацоўнікам СБУ. Беларус нібыта пагадзіўся на канфідэнцыйнае супрацоўніцтва. 26 лютага 2025 года ён атрымаў заданне здзейсніць дыверсію з выкарыстаннем самаробнага выбуховага прыстасавання.
У лютым 2025 года Кітаў, як сцвярджаецца, прыехаў у Новарасійск, забраў з тайніка кампаненты для вырабу выбуховага прыстасавання і перамясціў іх у іншае месца. Да гэтага ён атрымаў ад свайго куратара інструкцыі па зборцы і актывацыі прыстасавання.
На судзе мужчына цалкам прызнаў віну і расказаў, што атрымаў ад супрацоўніка СБУ 805 даляраў за выкананне задання.
Суд прызначыў яму 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Першыя пяць гадоў беларус павінен правесці ў турме. Акрамя таго, Мацвея Кітава аштрафавалі на 300 тысяч расійскіх рублёў (каля 3530 даляраў).
Кампаненты для вырабу выбуховага прыстасавання былі канфіскаваныя супрацоўнікамі УФСБ па Краснадарскім краі, якія расследавалі крымінальную справу.
Каментары