«Будучыня зараз у тумане». Каця Пытлева — пра вяртанне раку, сям’ю, працу і будучыню
Пасля трох гадоў рэмісіі ў журналісткі і тэлевядоўцы Кацярыны Пытлевай выявілі мэтaстазы ў хрыбетніку і ў костцы. У інтэрв'ю Свабодзе Кацярына расказала пра жыццё з анкалагічным дыягназам, падтрымку сям’і і салідарных людзей, а таксама дала парады людзям, якія хварэюць на рак.

Кацярына Пытлева — беларуская журналістка і тэлевядучая. На тэлебачанне прыйшла ў 14 гадоў, у 1997 годзе, пачынала ў праграме «5×5» на БТ. Працавала на БТ, АНТ, СТБ, «БелМузТВ» і ўкраінскім A-One, вяла музычныя, забаўляльныя і грамадскія праекты. 13 гадоў працавала на радыё «Мир», таксама на «Радыус ФМ» і «Аўтарадыё».
Пазней прыйшла ў сацыяльную журналістыку на Tut.vbt, дзе вяла праекты «Анкамаркер» і «Жаночае здароўе». У 2020 годзе звольнілася з БТ на знак пратэсту супраць гвалту і палітыкі ўладаў.
Пасля вымушанага ад’езду з Беларусі жыве і працуе ў Літве: была праграмнай дырэктаркай і вядучай Malanka Media, пазней супрацоўнічала з «Люстэркам». Цяпер займаецца экалагічнымі праектамі, а таксама працуе ў кампаніі Humana, дзе робіць апсайклінг (творчую перапрацоўку старога адзення).
У 2022 годзе публічна расказала пра анкалагічнае захворванне. Прайшла праз аперацыю, хіміятэрапію і прамянёвую тэрапію.
«У мяне пацверджаныя метастазы ў хрыбетніку і костках»
— Каця, вас добра ведаюць не толькі як журналістку, але і як чалавека, які адкрыта расказвае пра анкалагічны дыягназ. Вы былі ў рэмісіі тры гады, але цяпер хвароба вярнулася. Раскажыце, калі ласка, што цяпер адбываецца.
— Цяпер у мяне пацверджаныя метастазы: тры знайшлі ў хрыбетніку, адзін — у костцы. Неўзабаве медыцынская камісія вырашыць, як мяне лячыць. Таксама я іду да радыёлага. Ён будзе прымаць рашэнне наконт апраменьвання, бо ў адным месцы ў мяне з'явіліся болі. Яны не заўсёды, але бываюць. Апраменьванне павінна дапамагчы.
Галоўнае цяпер — што вырашыць камісія. Ад гэтага вельмі шмат залежыць. Я вывучаю медыцынскую літаратуру, пазначаю магчымыя для сябе варыянты лячэння.
— Наколькі я зразумела з вашага допісу ў фэйсбуку, вы вырашылі праверыцца не таму, што былі нейкія сур’ёзныя сімптомы, а хутчэй каб падстрахавацца?
— Я ўвесь час вельмі пільна сачу за здароўем. Калі нешта адбываецца не так, як я чакаю, адразу іду да лекара, каб праверыць і ўдакладніць, ці ўсё добра.
Гэтым разам на працягу некалькіх месяцаў у мяне былі пэўныя пытанні да страўніка. Не было болю, але я адчувала, што нешта не так. У мяне ёсць спадчынная схільнасць і мутацыя, звязаная таксама з ракам у гэтай сферы. Таму я вырашыла ўдакладніць, што адбываецца. Спытала ў лекаркі, які анкамаркер можна здаць. Яна прапанавала агульны анкамаркер, які выкарыстоўваюць для адсочвання рэцыдыву. Ён аказаўся павышаным.
— Вы напісалі, што дзеліцеся дэталямі, бо вас у сацыяльных сетках чытаюць людзі ў рэмісіі. Што б вы параілі ім?
— Мне вельмі шмат пісалі і пішуць дагэтуль: задаюць пытанні пра лячэнне, пра лячэнне ў Літве і Еўропе, пра мой досвед, што рабіць і куды звяртацца.

— Я памятаю сябе ў той час, калі хварэла, і ў рэмісіі. Дрэнныя навіны пра рэцыдыў ці смерць вельмі моцна выбіваюць з каляіны. Гэта вельмі хісткі маральны стан, калі ты хварэеш або знаходзішся ў рэмісіі. Мяне, напрыклад, вельмі шакавала смерць Святланы Курс.
Таму, калі я зразумела, што буду пісаць пра сваю сітуацыю, пастаралася загадзя адказаць на магчымыя пытанні. Каб чалавек, які знаходзіцца ў рэмісіі або хварэе і прачытае мой допіс, атрымаў патрэбную інфармацыю і мог крыху знізіць сваю трывожнасць. Я адразу напісала, што адбывалася, якія былі сімптомы ці, наадварот, іх не было, які алгарытм дзеянняў я прайшла.
Мая парада простая: трэба быць пільнымі, прыслухоўвацца да сябе, адсочваць аналізы ў дынаміцы, рабіць дадатковыя абследаванні, калі ёсць падазрэнні, а часам і без іх. Бо лекарка магла адпусціць мяне яшчэ на паўгода. Калі б не мае пытанні, дадатковага абследавання не было б.

«Жыць трэба тут і цяпер»
— Вы пісалі пра магчымую працягласць жыцця з анкалагічным дыягназам. Як хвароба змяніла ваша ўспрыманне будучыні?
— Будучыня цяпер у тумане. Гэта вельмі балючае і складанае пытанне.
— Але скажу так: я цвяроза і спакойна ўспрымаю магчымыя варыянты. Я бачыла, што адбывалася з маёй маці, бо ў яе была такая ж сітуацыя. Але яшчэ падчас першай хваробы я зразумела для сябе, што жыць трэба тут і цяпер. І гэта не проста словы, а лад жыцця чалавека, у якога можа не быць далёкай будучыні. За гэтыя тры гады рэмісіі я выпрацавала для сябе такое стаўленне.
Таму цяпер мне нават прасцей успрымаць будучыню, у тым ліку самую страшную. Калі я захварэла ўпершыню, дзеці былі зусім маленькія — ім было па пяць гадоў. Цяпер ім амаль дзесяць, і за сям'ю мне спакайней. А гэта галоўнае.
Я лічу, што маё жыццё было добрым, яркім, цікавым. У мяне няма адчування, што я чагосьці не паспела або чагосьці важнага не зрабіла.
Хачу як мага даўжэй быць са сваімі блізкімі, перажыць з імі больш уражанняў і эмоцый, падарыць ім столькі любові, колькі змагу, зрабіць дзяцей больш самастойнымі. Гэта вельмі важна.
Я памятаю сваё дзяцінства: бацьку было складана заставацца аднаму з двума дзецьмі — са мной і сястрой. Таму цяпер я думаю і пра тое, як падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця.

— Але ёсць і асабістая будучыня, не толькі сямейная. Нядаўна я зноў пайшла вучыцца. Калі захварэла ўпершыню, паступіла ў магістратуру ЕГУ, але давялося кінуць вучобу: я не магла адначасова працаваць, вучыцца і праходзіць хіміятэрапію.
Цяпер я зноў вучуся. Гэта невялікі адукацыйны праект, звязаны з аднаўляльнай энергетыкай. Спадзяюся, што паспею рэалізаваць сябе і ў гэтай галіне. Мне гэта вельмі цікава.
Трэба, каб у жыцці заставалася жыццё, а не адны хваробы. Таму я планую працягваць займацца апсайклінгам на сваёй асноўнай працы, экалагічнымі праектамі ў Альянсе «Зялёная Беларусь» і адукацыяй у сферы аднаўляльнай энергетыкі.
Пакуль што нічога кардынальна не змянілася. Я буду працягваць жыць тым жыццём, якое запланавала і якое ў мяне цяпер ёсць. Мне ў ім добра. А там паглядзім, магчыма, стан здароўя ўнясе нейкія карэктывы
«Дзецям трэба ведаць, што адбываецца»
— Як вы з мужам перажывалі гэтыя паўтара месяца чакання, пакуль пацвердзіцца дыягназ? Як адрэагавалі дзеці?

— Мы шмат размаўлялі. Муж ведаў, што такое можа адбыцца, і я ведала. Вядома, мы не чакалі, што гэта адбудзецца так хутка. Цяпер мы абмяркоўваем сітуацыю. Я нешта вывучаю, расказваю яму: ёсць такія метады лячэння, ёсць іншыя. Абмяркоўваем тое, што датычыцца сёння і цяпер: што нам трэба рабіць зараз. А як усё будзе далей — неяк будзе.
Дзецям мы сказалі, што ў мамы вярнулася хвароба, што, магчыма, мама будзе цяжка хварэць і часцей бываць у шпіталі. Але гэта няпэўна, бо лячэнне можа адбывацца і дома.

Мы патлумачылі, што ім трэба вучыцца быць больш самастойнымі, бо мама не заўсёды зможа нешта рабіць.
Я адразу сказала мужу, што памятаю сябе ў дзяцінстве. Важна, каб дзеці ведалі, што адбываецца, а не адчувалі нейкі страх, калі дарослыя нешта хаваюць, шушукаюцца і не тлумачаць сітуацыю.
— Вы жывяце ў Літве. Ці пакрывае страхоўка лячэнне? Ці патрэбная вам цяпер дапамога?
— Пакуль усе выдаткі пакрывае дзяржаўнае страхаванне Літвы. Яно даступнае і ўцекачам, і людзям, якія маюць дазвол на жыхарства. Усе гэтыя гады я праходжу чэкапы ў мясцовым інстытуце раку, пакуль усё бясплатна.
Але ёсць розныя метады лячэння, якія не заўсёды пакрывае дзяржаўная страхоўка. Гэта будзе залежаць ад таго, як камісія вырашыць мяне лячыць і што прызначыць. Калі спатрэбіцца, будзем шукаць іншыя магчымасці.
Ёсць праблема: магчыма, мне не змогуць зрабіць біяпсію праз складанае месца, дзе знаходзіцца найбольшы метастаз. А калі няма біяпсіі, вельмі складана падабраць лячэнне, якое будзе эфектыўным. Таму я ўжо цяпер вывучаю альтэрнатыўныя метады. Напрыклад, вадкасную біяпсію. Магчыма, давядзецца рабіць яе за ўласныя грошы.
Пакуль гэта не такія вялікія сумы, каб звяртацца па дапамогу. Але я вельмі ўдзячная ўсім, хто падтрымліваў мяне каментарыямі і прапановамі. Іх было вельмі шмат, у тым ліку прапаноў дапамагчы з інфармацыяй і зборамі. Я ведаю, куды звяртацца, калі дапамога спатрэбіцца.
Дзякуй нашым цудоўным беларусам і беларускам.
«Я не даю сабе працаваць праз сілу»
— Падчас першага лячэння вы працягвалі вельмі актыўна працаваць, удзельнічалі ў канферэнцыях, давалі інтэрв’ю. Наколькі важна было для вас заставацца запатрабаванай і рэалізоўвацца ў такі складаны час? Ці плануеце вы так жыць цяпер?
— Калі я хварэла ўпершыню, я сапраўды вельмі шмат працавала. Цяпер бачу, што гэта было і добра, і дрэнна. Добра, бо праца адцягвала ўвагу ад прагнозаў і хваробы. Але я зусім не давала сабе адпачываць. Былі выпадкі, калі я ўдзельнічала ў канферэнцыях або брала інтэрв’ю проста пад кропельніцай. Лічу, што гэта нездаровая гісторыя.

З аднаго боку, я тады вельмі гарэла тым, што рабіла. З іншага — трэба ўлічваць абставіны, у якіх мы знаходзіліся. Я не магла дазволіць сабе не працаваць, бо трэба было дапамагаць расці дзецям. А дзеці ў эміграцыі — гэта дорага.
Пазней я перагледзела сваё стаўленне да працы, хваробы і ўласнага здароўя. Цяпер працягваю працаваць, але ў камфортным графіку, з магчымасцю ўзяць бальнічны, калі ён спатрэбіцца. Падчас першай хваробы ў мяне такой магчымасці ўвогуле не было.
Пытанні запатрабаванасці і амбіцый мяне ўжо даўно не цікавяць. Мне важна, ці тое, што я раблю, цікава, ці дапамагае гэта мне маральна. Калі не — я проста не раблю гэтага.
Я ўжо больш за год не працую ў кадры, знайшла сябе ў новай прафесіі. Мне камфортна, цікава, ёсць імпэт, але цяпер я вельмі беражліва стаўлюся да сябе. Так буду ставіцца і да працы ў бліжэйшы час.
— Раскажыце пра вашу новую працу з вінтажным адзеннем.
— Паводле кантракта я не маю магчымасці вельмі шмат расказваць пра гэтую працу, але магу падзяліцца тым, што дазволена.
Ёсць вялікі холдынг Humana. Гэта не толькі вінтажнае адзенне, але ўвогуле сэканд-хэнд. Я ўжо паўтара года там працую і займаюся апсайклінгам адзення (гэта перапрацоўка старых, непатрэбных або ўжываных рэчаў у новыя вырабы, якія маюць большую каштоўнасць або лепшую якасць, — РС).

Ёсць такая калекцыя — Grunge. Гэта рокерскае, моладзевае адзенне. Калі гаворка пра сэканд-хэнд і вінтаж, трапляюцца вельмі крутыя рэчы, але часам з дэфектамі. Або рэчы самі па сабе не настолькі цікавыя і яркія. Мая праца — даць ім другое жыццё.
Я займаюся лапікавым шыццём — шыю на машынцы і рукамі, фарбую рэчы, выпраўляю нейкія дэфекты. Напрыклад, калі рэч добрая, але на ёй ёсць пляма, можна прыдумаць, як гэта абыграць.
Тут трэба вельмі шмат фантазіі, і мне гэта надзвычай падабаецца. Іншыя супрацоўнікі адбіраюць адзенне, якое можа падысці да калекцыі, кіраўнік глядзіць, ці гэтыя рэчы адпавядаюць задумцы, а потым я з імі працую, каб атрымалася нешта цікавае.
Мяне вельмі радуе, што гэтая калекцыя прадаецца ў некалькіх еўрапейскіх краінах. Апошнюю партыю ў Бельгіі, як мне казалі, распрадалі ўсяго за дзве гадзіны. Гэта значыць, тое, што я раблю, запатрабавана. І мяне гэта вельмі радуе..
«Мне важна як мага даўжэй быць з блізкімі»
— Анкалагічны дыягназ прымушае многіх людзей пераасэнсоўваць, што важна, а што не. Якія цяпер вашы прыярытэты?

— Для мяне ўжо даўно галоўныя мае блізкія — муж і дзеці. Гэта самае галоўнае, што я маю, тое, што люблю і кахаю. Цяпер для мяне важна зрабіць усё магчымае, каб быць з імі як мага даўжэй. І пажадана ў максімальна нармальным стане, каб клапаціцца пра іх, праводзіць разам час.
Хочацца таксама падрыхтаваць нейкі падмурак для дзяцей. Нават у самым лепшым выпадку яны яшчэ будуць недастаткова дарослымі. Таму галоўнае — зрабіць нешта, каб ім было добра. Я бачу ў гэтым сэнс свайго далейшага жыцця.
— Ці закранаюць вас цяпер спрэчкі і канфлікты ў сацсетках?

— Я, вядома, сачу за гэтым, але не бачу сэнсу ўсё гэта каментаваць. У кожнага свой погляд на сітуацыю. Я стаю на тым, што Беларусь павінна быць вольнай, палітвязні павінны выйсці на волю, рэжым Лукашэнкі павінен сысці, а новая Беларусь будзе цудоўнай краінай. Беларусы, якія з'ехалі, калі яны гэтага хочуць, павінны мець магчымасць вярнуцца на радзіму.
Вось на гэтым я стаю. А шлях, якім мы ўсе да гэтага прыйдзем, мне здаецца, будзе нараджацца ў працэсе. Гэта мы цяпер і бачым.
Я лічу, што ўсё, што магла зрабіць са свайго боку для новай Беларусі, на гэты момант зрабіла. Што яшчэ змагу, буду рабіць: данаты, інфармацыйная падтрымка.
«Рэцыдыў адбываецца не ва ўсіх»
— Што б вы параілі людзям, якія атрымалі анкалагічны дыягназ, а таксама тым, хто баіцца захварэць на рак?
— Тым, хто хварэе, я хачу пажадаць хуткай і доўгай рэмісіі. Можна жадаць моцы, але гэта такое пажаданне… Я жадаю, каб побач былі людзі, якія падтрымліваюць, і каб быў рэсурс — у кожнага ён розны. Каб хапіла рэсурсу прайсці праз усё гэта і прыйсці да хуткай і доўгай рэмісіі.

І яшчэ вельмі важна памятаць: рэцыдыў, як у маёй сітуацыі, здараецца не ва ўсіх. Гэта зусім не азначае, што абавязкова адбудзецца і з вамі. Напрыклад, у маёй сям'і я шостая жанчына з ракам. І ў дзвюх маіх сваячак рэцыдыву няма ўжо 30 гадоў.
Таму памятайце, што ўсё індывідуальна. Важна рабіць тое, што можаш, і не апускаць рукі. Жыццё, колькі б яго ні было, цудоўнае.
Каментары