Культура11

Іншую скульптуру аўтара скандальнай «Быхаўскай мадонны» чыноўнікі афіцыйна набылі за $15 тысяч толькі праз месяц пасля адкрыцця

Пры стварэнні скульптуры «Алесь і Алеся» Аляксандра Мінькова ў Касцюковічах мясцовыя чыноўнікі ігнаравалі ўласныя правілы ўзгаднення манументаў, а тэндары за пластыкавую адліўку праводзілі заднім чыслом. 

Кампазіцыя «Алесь і Алеся» ў Касцюковічах. Фота: golkby

Як мы пісалі раней, за апошнія два месяцы на Магілёўшчыне з вялікай помпай адкрылі адразу тры фігуратыўныя работы 45‑гадовага магілёўскага скульптара Аляксандра Мінькова: у Касцюковічах, аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна і ў Быхаве.

Калі пасля шквалу кпінаў наконт быхаўскай гранітнай скульптуры «Жанчыне-маці» аўтар эмацыйна даводзіў, што працаваў кувалдай і зубілам задарма, а грошы пайшлі толькі на камень і падаткі, то гісторыя ягонага касцюковіцкага твора зусім іншая.

Двухметровую кампазіцыю «Алесь і Алеся» па матывах верша Аркадзя Куляшова і песні «Песняроў» урачыста адкрылі на цэнтральнай плошчы Касцюковічаў 5 верасня 2026 года падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

Галовы Алеся і Алесі, у працэсе лепкі з пластыліну. 18 жніўня 2026 г. Скрыншот відэа sb.by

Аднак аналіз тэндарнай дакументацыі сведчыць, што на момант святочнай цырымоніі помнік юрыдычна яшчэ нават не быў набыты.

Афіцыйна шукаць падрадчыка, які нібыта з нуля распрацуе эскіз і адалье фігуры па тэхналогіі кампазітнага манакока, касцюковіцкія чыноўнікі пачалі толькі ў жніўні — за тры тыдні да свята.

На працягу месяца яны запусцілі пяць працэдур запар, ацэньваючы скульптуру то ў 49 388 рублёў (каля $15 тысяч), то ў 44 000 рублёў. Тэндары адзін за адным зрываліся, а ў ліхаманкавай спешцы перад прыездам мінскага начальства заказчыкі блыталі даты ў дамовах і пастаянна мянялі ў графах крыніцу фінансавання — з раённага бюджэту на ўласныя альбо спонсарскія сродкі.

Галава Алеся, у працэсе лепкі з пластыліну. 18 жніўня 2026 г. Скрыншот відэа sb.by

Тым часам праца над помнікам даўно ішла без усялякіх тэндараў. Як паведамляла 25 жніўня газета «СБ. Беларусь сегодня» і агенцтва БелТА, Мінькоў пачаў працаваць над кампазіцыяй яшчэ год таму. Да моманту публікацыі рэпартажу з ягонай майстэрні — за дзесяць дзён да свята і пасля двух сарваных тэндараў на «пошук» выканаўцы — у скульптара ўжо былі гатовыя пластылінавыя галовы герояў, а наперадзе чакалі фармоўка і адліўка з палімерных матэрыялаў.

У базе дзяржаўных закупак па Касцюковіцкім раёне ніводнай закупкі на распрацоўку ці стварэнне скульптуры за год да таго, у другой палове 2025 года, не праводзілася.

Закрыць пытанне з аплатай да свята так і не ўдалося. Таму ў канцы верасня — калі скульптура ўжо тры тыдні стаяла на плошчы — чыноўнікі зноў выйшлі на біржу з заяўкай на выраб і ўстаноўку кампазіцыі «Алесь і Алеся». Фінансаванне вярнулі ў раённы бюджэт, а

паспяхова завяршыць закупку змаглі толькі з сёмай спробы 8 кастрычніка на суму 49 034 рублі, пазначыўшы тэрмін мантажу даўно адкрытага помніка да 30 лістапада 2026 года.

Што за валтузня з помнікам?

Сам Аляксандр Мінькоў — скульптар і каменярэз, у яго няма ўласнай прамысловай вытворчасці для адліўкі двухметровых канструкцый па тэхналогіі кампазітнага манакока.

Кампазітны манакок — гэта полая абалонка са шкловалакна, залітая поліэфірнай або эпаксіднай смалой. Па такой тэхналогіі звычайна робяць карпусы лодак, аўтамабільныя бамперы, кабіны атракцыёнаў ці танныя садова-паркавыя фігуры.

Як прызнаваўся сам Мінькоў у жнівеньскім інтэрв'ю дзяржпрэсе, першапачаткова для Касцюковічаў таксама абмяркоўвалі класічную бронзу, але ў выніку ад дарагога і складанага ў працы металу адмовіліся на карысць пластыку, які, паводле слоў майстра, «не адрозніць ад бронзы», бо «тэхналогіі ўжо даўно пайшлі наперад».

На справе ж ад высакароднага металу засталася толькі імітацыя — калгаснае пацініраванне палімернай паверхні бронзавай фарбай, якое выдае штучнасць матэрыялу і таннасць усёй працы з першага погляду.

Відавочна, што паводле ягоных пластылінавых мадэляў фігуры ў канцы жніўня экстранна адлівала і фарбавала ў доўг нейкая спецыялізаваная фірма, з якой пасля свята трэба было разлічыцца.

Эскізны варыянт скульптуры з тэндарнай дакументацыі мае прыкметы ШІ-генерацыі. Яго дэталіроўка куды больш дакладная, чым у сапраўднага эскізнага варыянта Мінькова і гатовай скульптуры.

Цікава, што да ўсіх сямі тэндараў быў прыкладзены эскіз скульптуры, які вельмі падобны па паставах фігур, але моцна адрозніваецца па дэталіроўцы ад таго, што з’явілася ў рэальнасці.

Тое, што гэта не станковая скульптура, якую Мінькоў распрацаваў у якасці эскіза будучага помніка, сведчыць яго здымак з рэальным эскізам, на якім Алесь і Алеся з характэрнымі «драўлянымі» канцавінамі пастаўлены на вялікі каменны пастамент, які не быў рэалізаваны. Па гэтым эскізе бачна, што Мінькоў проста не ўмее ляпіць так, як на эскізе з тэндарнай дакументацыі.

Скульптар Аляксандр Мінькоў у сваёй майстэрні з эскізам кампазіцыі і вылепленай галавой будучай Алесі. Фота зроблена 18 жніўня 2026 года, калі праца яшчэ вялася. Ужо 5 верасня скульптура мусіла быць адкрытай, што не пакідае месца для экспертнай прыёмкі і тым больш правак. Фота: Андрэй Сазонаў / sb.by

А што ж тады было ў тэхнічным заданні? Выглядае, што гэта была ШІ-генерацыя на зададзеную ў выканкаме тэматыку — трывожны званочак для ўсёй культуры, бо пры такім падыходзе месца для творчасці не застаецца. ШІ-слоўп даверылі скульптару перавесці ў аб’ём, аўтар паўтарыў агульную кампазіцыю, але не змог даць рады астатняму.

Эскізны варыянт скульптурнай кампазіцыі аўтарства Мінькова. 18 жніўня 2026 г. Скрыншот відэа sb.by
Эскізны варыянт скульптурнай кампазіцыі аўтарства Мінькова. 18 жніўня 2026 г. Скрыншот відэа sb.by

У кастрычніцкія дакументы заднім чыслом упісалі спецыяльную агаворку: выканаўца абавязаны стварыць скульптуру, «улічваючы ўсе пажаданні аўтара (Аўтар: Мінькоў Аляксандр Віктаравіч)», які павінен сам даць зыходныя матэрыялы і зацвердзіць усе праўкі разам з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Сяргеем Булянковым. Прынамсі з аўтарам на той момант ужо вызначыліся, але як?

Часам не да законаў

У маі 2026 года была прынятая пастанова Савета Міністраў №218 «Аб парадку стварэння (рэканструкцыі), прыёмкі, уліку і дэмантажу твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва», закліканая навесці жалезны парадак і стварыць адзіны дзяржаўны рэестр усіх манументаў краіны.

Паводле гэтага дакумента, для любой бюджэтнай скульптуры выканкам абавязаны правесці адкрыты двухэтапны конкурс эскізаў тэрмінам ад 15 да 30 дзён з публікацыяй умоў у прэсе — гэтага не было.

А таксама атрымаць узгадненні Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства культуры і абласной мастацка-экспертнай рады.

Пры гэтым эксперты павінны прымаць працу аўтара на чатырох этапах — ад эскіза і рабочай мадэлі да кардону ў натуральную велічыню і гатовага вырабу.

Палажэнне забараняе прымаць твор, калі ён не адпавядае зацверджанаму эскізу або не мае належных мастацкіх вартасцей, а таксама патрабуе дэмантажу аб'ектаў, устаноўленых з парушэннем працэдуры.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і віцэ-прэм’ерка Наталля Пяткевіч на адкрыцці скульптуры, у якой усё выклікае пытанні, нават недарэчны крыва злеплены пастамент. Фота: sb.by

На практыцы ж гэтыя нормы засталіся на паперы. У Касцюковічах чыноўнікі паспрабавалі замаскіраваць помнік пад звычайны гаспадарчы інвентар: закуплялі яго па тыпавой дамове пастаўкі тавару, як мэблю для бібліятэкі, а ў кастрычніцкім тэндары змянілі код прадукцыі з «Вырабаў з некаштоўных металаў» на бытавы код 32.99.59.990 — «Вырабы розныя іншыя, не ўключаныя ў іншыя групоўкі», хоць для працы мастакоў ёсць адмысловы код. 

Аднак юрыдычна схавацца за шырмай «гарадскога добраўпарадкавання» немагчыма: у самім тэхнічным заданні аб'ект названы аўтарскай скульптурнай кампазіцыяй, а пастанова Саўміна адносіць да манументальна-дэкаратыўнай скульптуры ўсе вулічныя статуі.

Закон не распаўсюджваецца толькі на закрытыя тэрыторыі за плотам альбо на афармленне інтэр'ераў за пазабюджэтны кошт.

Пра помнік «Жанчыне-маці» ў Быхаве, мяркуючы па словах мясцовага кіраўніцтва, экспертная камісія даведалася толькі пасля скандалу з яго нізкай мастацкай вартасцю. Фота: bykhov.by

Два іншыя помнікі Мінькова — «Быхаўская мадонна» і 2,5‑метровы бронзавы бюст Герою Сацыялістычнай Працы, свінарцы і маці-гераіні Ніне Баранавай у аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна — праз сістэму дзяржзакупак увогуле не праходзілі.

У Быхаве, паводле мясцовай раённай газеты, грошы на праект выдзеліла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, а сам скульптар сцвярджаў, што яму аплацілі толькі сямітонную гранітную глыбу і падаткі.

У выніку, як паведаміў намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Саксонаў, чыноўнікі да моманту зняцця пакрывала ў абноўленым парку нават не бачылі гатовай работы. Гэта значыць, што ніякай шматэтапнай прыёмкі не было.

Саксонаў прызнаў, што на эскізе ўсё было добра, але ў працэсе звычайны камень (а які на Беларусі яшчэ звычайны камень, калі не граніт?) замянілі на граніт і мела месца «недапрацоўка мастака, што адразу паклаў шчаку на плячо», а належныя па законе экспертныя камісіі выехалі на месца толькі пасля скандалу ў сеціве.

У сваю чаргу ў Гарадцы бюст Ніне Баранавай з немаўлём на руках і выбітай на пастаменце навагодняй цытатай Аляксандра Лукашэнкі — «Нічога больш дасканалага, чым жанчына, прыродай не створана» — аплачваўся праз структуры прыватнага бізнэсу і падшэфнага Беларусбанку холдынга «АСБ-Агра Гарадзец».

Паводле пастановы Саўміна, стварэнне любога помніка-бюста ў раёнах незалежна ад крыніц фінансавання патрабуе станоўчага заключэння Адміністрацыі прэзідэнта, экспертызы Міністэрства культуры, Акадэміі навук і Рэспубліканскай мастацка-экспертнай рады. А ці было яно?

Каментары1

  • Кожны робіць што можа
    15.11.2026
    Каб вы так аналізавалі справаздачнасць лідараў і чалінь, якія будуюць для Беларусі дэмакратыю. Але ж гэта ня так важна, як нейкія скульптуры.

Цяпер чытаюць

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026‑м і ваюе дроншчыцай13

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026‑м і ваюе дроншчыцай

Усе навіны →
Усе навіны

SpaceX адмовілася ад спробы злавіць ніжнюю ступень ракеты Starship, але яшчэ можа паспрабаваць злавіць верхнюю3

«Я нарадзіла маленькую прынцэсу». Кумір міленіялаў Аўрыл Лавінь упершыню стала мамай у 42 гады

Што знайшлі ў вязніцы Крэўскага замка, дзе ў 1382‑м задушылі Кейстута? Яна была пахаваная пад заваламі пасля штурму Свідрыгайлы амаль 600 гадоў5

Усе аэрапорты ЗША на некалькі гадзін прыпынялі вылеты

Наколькі добра дзіця будзе спаць уначы, вызначаецца яшчэ да нараджэння. І будучая маці можа на гэта паўплываць

Тэлевізары LG «гніюць» з краёў: працяглы тэст паказаў праблему OLED-экранаў

Ціханоўская — генсаку АБСЕ: Дыялог з Мінскам павінен пачынацца з пытання палітвязняў6

У Салігорску паказалі, што робіцца ў адным з дамоў са смеццеправодам ВІДЭА8

На дне Міжземнага мора знайшлі каля 1300 нейкіх кругоў. Як яны ўтварыліся?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026‑м і ваюе дроншчыцай13

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026‑м і ваюе дроншчыцай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць