Гісторыя

Грэцкі агонь, антыкітэрскі механізм, сільфій ды іншыя страчаныя вынаходніцтвы. Чаму чалавецтва іх забыла?

Мы прывыклі думаць, што з развіццём навукі чалавецтва толькі назапашвае веды. Але археолагі раз-пораз знаходзяць сведчанні таго, што людзі ў старажытнасці ўмелі рабіць рэчы, сакрэты якіх пасля былі страчаныя. І нават сучасныя тэхналогіі не заўсёды дапамагаюць іх разгадаць.

Выкарыстанне грэчаскага агню. Мініяцюра Мадрыдскага спісу «Хронікі» Іаана Скіліцы. Фота: Wikimedia Commons

Пра асобныя загадкі мінулага расказвае The New York Times.

Грэцкі агонь, які гарэў нават на вадзе

У VII стагоддзі візантыйцы стварылі адзін з самых грозных відаў зброі свайго часу. Грэцкі агонь уяўляў сабой гаручую сумесь, якой падпальвалі варожыя караблі. Паводле гістарычных апісанняў, полымя магло працягваць гарэць нават на паверхні вады.

Гэтую зброю выкарыстоўвалі больш за 500 гадоў. Мяркуецца, што сумесь утрымлівала нафтапрадукты, а на праціўніка яе выпускалі праз спецыяльныя металічныя трубы. Па прынцыпе дзеяння яна магла нагадваць сучасны напалм.

Аднак дакладнага рэцэпта ніхто не ведае. Магчыма, з часам візантыйцы страцілі доступ да неабходнай сыравіны. Паводле іншай версіі, сакрэт ведала настолькі мала людзей, што ён проста знік разам з імі.

Сакрэт яшчэ аднаго старажытнага ваеннага вынаходніцтва таксама не дайшоў да нашых дзён. У III-VII стагоддзях воіны Сасанідскай імперыі, якая займала тэрыторыі сучасных Ірана і Ірака, выкарыстоўвалі панджаган (panjagan) — прыстасаванне або спосаб стральбы, які дазваляў выпускаць адразу пяць стрэл.

Персідскія лучнікі ў баі з эфіопамі на тэрыторыі сучаснага Емена. Выява на сярэднявечнай тканіне. Гісторык ат-Табары згадваў, што персы выкарыстоўвалі ў гэтай вайне загадкавы панджаган. Фота: Wikimedia Commons 

Як гэта працавала, навукоўцы дагэтуль не ведаюць. Самога прыстасавання археолагі не знайшлі, таму даследчыкі спрачаюцца, ці была гэта асаблівая тэхніка стральбы з лука, ці асобная зброя, падобная да арбалета.

Старажытны камп'ютар

У 1901 годзе каля грэчаскага вострава Антыкітэра вадалазы знайшлі абломкі старажытнага карабля. Сярод паднятых з дна прадметаў быў з'едзены карозіяй кавалак бронзы, які спачатку не прыцягнуў асаблівай увагі. Толькі праз дзесяцігоддзі высветлілася, што гэта рэшткі надзвычай складанага механізма, створанага ў II стагоддзі да нашай эры.

Антыкітэрскі механізм меў дзясяткі бронзавых шасцярняў і дазваляў вылічваць становішча нябесных целаў, фазы Месяца і, верагодна, даты зацьменняў. Яго нярэдка называюць найстарэйшым вядомым механічным камп'ютарам.

Адна з частак антыкітэрскага механізму. Фота: Wikimedia Commons

Прылады падобнай складанасці чалавецтва змагло стварыць зноў толькі ў XIX стагоддзі. Аднак усе магчымасці антычнага механізма дагэтуль застаюцца невядомымі, бо да нашага часу захавалася толькі каля траціны прылады.

Гісторык навукі з Ельскага ўніверсітэта Дэрэк дэ Сола Прайс, адзін з першых даследчыкаў механізма, у 1959 годзе параўнаў яго адкрыццё з тым, як калі б археолагі знайшлі ўнутры егіпецкай піраміды атамную бомбу. Настолькі нечаканым для навукоўцаў аказаўся ўзровень тэхналагічнага развіцця старажытных грэкаў.

Вузлы, у якіх захоўвалі інфармацыю

Не менш загадкавая тэхналогія існавала ў старажытным Перу. Задоўга да прыходу іспанцаў народы Андаў, спачатку ў дзяржаве Уары, а пазней у імперыі інкаў, выкарыстоўвалі кіпу — сістэму шнуроў з вузламі.

Колер нітак, размяшчэнне і тып вузлоў дазвалялі захоўваць звесткі. Навукоўцы ўжо высветлілі, што з дапамогай кіпу запісвалі лікі, напрыклад вынікі падліку насельніцтва або ўраджаю. Але ёсць падставы меркаваць, што сістэма магла перадаваць і больш складаныя паведамленні.

Ілюстрацыя XVI стагоддзя, на якой паказаны інка з кіпу. Фота: Wikimedia Commons

Пасля іспанскага заваявання шырокае выкарыстанне кіпу паступова знікла, хоць у некаторых супольнасцях традыцыя захавалася. Менавіта гэтыя жывыя веды цяпер дапамагаюць даследчыкам шукаць ключ да расшыфроўкі старажытных запісаў.

Яшчэ адна неразгаданая сістэма знакаў — ронгаронга з Вострава Пасхі ў Ціхім акіяне. На драўляных таблічках мясцовыя жыхары пакідалі шэрагі малюнкаў, якія маглі быць пісьменнасцю.

Фрагмент старажытнай таблічкі са знакамі загадкавага пісьма ронгаронга з Вострава Пасхія. Фота: Wikimedia Commons

Захавалася толькі 27 такіх таблічак. Даследчыкі ствараюць іх трохмерныя мадэлі і вывучаюць больш за 3800 выяўленых знакаў, але пакуль не могуць нават упэўнена сказаць, ці гэта сапраўднае пісьмо, ці іншая сістэма перадачы інфармацыі.

Забытыя сакрэты ткацтва вікінгаў

У эпоху вікінгаў адзенне заможных людзей упрыгожвалі вузкімі стужкамі са складанымі ўзорамі, часам выкананымі залатымі ніткамі. Для іх стварэння выкарыстоўвалі ткацтва на дошчачках. Ніткі прапускалі праз адтуліны ў невялікіх пласцінках, якія паварочвалі, каб атрымліваць патрэбнае перапляценне.

Гэтая тэхніка існуе і сёння, але некаторыя старажытныя ўзоры настолькі складаныя, што даследчыкі не могуць зразумець, як менавіта ткачы іх стваралі.

Майстрыха за працай з ткацкімі дошчачкамі. Фота: Wikimedia Commons

Дацкая даследчыца Лісэ Рэдэр Кнудсэн дзесяцігоддзямі спрабавала разгадаць гэтыя сакрэты. Эксперыментуючы з рознымі спосабамі перапляцення нітак, яна здолела аднавіць адзін з узораў эпохі вікінгаў, выкананы залатымі ніткамі. Але многія іншыя дагэтуль застаюцца загадкай.

Сільфій — страчаны скарб антычнага свету

Не ўсе страчаныя сакрэты былі звязаныя з тэхнікай. Старажытныя грэкі і рымляне надзвычай цанілі сільфій (silphium) — травяністую расліну, падобную да фенхелю. З яе сцябла і каранёў здабывалі духмяны смалісты сок, які выкарыстоўвалі ў кулінарыі і медыцыне. Сільфію таксама прыпісвалі супрацьзачаткавыя ўласцівасці.

Ён быў настолькі каштоўным, што яго прадавалі на вагу срэбра, а Юлій Цэзар захоўваў вялікія запасы ў дзяржаўнай скарбніцы.

Выява сільфію на залатой манеце з Кірэнаікі (331—322 гады да нашай эры). Фота: Wikimedia Commons

У дзікай прыродзе сільфій сустракаўся толькі на невялікай тэрыторыі каля старажытнагрэчаскага горада Кірэна, у сучаснай усходняй Лівіі. Вырошчваць яго на палях людзі так і не навучыліся, а падобныя расліны з Сірыі цаніліся значна менш.

З часам сільфій знік. Магчыма, яго вынішчылі празмерным зборам, аднак даследчыкі называюць і іншыя прычыны: змены навакольнага асяроддзя, празмерны выпас жывёлы і войны. Дакладна вызначыць, што гэта быў за батанічны від, навукоўцы не могуць і сёння.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал17

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

Усе навіны →
Усе навіны

Джоні Дэп вяртаецца ў Галівуд пасля байкоту5

На Кіпры п’яны расіянін прычапіўся да п’янай украінкі. Яе спадарожнікі збілі яго на горкі яблык — можа страціць вока35

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026‑м і ваюе дроншчыцай26

Памёр адзін з акцёраў-блізнюкоў з папулярнага фільма «Нянькі»1

Самыя папулярныя браўзеры, сацсеткі і ШІ-пошукавікі ў Беларусі11

Выйшла кніга пра Зянона Пазняка. Яе рыхтавалі больш за 10 гадоў17

Былы расійскі губернатар Гладкоў адмовіўся ад канала з 400 тысячамі падпісчыкаў. У Крамлі былі незадаволеныя яго актыўнасцю

Беларусы незадаволеныя канцэртам «Тату» ў Мінску — бо артысткі спявалі не на рускай мове28

Арына Сабаленка, падобна, нецэнзурна выказалася ў бок украінскай тэнісісткі пасля сваёй паразы37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал17

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць